Спявае скрыпка

  Алегу Яўгенавічу нядаўна споўнілася пяцьдзясят. Нарадзіўся ў горадзе Сяроў, на Свярдлоўшчыне. Бацькі (яны, дарэчы, былі на вечары) ўсё сваё працоўнае жыццё шчыравалі на заводах. Яўген Іванавіч — на металургічным, каля трыццаці гадоў, Тамара Філімонаўна — на механічным, куды прыйшла шаснаццацігадовай дзяўчынкай. Чалавек добры, адкрыты, светлы, маці ўмела стварыць настрой у любой кампаніі, стаць яе душою. Грала на балалайцы, спявала, праводзіла вечары адпачыну. Натуральна, у Дыманаў часта бывалі госці, гучала музыка, смех.

Яна і на творчым вечары сына вітала задушэўнай песняй.

  Тата прывёў Алега ў музычную школу. Хлопчык пачаў асвойваць скрыпку, а пасля ў музычным вучылішчы прадоўжыў.

 Цяпер па класе скрыпкі вучыцца яго пляменнік Давід. Вось і на творчым вечары Алег з пляменнікам з’імправізавалі скрыпічны дуэт.

  У Беларусі, на Полаччыне, жылі дзядуля Іван і бабуля Марыя. Тут Алег ледзьве не кожны год праводзіў школьныя канікулы. Бабуля цудоўна спявала, дзядуля быў вернікам, спяваў псалмы, вучыўся ў духоўнай семінарыі. Аднойчы адзінаццацігадовы хлопчык запісаў іх галасы на свой  магнітафон-бабіннік. І прысутныя на вечары паймелі магчымасць паслухаць гэтыя галасы з мінулага. Запісу — каля сарака гадоў.

  У Беларусі Дыман жыве гадоў трыццаць. Тут ён закончыў універсітэт культуры, дзе арганізаваў свой вакальна-інструментальны ансамбль. А потым была армія — і таксама ансамбль. Яго армейскія паплечнікі зараз спяваюць у знакамітым хоры Турэцкага, у ансамблі “Чысты голас”.

  Больш як дзесяць гадоў таму назад Алег прыехаў у Лепель, дзе ўжо жыў яго брат Жэня.

  Яўгеній Дыман таксама музыкант і спявак. Ён з жонкаю Раісай прыйшлі на вечар сказаць добрыя словы, падтрымаць Алега. Прыехалі сюды і сваякі з Полацка — усяго сем чалавек.

  Каля пяці гадоў Алег Яўгенавіч працуе музычным кіраўніком у Лепельскім дзярж­прафліцэі, з’яўляецца аўтарам гімна ліцэя і кіраўніком музычнай групы “Натхненне”, якая з задавальненнем павіншавала Дымана на яго творчым вечары, зрабіўшы музычны падарунак.

  Віншавалі маэстра і іншыя. Чытала вершы паэтэса  Соф’я Несцярук, віталі “Грымзолі” ў асобе Людмілы Шыпулі і Аляксандра Астроўскага. Зычлівыя словы, музычныя падарункі дарылі кампазітару і іншыя прыхільнікі яго творчасці. У зале панавала вялікая сіла — музыка, здатная ўпрыгожыць гэты свет, зрабіць яго святлейшым і дабрэйшым.

  Уладзімір Міхно.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.