Стаўчаская трагедыя

На адлегласці ўсяго за чатыры кіламетры на захад ад вёскі Аношкі ў перадваенны час знаходзілася невялікая вёска Стайчаўка, якая адносілася тады да Замошскага сельсавета Лепельскага раёна. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў ёй налічвалася ўсяго 9 двароў, 30 жыхароў. На жаль, 9 мая 1943 года нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі гэты населены пункт, а 26 мірных жыхароў забілі. Гэта вёска пасля вайны не была адноўлена, яна прадстаўлена на мемарыяльным комплексе Хатынь.

У 60-ыя гады дваццатага стагоддзя ў сувязі з будаўніцтвам Лукомльскай электрастанцыі суседнія з Аношкамі вёскі Замошша, Адамаўка і Чорная Лаза

былі перададзены ў адміністрацыйнае падпарадкаванне з Лепельскага ў Чашніцкі раён. Да Чашніччыны сталі пасля гэтага адносіцца і землі, на якіх раней размяшчалася былая вёска Стайчаўка. Таму падрабязныя звесткі аб гэтым населеным пункце змешчаны ў кнізе “Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Чашніцкага раёна”, выдадзенай у Мінску ў 1997 годзе.

 — Гэтая страшная трагедыя адбылася самай раніцай, калі не сышоў яшчэ прыцемак. Было ціха, бязветрана, і наваколле толькі раз-пораз абуджалі птушыныя спевы, звонкія салаўіныя трэлі, — успамінаў былы сувязны партызанскай брыгады імя Сталіна, жыхар вёскі Аношкі Мікалай Гарбачоў. — Аднак раптам з боку вёскі Стайчаўка данесліся глухія, адзіночныя, хутчэй за ўсё пісталетныя, стрэлы. Потым распачалася гучная, частая страляніна. Праз пэўны час зноў усталявалася зацятая цішыня. Затое ўдалечыні ў заходнім накірунку ад Аношак, якраз насуперак Стайчаўкі, у небе над высокім сасновым борам, які ўсцяж раскінуўся за возерам Оч, з’явіліся вялікія клубы чорнага дыму. Стала зразумела, што ў Стайчаўцы адбылася бяда.

 Я ўсё чуў і бачыў толькі таму, што ў гэты час дапамагаў бацьку спраўляцца па гаспадарцы. Аднёс вядро вады і ахапак сена карове, даў есці малому парасяці, выконваў іншыя работы.

 Падрабязнасці трагедыі сталі вядомы толькі ўдзень. Дасведчаныя мясцовыя жыхары расказалі, што напярэдадні адзін з афіцэраў нямецкага гарнізона, які быў раскватараваны ў суседняй вёсцы Замошша, атрымаў сумную вестку аб гібелі на фронце свайго роднага брата. З вялікага асабістага гора вечарам ён напіўся гарэлкі, а пад раніцу, калі крыху ачуняў пасля кароткага, трывожнага начнога сну, прадоўжыў спажываць спіртныя напоі. Аднак гэтага гітлераўцу здалося мала. Ён даручыў аднаму са сваіх падначаленых — малодшаму па званні камандзіру — завесці матор матацыкла з каляскай; сам таксама сеў у гэты транспартны сродак і загадаў адвесці яго ў лясную, аддаленую вёску Валатоўкі. Аднак калі гэтыя двое немцаў пад’ехалі да ракі Эса, яны ўбачылі, што не змогуць патрапіць у дадзены населены пункт, паколькі партызаны знішчылі мост праз водную артэрыю. Тады яны накіраваліся ў Стайчаўку.

 На ўскраіне населенага пункта фашысты пакінулі матацыкл з каляскай і пешшу рушылі да бліжэйшых хат. Большасць вяскоўцаў яшчэ салодка спалі, адпачывалі ад папярэдняга працоўнага дня. Гітлераўцы па чарзе заходзілі ў жылыя памяшканні і расстрэльвалі мужчын і жанчын, старых і дзяцей. Пакуль мірныя людзі спрасонку разабраліся што да чаго — большасць жыхароў вёскі была ўжо знішчана. Тых жа вяскоўцаў, хто ўсё ж паспрабаваў збегчы праз агароды ў лес, фашысты расстралялі з аўтаматаў. Пасля гэтага амаль усе хаты населенага пункта немцы падпалілі. Выратаваліся ўсяго некалькі жыхароў Стайчаўкі, якія паспелі схавацца, затаіліся ад гітлераўцаў у гаспадарчых пабудовах. Жывы застаўся і яшчэ адзін іх аднавясковец, які выпадкова заначаваў у знаёмых у Замошшы, паколькі позна ўвечары не рашыўся вяртацца дадому, ісці праз глухі лес у Стайчаўку, як кажуць у такіх выпадках, на ноч гле­дзячы…

 М. АЗЁРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.