Ступені росту

Эканамічнае і сацыяльнае развіццё рэгіёна цесна знітавана. Невыпадкова эканоміку вылучыў на першае месца. Наколькі эфектыўна функцыянуе народнагаспадарчы комплекс, настолькі больш заможна жывём. І ў працяг сказанага яшчэ адна агульнавядомая выснова: хочам лепей жыць — трэба лепш працаваць. Ісціна неабвержная. А якім чынам пацвярджаецца выслоўе ў нашых практычных стасунках? Найбольш яскрава і пераканаўча характарызуюць сітуацыю статыстычныя выкладкі. А лічбы — упартая рэч. З імі не паспрачаешся. Дык вось, па выніках працы ў сту­дзені — маі 2013 года забяспечана станоўчая дынаміка па ўсіх паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця Лепельшчыны.

Рэалі­завана сем паказчыкаў з 17 асноўных параметраў, устаноўленых распараджэннем старшыні Віцебскага аблвыканкама №449-р «Аб паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2013 год». Па выніках першага паўгоддзя выкананне дадзеных паказчыкаў складваецца ў межах устаноўленых заданняў.

 За студзень — май прырост выпуску прамысловай прадукцыі па індэксе фізічнага аб’ёму атрыманы ў памеры 10,8 працэнта, вытворчасці прадукцыі ў сельгасарганізацыях — 0,8 працэнта. Удзельная вага выдаткаў на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў у агульным аб’ёме інвестыцый склала 38,4 працэнта, адгружанай інавацыйнай прадукцыі — 20,7 працэнта. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг) ў разліку на аднаго работніка за пяць месяцаў склала 13.800 долараў ЗША ў эквіваленце, рэнтабельнасць продажаў у прамысловасці і арганізацыях сельскай гаспадаркі — адпаведна 10 і 2,6 працэнта. Сярэдняя заработная плата за май — 4193,9 тыс. рублёў.

 Асаблівая ўвага ў краіне звернута на будаўнічы комплекс. На нарадах пры Прэзідэнце ў адрас будаўнічых фірмаў выказана нямала абгрунтаваных прэтэнзій. Парушаюцца забудоўшчыкамі тэрміны ўзвядзення жылых дамоў, расце кошт квадратнага метра жылля, якасныя параметры таксама выклікаюць нараканні ў навасёлаў. Створана і дзейнічае на рэспубліканскім узроўні спецыяльная камісія на чале з Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта. Думаецца, парадак у галіне будзе наведзены. Хаця праблем назапасілася зашмат. Назіраецца адток кадраў з рэгіёнаў у Ра­сійскую Федэрацыю, буйныя гарады краіны. Прываблівае кваліфікаваных спецыялістаў, зразумела, больш высокі заробак. Значыць, і тут шырокае поле дзейнасці для гаспадарнікаў. Майстры сваёй справы павінны мець і больш высокую зарплату. Дыферэнцыраваны падыход у гэтай далікатнай сферы трэба рэалізаваць абавязкова, інакш зрушыцца “з мёртвай кропкі” нерэальна.

  Наколькі эфектыўна функцыянуе будаўнічы комплекс на тэрыторыі нашага рэгіёна? Можна сказаць шчыра, жывём мы не ў беспаветранай прасторы, агульныя рысы адмоўных тэндэнцый не маглі абмінуць і Лепельшчыну. Пры ўсім тым будаўніцтва жылля не замаруджваецца. Новы мікрараён насупраць Плінтоўкі набывае рэальные абрысы. Рыштаванні радуюць вока. Кожны месяц прыкметна прырастае паверхамі стокватэрнік па вуліцы Чуйкова. Забіваюцца палі пад другі стокватэрны дом (Школьная,13). На чарзе — новыя жылыя дамы. У недалёкай перспектыве будуць рэалізаваны новыя, вобразна кажучы, падарункі для навасёлаў. У наступным годзе намечана праектаванне яшчэ аднаго стокватэрніка. Надыдзе чарга і для ўзвядзення двух васьмідзесяці і двух саракакватэрных дамоў. Увогуле за пяць месяцаў уведзена 4522 квадратныя метры агульнай плошчы жылых дамоў.

 Спакваля абрастае горад і сельскія населеныя пункты так званай сацыяльнай інфраструктурай. Пра аграгарадкі ўжо не кажу. Паведамлялі пра сацыяльныя гарызонты вёскі неаднаразова. На жаль, з-за адсутнасці сродкаў у горадзе пакуль не ўдалося ажыццявіць задуму пабудаваць лядовую арэну. Крызіс перакрэсліў многія планы. Затое ў наступным годзе насупраць будынка раённага аддзела ўнутраных спраў вырастуць рыштаванні будучага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра з басейнам. Даўняя мара лепяльчан стане нарэшце светлай явай.

 На памяці нараканні жыхароў мікрараёна шматпавярховай забудовы на  адсутнасць гандлёвых прадпрыемстваў. Да іх прапаноў улады прыслухаліся і зрабілі канкрэтныя крокі насустрач. Толькі сёлета здадзены ў эксплуатацыю там два сучасныя магазіны  з шырокім асартыментам тавараў ”Ганна” і “Родны кут”. Побач і зручна. Па месцы пражывання можна зрабіць неабходныя пакупкі.

   Рэгіянальны валавы прадукт куецца на Лепельшчыне менавіта ў прамысловым сектары эканомікі. Узнёсак аграрнага нязначны. Значыць, і адлічэнні ў бюджэт пераважаюць. Дарэчы, прамысловым комплексам раёна выпушчана прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах з улікам давальніцкай сыравіны за студзень — чэрвень 2013 года ў фактычных цэнах на 706.300.000.000  рублёў. Тэмп росту вытворчасці да адпаведнага леташняга перыяду склаў 131,3 працэнта. Тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі па індэксе фізічнага аб’ёму за паўгоддзе склаў 110,3 працэнта пры заданні 120 працэнтаў.

 З 12 устаноўленых пазіцый тавараў-прадстаўнікоў заданне па аб’ёмах вытворчасці выконваецца толькі па чатырох. Менш узроўню папярэдняга года выпушчана масла сметанковага, сыроў цвёрдых і парашковых, блакітных і іншых,  плаўленых сыроў і г.д.

 Асобна закранём складскія запасы. Захады па змяншэнні запасаў прадукцыі прымаюцца, аднак маркетынгавыя службы прадпрыемстваў у дадзеным выпадку яўна недапрацоўваюць. Пераважна арыентуюцца на асвоеныя і апрабіраваныя рынкі збыту. Новыя шукаюцца марудна. Недаравальна марудна. Такія вынікі могуць потым дорага каштаваць, бо ніша будзе занята іншымі вытворцамі. Між тым марная работа на склад — шлях у нікуды. Мёртвыя запасы толькі тармозяць, выбіваюць з наезджанай каляіны вытворчы арганізм. Выдаткі панесены, а вынік застаецца на нулявой адзнацы. У цэлым па прамысловасці запасы гатовай прадукцыі на першага ліпеня склалі 26,5 млрд рублёў, або 27,2 працэнта сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці ў фактычных цэнах, у тым ліку  па прадпрыемствах  рэспубліканскага падпарадкавання — 6,6 млрд, арганізацыях, падпарадкаваных мясцовым органам улады, — 18,8 млрд, без ведамаснага падпарадкавання — 1,2  млрд рублёў.

 Па-ранейшаму высокі ўзровень запасаў застаецца на ААТ «Лепельскі рамонтна-механічны завод» — 3,3 млрд рублёў.

 У папярэднім абзацы закранаў ужо кадравае пытанне. Для прамысловасці яно не меней актуальнае. Дастаткова пагартаць старонкі “Лепельскага краю”, каб увачавідкі пераканацца ў справядлівасці сказанага. Патрабуюцца работнікі многіх спецыяльнасцей… Электрыкі, газаэлектразваршчыкі, токары, кіроўцы, механізатары, станочнікі… Нейкая дзіўная сітуацыя. Калі раней больш гаварылі на ўсіх узроўнях пра беспрацоўе, то зараз колькасць вакансій перавышае колькасць саіскальнікаў. Чаму ўзнікла такая трывожная тэндэнцыя? Разважаць доўга не прыходзіцца. Больш-менш удумлівы аналіз нязменна засведчвае наяўнасць простага нежадання ў многіх нашых землякоў працаваць. Не хочуць —  і усё тут. Не думаюць, якую ж пенсію ў сталым узросце атрымаюць. Мізэрную. Маўляў, калі тое бу­дзе, а пакуль пажыць для сябе варта. Між тым хтосьці павінен працаваць за сябе і “за таго гультаяватага хлопца”, каб не толькі сабе на жыццё зарабіць, але і на пенсію састарэлым грамадзянам.

 Ну, добра, у сезон “беспрацоўныя” збіраюць і здаюць дарункі лясоў, на гэтыя дары наш край багаты. А што ў міжсезонне? За лік чаго жывуць?

 Сацыяльнае ўтрыманства становіцца распаўсюджаным у грамадстве. У сельскіх населеных пунктах таксама. Здаровыя дзецюкі не абцяжарваюць сябе клопатамі аб хлебе надзённым. Назіраў, і не аднойчы, такі кантрасны малюнак, калі мажны сынок, кроў з малаком, без мук сумлення “эксплуатуе” бацькоўскую пенсію. І сацыяльны ланцужок уецца далей, плаўна пераходзіць у іншыя, нярэдка крымінальныя плоскасці…

 Сумесныя дзеянні органаў выканаўчай улады, суб’ектаў гаспадарання ўсіх формаў уласнасці дазваляюць захоў­ваць стабільнасць на рынку працы рэгіёна. За паўгоддзе ў службу занятасці звярнуліся па розных пытаннях 507 грамадзян, у тым ліку жадалі працаўладкавацца — 412. Статус беспрацоўнага нададзены 295 чалавекам. Тром беспрацоўным выдзелена фінансавая дапамога ў выгля­дзе субсідый для адкрыцця прадпрымальніцкай дзейнасці на агульную суму 31 мільён рублёў.

 І далей. Да часовай занятасці ў выглядзе аплатных работ прыцягнуты 163 грамадзяніна, у тым ліку 72 беспрацоўныя. Імі адпрацавана 2665 чалавека-дзён, у сельскай мясцовасці — 2665. Пры фінансавай падтрымцы службы занятасці да працоўнай дзейнасці ў вольны ад вучобы час прыцягнуты 50 навучэнцаў.

 155 беспрацоўным аказана са­цыяльная падтрымка ў перыяд актыўнага пошуку працы ў выглядзе выплаты дапамогі па беспрацоўі.

 З мэтай больш поўнага задавальнення патрэбаў наймальнікаў у кадрах масавых прафесій на навучанне накіравана 17 лепяльчан.

 Службай занятасці працаўладкавана па праграме «Маладзёжная практыка» адзін беспрацоўны. Пры гэтым на фінансаванне гэтай праграмы прадугледжваецца на год 342000000 рублёў, выкарыстана за 6 месяцаў больш за сорак мільёнаў. Да канца года сродкі будуць выкарыстаны паводле  заключаных дамоў. Юнакі і дзяўчаты неахвотна адгукаюцца на прапанову навучання запатрабаваным народнай гаспадаркай прафесіям. Дзіўная пазіцыя. Дзяржава працягвае руку дапамогі, а сустрэчнага руху няма.  Між тым са сталай прафесіяй можна смела глядзець у заўтрашні дзень. Без кавалка хлеба не застанешся. Вакансій, мы ўжо казалі, шмат, шкада, што жадаючых мала. Частку прычын называлі. У цяперашні момант служба адчувае цяжкасці з падборам моладзі для навучання па розных прафесіях.

   Уражваюць і такія лічбы. Для рэалізацыі раённых мерапрыемстваў па забеспячэнні занятасці насельніцтва раёна затрачана 347,1 млн рублёў. Суб’ектамі гаспадарання ўсіх формаў уласнасці ў раёне створана 93 рабочыя месцы.

 Дарэчы, узровень фіксаванага беспрацоўя на Лепельшчыне склаў 1,1 працэнта, што ніжэй за вызначанае абласным выканаўчым камітэтам заданне — 1,4. Колькасць беспрацоўных на адну вакансію складае 0,76, у тым ліку па г. Лепелі — 0,58. Колькасць занятага насельніцтва  — 14407 чалавек пры заданні 15480. Службай занятасці раёна працаўладкавана за справа­здачны перыяд 252 грамадзяніна, у тым ліку 165 чалавек маюць статус беспрацоўнага.

  Кадры вырашаюць усё. Ад кваліфікацыі кадравага патэнцыялу напрамую залежыць і мадэрнізацыя вытворчасці. За шэсць месяцаў у мадэрнізацыю інвеставана 110 млрд рублёў пры заданні 369 млрд.

 Мерапрыемствы па тэхнічным пераўзбраенні актыўна рэалізуюцца. Прадпрыемствамі асвоена 27 млрд рублёў або 48 працэнтаў ад запланаванага аб’ёму.

 Праілюструем статыстычныя выкладкі канкрэтнымі прыкладамі. РДУП «Лепельскі электрамеханічны завод» праведзена мадэрнізацыя станка з лічбавым праграмным кіраваннем. ААТ «Лепельскі рамонтна-механічны завод» набыты аўтамабіль МАЗ-5440, аргтэхніка і ўласнымі сіламі выраблены і ўстаноўлены станок для апрацоўкі дэталяў. Філіялам «Лепельскі хлебазавод» РУВП «Віцебскхлебпрам» набыта машына для перавозкі хлебабулачных вырабаў з ізатэрмічным фургонам.

 ААТ «Лепельскі малочнакансервавы камбінат» асвоена на мадэрнізацыю вытворчасці 19,7 млрд рублёў, з іх 14,2 млрд па праекце «Мадэрнізацыя кацельні з устаноўкай кагенерацыйнай магутнасцю 1,0 МВт», 5,5 млрд рублёў — на укараненне двух халадзільных фрэонавых агрэгатаў ледзяной вады.

 І на гэтым кропка не ставіцца. Філіялам «Лепельскі» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт» удасканальваецца элеватар — набыта абсталяванне, выкананы будаўніча-мантажныя работы.

 Прадпрыемствамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі на мадэрнізацыю асвоена 1,5 млрд рублёў. Што ўжо зроблена? Заменены сеткавыя помпы, састарэлыя цеплаабменнікі, участкі цеплатрас, устаноўлены  катлы, газавае абсталяванне і інш.

 Удасканальваюцца вытворчыя працэсы ў сельскагаспадарчым сектары. Працягваецца ўзвя­дзенне чатырох робатызаваных фермаў (ААТ «Лядна», СПФ «Заазер’е» ААТ «Лепельскі малочнакансервавы камбінат», КУВСГП «Лепельскае» і «Баброва», рэканструююцца тры малочнатаварныя фермы ў ААТ «Ладасна» і «Чарэйшчына», СВП «Пражэктар» РУВП «Віцебскхлебпрам», будуецца другая чарга пускавога комплексу МТФ «Цаліна» ААТ «Лепельаграсэрвіс».

 Сельскагаспадарчымі арганізацыямі на мадэрнізацыю інвеставана 69,3 млрд рублёў.

 Будаўнічымі арганізацыямі асвоена 1,8 млрд рублёў. ДКУБП «Лепельская ПМК-75» набыты аўтамабіль МАЗ з прычэпам і “кандуктар” для мантажу жалезабетонных панэляў, абсталяванне на растворабетонны вузел. ЛКУПМС «Лепельская ПМС» куплены экскаватар.

 Уласнікам прадпрыемства ТАА «Валдзіс» завезена швейная абсталяванне на суму больш за адзін млрд рублёў, якое пасля яго ўстаноўкі і ацэнкі будзе ўнесена ў статутны фонд ААТ «Лепельпрам­швеймэбля».

 Ступені росту… Няпроста даюцца яны. Часам дужа коўзкія ў сацыяльным і эканамічным кантэксце, вымушаюць мяняць тактыку на маршы. Стратэгія таксама карэкціруецца. Праўда, рабіцца ўсё павінна своечасова. Інакш выдаткаў не пазбегнуць. Маральных і матэрыяльных.

 Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.