Ступені росту

Дзевяцікласнікі Каменскай СШ пад кіраўніцтвам настаўніцы Ганны Антонаўны Барадзіной напісалі даследчую працу пра свайго слыннага земляка вучонага-рацыяналізатара Леаніда Сцепука.
Аграгарадок Камень (да Вялікай Айчыннай вайны мястэчка Камень) стаў калыскай для многіх заслужаных людзей краіны: рэпрэсаваны паэт Тодар Кляшторны, літаратурны крытык Міхась Модэль, паэт Анатоль Вярцінскі, прафесар БНТУ Эдуард Бацяноўскі. А вось пра сям’ю Якава

Іванавіча і Агаф’і Ульянаўны Сцяпук трэба сказаць асобна. Нарадзілі і выхавалі сямёра дзяцей. Іх старэйшыя сыны Міхаіл і Іван узначальвалі інжынерныя службы гаспадарак “Калгасная праўда” і “Чырвоны сцяг”, Генадзь усё жыццё працаваў механізатарам у роднай гаспадарцы, Віктар быў загадчыкам майстэрняў і гаража, дачкаТамара стала заслужанай настаўніцай БССР, самы малодшы Анатоль звязаў свой лёс з арміяй, атрымаў званне генерал-маёра, узначальваў чыгуначныя войскі Беларусі.

Шостым сынам у вялікай сям’і быў Леанід. Тэхніка завалодала яго душой з дзяцінства, стала ружовай марай юнацтва, бо гэтым жылі яго старэйшыя браты, пра яе вяліся размовы і дыскусіі і на працы, і ў вольны час. Нарадзіўся хлапчук у трывожны перадваенны час 18 лютага 1941 года.
Бацькі — сапраўдныя гаспадары, для якіх зямля — першакрыніца і аснова жыцця, якой яны пакланяліся і кланяліся. Працавалі ад першых пеўняў да першай зоркі: трэба было падымаць на ногі дзяцей. На зямлі шчыравалі ўсе. Любіў яе і Леанід, але яго больш вабіла тэхніка, бы магнітам, цягнула ў машынна-трактарны парк гаспадаркі, дзе ў той час ужо працаваў старэйшы брат. У 1955 годзе Леанід на выдатна здае экзамен на кіраванне трактарам ДТ-54 у Губінскай МТС і атрымлівае правы трактарыста трэцяй катэгорыі. А было падлетку толькі 14 гадоў! Разам з атэстатам сталасці атрымаў падлетак і правы шафера, за якімі прыйшлося ехаць у Віцебск. За малодшага сына і брата радавалася ўся сям’я.
Без ваганняў выбірае хлопец шафёрскую справу ў родным калгасе. Атрымаў ГАЗ-51. Машына ніколі не прастойвала праз непаладкі: кіроўца ўсё выпраўляў імгненна. І трэба зазначыць, што да вялікіх непаладкаў не дапускаў — кожны дзень корпаўся ў вузлах і дэталях машыны, праводзіў дыягностыку. Чатыры гады праляцелі імгненна. Куды толькі не даводзілася трапляць маладому шафёру! Колькі грузаў было перавезена за гэты час!
Летам 1960 года старэйшая сястра-настаўніца, якая жыла і працавала ў Мінску, прыехала да бацькоў на адпачынак, стала настойліва раіць брату паступаць вучыцца. І хацелася Леаніду ў інстытут, і было страшнавата, што не вытрымае экзамены (4 гады прайшло пасля школы), ды і немаладых ужо бацькоў не хацелася пакідаць. А больш за ўсё не да сэрца было мяняць такі родны і знаёмы з дзяцінства ўклад жыцця хлебароба. Але прага да ведаў адолела. “Вывучышся — і праз пяць гадоў вернешся дадому, захочаш — будзеш шафёрам, а можа, і ў інжынерах спадабаецца хадзіць”, — падахвочвала сястра.
Вучоба ў Беларускім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі стала незабыўнай і паваротнай у жыцці. Студэнт Сцяпук да паступлення прайшоў добрую практыку. Настойлівы, упарты ў авалоданні ведаў, з асабістымі думкамі і крытычным мысленнем, ён адразу ж звярнуў на сябе ўвагу выкладчыкаў і студэнтаў. Менавіта Леаніду і яго аднакурсніку Ю. Тамкунасу было даручана выпрабоўваць першы ў рэспубліцы камбайн са здрабняльнікам саломы.
На чацвёртым курсе практыку праходзіў на цаліне. Працаваў майстрам-наладчыкам. Як гаварыў сам Леанід Якаўлевіч у артыкуле “Хто спяшаецца, той не паспявае”, змешчаным у часопісе “Сельскі інжынер”: “…пяць месяцаў там далі выдатныя ўрокі арганізатарскай работы, дазволілі разабрацца ў асаблівасцях эксплуатацыі машынна-трактарнага парка. Калі я як галоўны інжынер трапіў у Калінінградскую вобласць, з першага дня ведаў, што рабіць. У гэты ж год удалося палепшыць усе паказчыкі на ўчастку сваёй работы…”
А ў 1967 годзе прыйшоў на працу ў Цэнтральны навукова-даследчы інстытут механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Нечарназёмнай зоны СССР, на пасаду старшага інжынера-канструктара, малодшага навуковага супрацоўніка. У 1971 годзе за плячыма ўжо былі аспірантура і абарона кандыдацкай дысертацыі. Але сялянская жылка, грунтоўнае веданне жыцця калгасаў штурхалі да вынаходніцтва.
За распрацоўку разгрузчыка камбікармоў з крытых чыгуначных вагонаў у 1973 годзе Леанід Якаўлевіч Сцяпук вылучаўся на атрыманне прэміі Ленінскага камсамола Беларусі. Здавалася б, ёсць усё — практыка, вопыт, заслужанае званне. Што яшчэ трэба?! Але ён раптам пакідае прэстыжную працу і … просіцца дырэктарам саўгаса ў Калінінградскую вобласць. Напружаная праца прыносіла задавальненне. У гаспадарцы правяраў на практыцы тэарэтычныя разлікі, займаўся аптымізацыяй сельскагаспадарчай вытворчасці. Са стратнай з цягам часу гаспадарка стала рэнтабельнай — шырока прымяняліся вядомы перадавы вопыт і ўласныя тэхнічныя знаходкі. З неахвотаю адпускала сельскае насельніцтва свайго дырэктара на радзіму, у Беларусь.
А ў галаве маладога вучонага было цесна ад ідэй, задумак. І зноў праца ў НДІ. Новая тэхніка, што распрацоўвалася пры непасрэдным удзеле Леаніда Якаўлевіча, вызначалася высокім тэхнічным узроўнем і абаранялася патэнтамі і аўтарскімі пасведчаннямі. У 1979 годзе вучоны стаў уладальнікам нагруднага знака “Вынаходнік СССР”. Быў адзначаны шэрагам узнагарод і заахвочванняў: прэмія па выніках Усесаюзнага конкурсу на лепшую прапанову па механізацыі пагрузачна-разгрузачных работ у сельскай гаспадарцы ў 1980 годзе, прэмія за распрацоўку і ўкараненне разгрузчыка камбікармоў з крытых чыгуначных вагонаў. Мінскі аблвыканкам узнагародзіў яго адзіным агульнасаюзным знакам “Ударнік дзясятай пяцігодкі” ў 1981 годзе. За паспяховую работу па выкананні заданняў першага года ХI пяцігодкі і ў сувязі з Міжнародным святам 1 Мая аб’яўлена падзяка ў 1981 годзе. Тады ж за лепшую прапанову па стварэнні тэхнічных сродкаў для механізацыі прыгатавання кармавых сумесяў на фермах буйной рагатай жывёлы яму прысуджана другая грашовая прэмія з уручэннем Ганаровай граматы.
У 1983 годзе Леанід Сцяпук зацверджаны на пасаду намесніка дырэктара інстытута па навуковай працы. З моманту ўтварэння ў 1985 годзе Навукова-практычнага аб’яднання “Белсельгасмеханізацыя” працаваў на ім пятнаццаць гадоў намеснікам генеральнага дырэктара па навуковай працы, адначасова кіруючы лабараторыяй, якую ўзначальвае да цяперашняга часу. За гэты час праца вучонага таксама адзначана шэрагам узнагарод: медалём “Ветэран працы”, Ганаровай граматай Дзяржаграпрама БССР, Ганаровай граматай навукова-даследчага інстытута.
У 1991 годзе Леанід Якаўлевіч Сцяпук абараніў доктарскую дысертацыю па спецыяльнасці “Тэхналогія і сродкі механізацыі сельскай гаспадаркі па тэхнічных навуках”.
У 2010 годзе ўзнагароджаны нагрудным знакам у гонар 80-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Пры непасрэдным удзеле і пад кіраўніцтвам Леаніда Якаўлевіча распрацаваны комплексы машын, абсталявання і прыбораў для механізацыі корманарыхтоўкі, прымянення ўгнаенняў, хімічных сродкаў абароны раслін. Каля 30 распрацовак прайшлі дзяржаўныя прыёмачныя іспыты і рэкамендаваны да серыйнага выпуску і выпуску вопытнымі партыямі. Значная іх колькасць асвоена вытворчасцю. Трэба адзначыць, што ў часы СССР у рэспубліцы выпускалася толькі нешматлікая тэхніка для механізацыі ўнясення арганічных угнаенняў, а пасля набыцця рэспублікай незалежнасці менавіта пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле Леаніда Якаўлевіча былі распрацаваны і ўкаранёны ў вытворчасць комплекс машын і абсталявання для ўнясення цвёрдых і вадкіх мінеральных угнаенняў, пестыцыдаў, пылепадобных хіммеліярантаў і іншая тэхніка для хімізацыі.
Прафесар Сцяпук актыўна перадае свае веды студэнтам. З 1995 года па сумяшчальніцтве працуе на кафедры механізацыі і вытворчага навучання Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Пад час сустрэчы са студэнтамі сваёй альма-матэр Леанід Якаўлевіч зазначаў: “…не спяшайцеся адразу пасля школы ісці ў ВНУ. Вельмі важна 2 — 3 гады папрацаваць, памацаць усё сваімі рукамі, атрымаць рабочую спецыяльнасць, а заадно праверыць і сур’ёзнасць выбару… Навучыць быць кіраўніком немагчыма. Ім становяцца толькі дзякуючы самому сабе…” Як проста і глыбока сказана. Гэта словы вучонага не з асфальту, а з народных глыбінь, якому баліць сэрца за зямлю, селяніна. Ён прыйшоў у навуку, каб механізаваць цяжкую працу, якую з веку ў век выконвалі сяляне, каб клапаціцца пра маці-зямлю нашу, зрабіць яе прыгажэйшай, лепшай і багацейшай.
Пад кіраўніцтвам Леаніда Якаўлевіча падрыхтаваны і абаронены 8 кандыдацкіх дысертацый. Вучоны з’яўляецца аўтарам і сааўтарам больш чым 300 навуковых публікацый, з іх 6 манаграфій, 69 аўтарскіх пасведчанняў і 25 патэнтаў. Вынікі навуковых даследаванняў абмяркоўваліся на шматлікіх міжнародных канферэнцыях і сімпозіумах у Польшчы, Расіі, Украіне, Літве.
Ён з’яўляецца членам спецыялізаваных саветаў па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый пры Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і Рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі”.
В.Г. Самасюк, генеральны дырэктар навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі, характарызуе свайго намесніка як высокакваліфікаванага спецыяліста з выключнымі арганізатарскімі здольнасцямі, дзейнага, ініцыятыўнага, прынцыповага вучонага са шматлікімі ідэямі і творчымі планамі, які з высокай адказнасцю адносіцца да выканання службовых абавязкаў.
У Леаніда Якаўлевіча шмат ідэй і творчых планаў, ён валодае вялікім творчым патэнцыялам. Ён і сёння знаходзіцца ў творчым пошуку. Летась Леанід Якаўлевіч Сцяпук вылучаны Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук па механізацыі сельскай гаспадаркі на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у вобласці навукі і тэхнікі за распрацоўку і ўкараненне айчынных комплексаў машын для эфектыўнага прымянення ўгнаенняў, вапнавых матэрыялаў і пестыцыдаў.
Паехаўшы з вёскі 19-гадовым юнаком, ён застаўся адданым сваёй малой Радзіме, дадому вярнуўся як гаспадар, бо сэрцам гэты чалавек ніколі і не пакідаў Радзіму, жыў яе клопатамі і праблемамі і вырашаў іх на ўзроўні ўсёй краіны.
Едуць па вуліцы магутныя трактары з абсталяваннем і прыборамі, распрацаванымі ў лабараторыі Леаніда Якаўлевіча Сцепука. Едуць, каб зрабіць шчодрай ніву, што калыхала ў дзяцінстве, спелым коласам лашчыла вясковага хлапчука.
Падрыхтаваў Уладзімір МІХНО.
На здымку: Леанід Якаўлевіч Сцяпук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.