Тайна здымка

У адной з хат невялікай вёскі Гаразянкі сяброў краязнаўчага гуртка “Нашчадкі” Слабадской сярэдняй школы гасцінна сустрэла гаспадыня Ніна Паўлаўна Мацкевіч. Прыйшлі з роспытамі пра вайну. Жанчына паказала рамку з фатаграфіямі, што і цяпер вісіць у трысцене бацькоўскай хаты. Звярнулі ўвагу на некалькі старых здымкаў. На адным з іх у цывільным адзенні з гармонікам у руках сваяк Ніны Паўлаўны — Арсеній. Ён загінуў на фінскай вайне. На жаль, жанчына не ўспомніла прозвішча гэтага чалавека.

Параіла запытаць у суседкі, якая з’яўляецца яго блізкай сваячкай.
Суседка Ганна Мікалаеўна пацвердзіла, што Аксянцей, так у вёсцы называлі Арсенія, першы муж маці Пелагеі Фядосаўны. Прозвішча яго Шушкевіч, жыў у Гаразянках. Праўда і тое, што загінуў на “фінскай” вайне. У сям’і нават захоўваўся ліст Арсенія, які ён здолеў нейкім чынам перадаць дахаты праз саслужыўца. Некалі Ганна Мікалаеўна чытала той ліст. Арсеній пісаў, што хутка ісці ў бой, развітваўся са сваімі блізкімі. Магчыма, той бой стаў для яго апошнім. У кнізе “Памяць. Лепельскі раён” у спісе загінуўшых на савецка-фінляндскай вайне 1939 — 1940 гг. ураджэнцаў Лепельшчыны значыцца імя Шушкевіча Арсенія Мінавіча, 1912 года нараджэння, ураджэнца Гаразянак, які прапаў без вестак у лютым 1940 года.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны, збіраючы дакументы на атрыманне дапамогі па прычыне страты кармільца, Пелагея Фядосаўна сустракалася з тым чалавекам, што перадаў ліст. Гэта быў Мікалай Пшонка. Нарадзіўся ён у 1902 годзе ў Гадзіўлі. На той час жыў у Домжарыцах. Разам з Арсеніем быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію ў верасні 1939 года. Мікалай Іванавіч засведчыў, што ў час фінскай кампаніі землякі знаходзіліся ў адным падраздзяленні. Загінуў Арсеній Шушкевіч у студзені 1940 года.
У стосе сямейных фатаграфій Ганна Мікалаеўна знайшла некалькі, якія нас зацікавілі. На адным са здымкаў адлюстраваны чатыры чырвонаармейцы, апранутыя ў шынялі і зімовыя шлемы-будзёнаўкі. Адзін з іх — Арсеній Шушкевіч. Каторы? На гэтае пытанне Ганна не ведае адказу. Зноў вяртаемся да Ніны Паўлаўны, каб параўнаць два здымкі, на адным з якіх, дакладна вядома, Арсеній з гармонікам у цывільным адзенні. Урэшце прыходзім да высновы: Арсеній на групавым здымку сядзіць справа.
Тэма савецка-фінляндскай вайны застаецца па сённяшні дзень малавядомай старонкай Другой сусветнай вайны. Таму любое сведчанне, ці то фотаздымак, ці то пісьмовы дакумент таго перыяду, у руках даследчыкаў становіцца каштоўнай крыніцай інфармацыі.
Валерый Тухта.
На здымку: А. Шушкевіч у першым радзе справа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.