Такі доўгі век

— Выдатна пачаўся гэты год, — дзеліцца ўражаннямі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Васіль Рававы. — Глядзіце самі: у 2010 годзе быў адзін чалавек, які справіў стогадовы юбілей, у 2009 у раёне не было ніводнага, а зараз вось едзем да бабулькі. Праз некалькі дзён бу­дзем святкаваць яшчэ адзін стогадовы юбілей.

Падобнымі рэплікамі абменьваліся ў машыне па дарозе на Губіна, дзе жыве Лідзія Іларыёнаўна Барысевіч.

Жанчыне 11 студзеня споўнілася сто гадоў. Павіншаваць бабулю акрамя Васіля Усцінавіча прыехалі начальнік аддзялення па грама­дзянстве і міграцыі РАУС Васіль Міснік, старшыня Каменскага сельвыканкама Мікалай Сініцын, кіраўнік сялянскай фермерскай гаспадаркі “Паземшчына” Пётр Гамзюк, старшыня раённай арганізацыі савета ветэранаў Павел Ханяк.

Лідзія Іларыёнаўна, надзіва жывая, актыўная жанчына, паві­талася з кожным госцем. Да гэтага шаноўнага веку захавала слых, зрок і светлы розум.

Васіль Міснік уручыў Лідзіі Іларыёнаўне новы пашпарт, які загадзя да знамянальнай даты заказалі і прывезлі з Віцебска. Васіль Рававы далучыўся да віншаванняў, а таксама паведаміў, што з лютага жанчыне з раённага бюджэту будзе налічвацца штомесячная даплата да пенсіі ў памеры пяці базавых велічынь — 175 тысяч рублёў. Кожны госць дарыў кветкі і падарункі імянінніцы, а Пётр Гамзюк уручыў ёй прыгожы мяккі дыванок, “каб цяплей было нагам”.

Лёс не быў літасцівым да жанчыны. Яна выдатна памятае калектывізацыю, калі з вёсак высяляліся цэлыя сем’і за нязгоду з агульнадзяржаўнай палітыкай. Так ледзьве не загінула ў Котласе яе сястра Аня з мужам і гадавалай дачушкай. Літаральна ў апошнія хвіліны перад адпраўленнем у далёкую дарогу ўнучачку ўзялі да сябе бацькі, таму і выжыла.

Толькі пару гадоў паспела пажыць Лідзія Іларыёнаўна замужам:

— У 1939 годзе ўзялі майго мужа Андрэя на вайну супраць палякаў. Мы з ім толькі-толькі пажаніліся. Праз некалькі месяцаў Андрэй вярнуўся дахаты. Не паспелі абжыцца, як вайна новая — Фінляндская. Мужа зноў мабілізавалі, я за­сталася адна. Але па вясне Андрэй вярнуўся, зажылі, стала сям’я на сям’ю падобная. Ды нядоўга шчасціла. Як напалі немцы, так адразу Андрэя майго і прызвалі. Усяго два гады пражылі і двое дзетак нажылі, Валодзю і Алену.

Літаральна праз некалькі ты­дняў прыйшла вестачка, што Андрэя трымаюць у часовым лагеры для ваеннапалонных у Камені, што можна выкупіць назад. Жанчына пайшла туды і сапраўды сустрэла мужа. Як ні ўпрошвала ахоўнікаў, тыя без выкупу не пагаджаліся адпусціць. Лідзія пабегла дахаты, каб сабраць выкуп. У Камень прыйшла назаўтра, але ў лагеры быў ужо новы этап, партыя з Андрэем рушыла на захад. Больш яны не бачыліся.

Больш за 50 гадоў Андрэй Барысевіч лічыўся прапаўшым без вестак, і толькі тры гады таму назад пад час сумеснай беларуска-нямецкай акцыі сям’я атрымала дакладныя звесткі пра трагічны лёс мужа і бацькі. Трапіў радавы Барысевіч у палон у ходзе баёў пад Улай. Этапам дастаўлены ў лагер ваеннапалонных Хамерштайн у Заходняй Германіі, на самай мяжы з Францыяй. Памёр 11 снежня 1941 года.

Лідзія Іларыёнаўна не замкнулася на сваім горы. Яе звонкая песня часта была чутна і над хлебнай нівай, і ў вясковым клубе. Вось і на юбілеі па просьбе гасцей бабуля ўспомніла і прапела некалькі куплетаў народных калядных песень, з якімі хадзілі па хатах калядоўшчыкі.

Побач з бабуляй жывуць сын Валодзя з нявесткай Кацярынай, унук Сяргей, унучка Аксана. У Сушы жыве дачка Алена. А астатняя радня — па ўсёй Віцебскай вобласці і ў Расіі. Калі збіраюцца ўсе разам, у хаце нават цесна. Аднак усе заўсёды рады сустрэчы.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: імянінніца Лідзія Іларыёнаўна Барысевіч.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.