Творчы почырк

OLYMPUS DIGITAL CAMERAСялянская дачка Галя Назарава падалася ў педінстытут. Як так выйшла?
— А проста, — усміхаецца Галіна Васільеўна, — мама кажа: “Дачушка, ты ж, здаецца, не так кепска вучышся, што застанешся тут каровам хвасты круціць…” Можа, маці штосьці перабольшыла. Нельга ж так катэгарычна.
Паступіла ў Мінскі дзяржаўны педінстытут імя Максіма Горкага на аддзяленне беларускай філалогіі і пачала фарміравацца там як сталая творчая асоба.

Я добра ведаю тагачасны “горкаўскі філфак”, яшчэ студэнтамі сябравалі з філолагамі, нават ездзіў разам у той самы філфакаўскі будатрад “Сузор’е”, у якім працавала ў свой час і Галіна. Там была незвычайна творчая атмасфера, у якой проста немагчыма было сфарміравацца абыякавым, чэрствым чалавекам. Жывая атмасфера роднага слова панавала і на самім факультэце. Падтрымлівалі яе выкладчыкі Андрэй Каляда, які нязменна кіраваў тэатрам “Жывое слова”, Аляксей Рагуля, Алена Юрэвіч і іншыя.
Так што для Галі Назаравай, якую падштурхнула да прафесійнага выбару любімая настаўніца Валянціна Філонава з СШ №3, у інстытуце адкрыліся шырокія магчымасці самаўдасканалення.
А потым накіравалі ў Чэрскую васьмігодку. Так студэнтка Галя Назарава становіцца Галінай Васільеўнай і настаўніцкаму практычнаму вопыту вучыцца ў маці маёй Паліны Андрэеўны, сваёй папярэдніцы. У Чэрцах папрацавала гады тры. Сямейныя абставіны склаліся так, што ёй давялося вярнуцца да бацькоў у Паддуб’е, адкуль хадзіць на працу за пяць кіламетраў было, вядома, нязручна. Перайшла ў Валосавічы, дзе адпрацавала шэсць гадоў. Пакуль часта хадзілі аўтобусы, дабірацца было зручна, як перасталі, узніклі праблемы. На той час паяўляецца вакансія ў Поўсвіжы. Галіна Васільеўна перайшла туды, ды ўжо вось на цэлыя дваццаць гадоў затрымалася. Па-ранейшаму жыве ў Паддуб’і. У яе сям’я, трое дзяцей. Андрэй і Алена — будаўнікі, а вось сярэдняя дачка Ганна пайшла вучыцца… на факультэт беларускай філалогіі ў Мінскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.
Кажуць, нічога ў жыцці не бывае проста так. Галіна Алесенка знайшла творчыя здольнасці ў дачкі, прывіла ёй любоў да роднага слова. Настаўнікамі працуюць яе былыя вучні Ліма Хацкевіч, Аксана Абухоўская, Аксана Блажэнка, Наталля Міхно.
Больш за трынаццаць гадоў Галіна Васільеўна сумяшчае працу настаўніцы беларускай мовы і літаратуры з абавязкамі педагога сацыяльнага. А гэта няпростая, руцінная праца — вывучэнне сацыяльна-бытавых умоў вучняў з мэтай выяўлення праблемных сем’яў на ранняй стадыі, анкетаванне, захады дзеля адаптацыі вучняў у школе і прафілактыкі падлеткавых правапарушэнняў. Ёсць вынік. Сёння ў школе няма ніводнага вучня, які б стаяў на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх ці нават на ўнутрышкольным кантролі. Ну, а як філолаг, Галіна Алесенка, дзіва, па-ранейшаму жадае сваім вучням, каб яны выраслі… больш творчымі, чым яна сама.
Уменне знайсці падыход да кожнага і ўзвядзенне ў абсалют прынцыпу “не нашкодзь” у рабоце з дзецьмі. Вось такі творчы почырк настаўніцы з трыццацігадовым стажам Галіны Васільеўны Алесенкі. І ў тым, што почырк гэты менавіта творчы, сумнявацца не даводзіцца.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: настаўніца Галіна Алесенка ўмее знайсці падыход да вучняў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.