Тоны малака

За мінулы год Васіль Куртаў з Горскага сельсавета рэалізаваў дзяржаве 28,6 тоны малака ад шасці кароў, Уладзімір Лохман з Баброўскага сельсавета — 27,4 тоны малака ад сямі кароў, Сяргей Седзін са Стайскага сельсавета — 21,4 тоны малака ад трох кароў, Галіна Плігаўка з Каменскага сельсавета — 18,9 тоны малака ад трох кароў, Валянціна Сярмяжка з Горскага сельсавета — 16,8 тоны малака ад чатырох кароў.
У ліку прызёраў
Лепельская пісьменніца Сташка Грыніч (Людміла Барадзейка) трапіла ў дваццатку прызёраў рэспубліканскага конкурсу “Жанчына ў сучасным грамадстве-2011” за паэму “Дапаможнік для дзяўчатак і жанок”.

Нізка апавяданняў змешчана ў другім зборніку беларускай фантастыкі, складальнікам якога стаў супрацоўнік газеты “7 дней” Генадзь Ануфрыеў. У першым зборніку беларускай фантастыкі былі змешчаны апавяданні Сташкі Грыніч “Белая дама” і “Сем дзён Кюўе”.
Кот на ліпе
Той раніцай слупок тэрмометра апусціўся да адзнакі -26 градусаў. А палове восьмай гадзіны ля рэдакцыі стаяла дзяўчынка і пазірала на ліпу. На суку сядзеў кот і жалобна каўкаў. Морда яго была ў шэрані. Мог замерзнуць небарака.
Дзяўчынка патлумачыла, што яшчэ ўчора сабака загнаў яе ката на дрэва. Той спрытна забраўся, а спусціцца на зямлю баіцца. Ноч сядзіць на суку. Спрабавала гайдаць яго, дык жывёліна яшчэ мацней чапляецца за галіну, каб не зваліцца. Дома няма драбін, каб залезці на ліпу.
Прынеслі драбіны, вызвалілі ката з палону.
Дбаюць аб здароўі
Кожная другая субота ў Забароўскай школе — дзень здароўя. Прайшлі спаборніцтвы па міні-футболе, наперадзе — лыжныя гонкі. Працуюць секцыі па футболе і настольным тэнісе, заняткі ў якіх вядзе дырэктар школы, ён жа настаўнік фізкультуры Віктар Каваленка. Вучні штогод удзельнічаюць у раённых спаборніцтвах па лыжах, лёгкаатлетычным кросе, ваенна-спартыўнай гульні “Снежны снайпер”.
Кармушкі ля школы
Вучні пачатковых класаў Новавалосавіцкай СШ-сада “шэфствуюць” над птушкамі, дапамагаюць ім перазімаваць. Ля школы развесілі кармушкі. Юныя натуралісты вывучаюць паводзіны птушак, разгадваюць пра іх крыжаванкі, размалёўваюць карцінкі. Адно з факультатыўных заняткаў называецца “Юныя арнітолагі”. Ёсць таксама “Азбука Бегемошы”, “Правілы ў маім жыцці”, “Здаровы лад жыцця”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.