Трагедыя на Чуйкова
29 ліпеня а 16.50 на вуліцы Чуйкова насупраць аўтацэнтра “Запаска” адбылася трагедыя: аўтамабілем “Кіа” быў збіты дзевяцігадовы хлопчык, які рухаўся па дарозе на веласіпедзе. Дзіця на месцы загінула.
Паводле папярэдніх даных, падзеі развіваліся наступным чынам. Кіроўца рухаўся з боку вакзала, хуткасць трымаў у межах дазволенай на гэтым адрэзку вуліцы. Маленькі веласіпедыст узнік перад машынай раптоўна, выскачыў на праезную частку з аднаго з бакавых выездаў. Усё адбылося настолькі хутка, што вадзіцель не паспеў зрэагаваць. Бакавым ударам хлопчыка з веласіпедам адкінула на некалькі метраў.
На вялікі жаль, выпадкі гібелі дзяцей у вобласці, рэспубліцы не адзінкавыя. Напрыклад, у вёсцы Рудня-Марымонава Гомельскага раёна загінулі дзве дзяўчынкі, стрыечныя сёстры. Яны гулялі ў кар’еры за вёскай, капалі пячоры. Грунт абваліўся, адбылася трагедыя. У Шаркаўшчынскім раёне маці пакінула дзяцей дома адных, калі там паліўся агонь у печы. Двое малечаў згарэлі.
З пачатку года ў Беларусі патанулі 24 дзіцяці, загінулі на пажарах — 16, у ДТЗ — 10, паранены ў дарожных здарэннях — 218.
Як паказвае практыка, асноўная прычына — няўвага дарослых. Аналізуючы выпадак на Чуйкова, задаю сабе наступныя пытанні. Паводле правілаў дарожнага руху, па дарогах і вуліцах агульнага карыстання можна ездзіць непаўналетнім на веласіпедах толькі з 14 гадоў. З меншага ўзросту — толькі ў суправаджэнні дарослых. Як жа дзевяцігадовы хлопчык мог апынуцца на вуліцы на веласіпедзе адзін? Няўжо бацькі яму не растлумачылі асноўных правілаў паводзін на дарозе?
Аднак канчаткова карціна здарэння будзе высветлена пасля правядзення экспертыз.
Для папярэджання трагедый міліцыя праводзіць адпаведную работу. Нашы супрацоўнікі разам з прадстаўнікамі таварыства выратавання на водах, выратавальнікамі-пажарнымі і іншымі службоўцамі выступаюць перад дзецьмі ў школах, у працоўных калектывах перад дарослымі. Аднак нішто не заменіць бацькоўскага клопату, навукі і кантролю.
Мікалай ЛАТЫШАЎ,
начальнік РАУС, падпалкоўнік міліцыі.