Траўніцкі аэрадром

(Заканчэнне. Пачатак у №83)
215-ы полк быў уведзены ў бой, калі стала вымалёўвацца катастрафічная сітуацыя: па дарогах Беларусі рушылі на ўсход фашысцкія крыжастыя танкі. Часць атрымала загад наносіць удары па калонах 39-га матарызаванага корпуса Гота, што настойліва ірваўся да Бярэзіны. Лётчыкі атакавалі танкі спачатку далёка на подступах да поймы рэчкі — у раёнах Валожына, Маладзечна, Смілавічаў, а затым і ў прыбярэжнай паласе — ля Барысава, Беразіно.

Дакладных даных аб баявых буднях палка за перыяд знаходжання пад Лепелем няма, пра іх можна меркаваць ускосна. Забягаючы наперад, скажу, што ў верасні 41-га камандзір палка быў прадстаўлены да высокай узнагароды СССР — ордэна Леніна. У характарыстыцы былі адлюстраваны такія лічбы: за тры месяцы вайны штурмавікамі здзейснена 495 самалёта-вылетаў, з іх на І-15біс — 269 , на Іл-2 — 226… Выведзена са строю і знішчана 65 танкаў, 2 бронеаўтамабілі, 396 аўтамашын, жывой сілы — да 2700 чалавек. Падаўлена 20 агнявых кропак зенітнай артылерыі, 9 артылерыйскіх батарэй, збіты ў паветраным баі П-88… Мяркуючы па ўзнагародным лiсце, Рэйна асабіста вадзіў у бой эскадрыллі па 6 — 9 самалётаў.
Чорным днём для лётнай часці стала 26 чэрвеня, калі полк перагароджваў інтэнсіўны рух варожых механізаваных калон па дарозе Маладзечна — Мінск. Было зроблена тры вылеты па пятнаццаць — дваццаць самалётаў. У двух з іх з задання не вярнуліся капітан Дзяніскін і лейтэнант Іваноў, старшы лейтэнант Абрамаў і малодшы лейтэнант Кузьмін.
Аэрадромныя будні спачатку не азмрочваліся нападамі з паветра. Пра новую авіябазу ў Траўніках, відаць, немцы напачатку не ведалі, бо маскіроўка была максімальная. І гэта натуральна: рэактыўнае ўзбраенне трэба было берагчы як зрэнку вока і, зразумелая справа, яно хавалася ад цікаўных вачэй. Акружаная ляснымі зараснікамі і вясковымі хатамі, база выдатна маскіравалася зверху. Падсобныя пабудовы і палаткі лётчыкаў размяшчаліся ў лесе. Хто мог здагадацца з вышыні птушынага палёту, што на невялікім лапіку поля размешчаны рускія штурмавікі. Сапраўды, дакладна засекчы аэрадром з паветра было цяжка. Толькі сеўшы “на хвост самалёта”, што вяртаўся дадому, можна было прасачыць яго маршрут. Мабыць, так і адбылося крыху пазней. Першы налёт быў здзейснены 26 чэрвеня 1941 года. Аднак ён быў яшчэ «сырым», з разраду: паглядзім, хто там ёсць. Адбамбіліся па Лепелі два нямецкія самалёты, пры вяртанні назад абстралялі палаткі лётчыкаў. Мабыць, меркавалі, што ў лесе тая самая вайсковая часць, што кожны год выязджала ў летні лагер (раней там размяшчаліся кавалерысты). На шчасце, у палатках нікога не аказалася.
Сур’ёзны ўдар нямецкая авіяцыя нанесла другога ліпеня. Бомбы скінулі прама на аэрадром. Аднаму лётчыку адарвала кісць рукі, некалькі чалавек было паранена. У выніку частка самалётаў была выведзена са строю, адзін разнесла ўшчэнт.
Пра тое, што яшчэ да прыходу асноўных сіл Гота ў раёне Лепеля дзейнічалі ўзброеныя атрады праціўніка, сведчыць шэраг крыніц. Гэта і выказванні ваентэхніка другога рангу Лепельскага мінамётнага вучылішча М. Буткевіча пра зрыў эвакуацыі вучылішча, і ўспаміны жыхаркі Ліпска аб тым, што яе бацька з Бярэзінскага пагранатрада наткнуўся на нямецкі танк за ракой, калі масты былі яшчэ ў нашых руках, і стварэнне знішчальнага атрада па вылоўліванні нямецкіх парашутыстаў, і, нарэшце, дакладны ўдар па ваенкамаце, які мог быць нанесены па наводцы дыверсантаў. У гэтае ж рэчышча ўдала ўпісваецца данясенне ў Маскву з штаба Заходняга фронту — разведзводка №10 29 чэрвеня 1941 года:
«На працягу 28 і 29.6.41 г. праціўнік… выкідваў шэраг дробных парашутных дэсантаў у складзе 3 — 5 танкаў і груп матацыклістаў, ведучы… узмоцненую паветраную разведку ў напрамку Мінска, Віцебска, Оршы, Смаленска».
Групы танкаў на парашутах? Аднак гісторык А. Герасімовіч катэгарычна адкідае такую магчымасць. Усе размовы пра дэсант з самалётаў — відавочная недарэчнасць, выдумкі панікёраў і пустабрэхаў. У немцаў проста не было магчымасці ажыццяўляць дэсантныя аперацыі такога маштабу… Як бы там ні было, а пакінуць без увагі буйную ваенную базу, якой з’яўлялася лепельская, вермахт не збіраўся. І рабілася ўсё магчымае, каб заспець гарнізон знянацку, захапіць вайскоўцаў, што называецца, цёпленькімі.
Добра разумелі гэта і тыя, хто адказваў за сакрэтную зброю, забяспечваў наступную эвакуацыю. 27 чэрвеня была падрыхтавана каманда аэрадромнага абслугоўвання для перабазіравання пад Полацк. Паступіў таксама загад адправіць частку лётчыкаў у тыл на перападрыхтоўку.
У якой колькасці была сфарміравана каманда, на чым і па якім маршруце яна рухалася, па-ранейшаму застаецца пад грыфам сакрэтнасці, дакладней, мне невядома. Можна выказаць здагадку, што не на самалётах. Чаму так думаю? А. Герасімовічам расшыфраваны справаздачы камандавання нямецкіх танкавых падраздзяленняў, якія ўвайшлі ў Лепель першымі. Дык вось, у журнале баявых дзеянняў 7-й танкавай дывізіі Гота ёсць запіс ад трэцяга ліпеня: «Баявая група дывізіі выйшла ў 10.30 да падарванага моста ў Лепелі. Камандны пункт гітлераўцы абсталявалі на подступах да горада. Камандзір дывізіі загадвае 6-й роце 7-га стралковага палка выявіць аэрадром за восем кіламетраў на паўднёвы захад ад Лепеля». Першапачаткова немцы надзвычай настойліва шукалі яго дзесьці ў раёне Вокана, такія каардынаты далі разведчыкі. Толькі ў 22.00 паступіў даклад, што аэрадром заняты, арганізавана яго прыкрыццё. «Захоплена 30 часткова пашкоджаных самалётаў, тры склады гаруча-змазачных матэрыялаў, а таксама вялікая колькасць тэхнікі і ваеннага рыштунку». У даных за суткі было ўдакладнена: захоплена 38 рускіх самалётаў. Адкуль узяліся яшчэ восем, можна толькі здагадвацца.
Дзіўна, што такая вялікая колькасць тэхнікі была кінута і дасталася ворагу ў якасці трафеяў. Няхай нават не ў лепшым выглядзе. Чаму? Давайце разважаць. Машыны былі пашкоджаны падчас бамбардзіроўкі? Аднак сведкі не адзначалі значнага ўрону. Пра высновы пісара тэхнічнага авіябатальёна я ўжо казаў. Ён адзначаў, што толькі «частка самалётаў была пашкоджана і патрабавала невялікага рамонту». Не бачыла «могілак самалётаў» і жыхарка Дражна Кацярына Крыцкая. «Варонкі ад бомбаў былі, — кажа яна, — таму што памятаю, як іх засыпалі, а пра самалёты нічога сказаць не магу». І ў аповедзе аб баявым шляху палка сцвярджаецца, што спробы разбамбіць аэрадром «заканчваліся безвынікова і галоўным чынам дзякуючы самаахвярнасці і высокай дысцыплінаванасці ўсяго асабовага складу…» Гэта значыць, полк спраўляўся з наступствамі налётаў.
Супаставім два факты: 38 часткова пашкоджаных самалётаў, выяўленых немцамі, і каля сарака чалавек, якія знаходзіліся ў будынку Лепельскага ваенкамата, якіх накрыла дакладная бомба. Гэта мог быць лётны склад 215-га авіяпалка.
Нечакана наткнуўся на кнігу Г. Чачальніцкага «Маскоўскі гвардзейскі штурмавы» аб баявым шляху 6-га ордэна Леніна і ордэна Суворава другой ступені Чырванасцяжнага авіяцыйнага палка, напісаную яшчэ ў 1960-м годзе. Гэта пра былы 215-ы. Аўтар пацвярджае ўсё мной сказанае пра яго. Я напружана шукаў адказ, што ён кажа пра дзесяцідзённыя баі, аб завяршэнні «лепельскай эпапеі». Адказ аказаўся больш чым нечаканым: «Асабовы склад, перадаўшы самалёты іншай часці, пакінуў аэрадром і быў накіраваны ўглыб краіны, каб атрымаць іншыя самалёты». Такім чынам мае здагадкі становяцца рэальнасцю. Самалёты былі не проста кінуты на разрабаванне ворагу, а былі перададзены «іншай часці». Верагодна, новая каманда пілотаў накіроўвалася ў Траўнікі, каб прыняць самалёты, і заначавала па дарозе ў ваенкамаце. Нехта высачыў і навёў на іх варожы бамбавік. Лётчыкі загінулі. Замена не адбылася. Часу, каб выправіць становішча, ужо не было. Удар па ваенкамаце быў нанесены раніцай другога ліпеня. А праз суткі, на досвітку трэцяга ліпеня, авангардны атрад праціўніка ўжо выйшаў да Лепеля.
Ясна, што часу на стварэнне новай каманды, каб перагнаць самалёты, ужо не ставала, і было прынята адзіна правільнае рашэнне — вывесці кінутыя самалёты са строю. За справу ўзяліся падрыўнікі. Кацярына Крыцкая чула выбухі: «Ірваліся ці-то цыстэрны з гаручым, ці-то склады з бомбамі…» Намякае на гэта таксама пісар Пігараў. Ён быў яшчэ раней адпраўлены з тэхнічнай камандай у тыл і чуў адгалоскі таго, што здарылася: «Быў загад генерала Паўлава сабраць усе няспраўныя самалёты ў кучу і падарваць, а разам з імі падарваць ўсе ваенныя склады і адміністрацыйныя будынкі…» Трафеі немцам дасталіся, прама скажам, не вельмі. Металалом.
Гісторыя 215-га штурмавога авіяпалка працягнулася, ён ваяваў ужо на іншых машынах — Іл-2, якія называлі «лятучымі крэпасцямі». У жніўні полк зноў наносіў штурмавыя ўдары — у складзе Заходняга фронту — у Смаленскай бітве, а ў кастрычніку дзейнічаў на Маскоўскім напрамку, стрымліваў націск варожых матарызаваных калон. Шостага снежня 1941 г. першым сярод штурмавых часцей атрымаў званне гвардзейскага і быў ператвораны ў 6-ы «Маскоўскі».
Далейшы шлях гвардзейцаў — годны і гераічны. У 1944 годзе штурмавікі былога 215-га авіяпалка зноў з’явіліся ў небе над Лепелем — ужо як вызваліцелі, удзельнічалі ў наступальнай аперацыі «Баграціён». Цяжка сказаць, хто з былога складу быў сярод лётчыкаў, але камандаваў палком іншы чалавек. А Рэйна вайну скончыў у званні генерал-маёра. Камандаваў дывізіяй, Асобай аператыўнай групай у Арктыцы. Зноў быў аэрадром, але цалкам іншы — не такі, як у Траўніках, а базіраваўся… на крызе дрэйфуючай навукова-даследчай станцыі. Леанід Давідовіч у канцы 50-х гадоў кіраваў будаўніцтвам «плавальнага» ваеннага аэрадрома і арганізоўваў пасадку на яго далёкага бамбавіка ТУ-16.
Велізарны шлях прарабіла савецкая авіятэхніка ўсяго за няпоўныя дваццаць гадоў! Проста неверагодна. Ад «чаек» над зялёным покрывам ляснога поля да цяжкіх бамбавозаў у халоднай Арктыцы!
Наведаў колішнія Траўнікі, дакладней, месца колішняга аэрадрома. Мясцовасць непазнавальна змяніла сваё аблічча. Не засталося нават намёку на тое, што больш за 70 гадоў таму яно служыла ўзлётна-пасадачнай пляцоўкай для баявых самалётаў, якія лічыліся напярэдадні вайны вельмі перспектыўнымі.
Немцы ў перыяд акупацыі аэрадром не выкарыстоўвалі. Нашым крылатым машынам ён, па ўсёй верагоднасці, яшчэ не раз служыў месцам аварыйнага прызямлення. Прывяду ў якасці доказу толькі адзін вядомы мне прыклад з крывавай гісторыі ваеннага ліхалецця. Аднойчы жыхары тагачасных Траўнікаў з трывогай углядаліся ў неба. Пасля жорсткай нябеснай схваткі ахоплены полымем чырваназорны самалёт пачаў рэзка пікіраваць уніз, з горам папалам сеў на колішні аэрадром. Падзенне засеклі акупанты і выслалі групу захопу. На шчасце, нямецкія салдаты спазніліся з захопам савецкіх лётчыкаў у палон. З кабіны пашкоджанага самалёта выскачылі двое лётчыкаў і пабеглі ў бок жанчын, якія жалі жыта. Спыталі: «Дзе тут партызаны?». Тыя паказалі прыкладны напрамак адступлення, і лётчыкі схаваліся ў лесе…
Васіль АЗАРОНАК,
краязнавец, былы жыхар вёскі Верабкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.