Траўніцкі аэрадром

Канец чэрвеня 1941 года. У Лепелі трывожна. Пыл клубіўся ад салдацкіх ботаў і сцёртых чаравікаў бежанцаў. Людзі, нібы цені, клыпалі на ўсход…
— Аднойчы я спалохаўся, — узгадваў лепяльчанін Леанід Замкоўскі. — З двара цікаваў за вулічнымі падзеямі. Знячэўку мільганула постаць чалавека. Ён хутка схаваўся за паваротам. Следам прабег нарад чэкістаў. У Лепелі лавілі дыверсантаў. Затым адбылося самае страшнае: на горад, нібы вараннё, наляцелі крыжастыя нямецкія самалёты. Бомбы прыцэльна накрылі ваенкамат. Мусіць, нехта навёў. Ад выбуху загінулі чалавек сорак.


У кнізе “Памяць” ёсць удакладненне: у будынку знаходзіліся мабілізаваныя на фронт людзі. Леанід Замкоўскі ўпэўнены: загінулі лётчыкі. Аб тым жа пісаў Іван Рысак у «Памяці аб мінулым»: «Пра гэтую бамбёжку расказваў адзін міліцыянер ужо ў 70-я гады, як цудам застаўся жывы. Служыў ён у міліцыі ў адным з гарадоў Заходняй Беларусі. У пачатку вайны немцы наступалі хутка, нашы ледзь-ледзь паспявалі адыходзіць. Цёплым ліпеньскім вечарам апынуліся ў Лепелі і размясціліся на начлег у будынку ваенкамата. Толькі пачалі засыпаць, як нехта патэлефанаваў, каб яны вызвалілі памяшканне. Маўляў, павінны начаваць вайскоўцы, і яны ўжо едуць туды… Раніцай ад будынка і лётчыкаў засталося пустое месца з варонкай пасярэдзіне».
Адкуль жа ў Лепелі маглі апынуцца лётчыкі? Пра сухапутны гарнізон вядома ўсім. Подступы да горада з захаду былі добра абаронены натуральнай перашкодай — Бярэзінскай сістэмай рэк і каналаў і глыбакаводным возерам. На выгаднае геаграфічнае становішча ваеначальнікі Чырвонай арміі звярнулі ўвагу яшчэ ў ходзе аперацыі па выгнанні Пілсудскага. Сталёвую магістраль Орша — Лепель прыязджаў прымаць славуты маршал Тухачэўскі. А ўлетку 1936 года падчас вялікіх манеўраў сюды наведваўся сам наркам абароны СССР Клімент Яфрэмавіч Варашылаў.
З паветра канцэнтрацыю войскаў прыкрывала 12-я авіяцыйная дывізія, штаб якой, а таксама адзін з палкоў, размяшчаліся ў Віцебску. Яшчэ два палкі дыслакаваліся ў Уле і Полацку. Будаваўся аэрадром на поўдні, у Велеўшчыне. На захадзе размяшчалася авіячасць, пра якую і хачу распавесці.
Да вайны па дарозе ў Бярэзінскія балоты, перад паваротам на Зацякляссе, быў невялікі населены пункт Траўнікі: непрыкметнае мястэчка з трох — чатырох хат. Да яго і быў «прывязаны» аэрадром. Мяжой служыў плыткі ручай, парослы хмызняком. Адразу за раўчуком пачыналася ўзлётная паласа, якая правым крылом праразала лясны масіў, а левым амаль даходзіла да вёскі Дражна. Траўнікі адразу пасля вайны знеслі, Дражна засталося. Пры сустрэчы папрасіў Кацярыну Крыцкую, старэйшую жыхарку гэтай вёскі, распавесці пра аэрадром. «Добра памятаю, як рыхтавалі стаянку, — кажа яна, — зрушвалі трактарамі карчы з поля. А потым садзіліся самалёты. Мы таксама добра бачылі, як яны ўзляталі, ішлі на заданні. Узляталі кожны дзень. З хат было добра іх чуваць».
Ад аэрадрома вёску аддзяляў ланцужок цяжкапралазных кустоў з вузенькай палоскай пясчанай дарогі ў бок Лепеля. Жылі лётчыкі ў лесе, у лагеры, які быў абуладкаваны некалі для кавалерыстаў. Там размясціўся 215-ты авіяполк 12-й віцебскай авіядывізіі.
Фарміравалася бамбардзіровачная авіяцыйная часць у Смаленску восенню 1940 года. Ля вытокаў стварэння яе стаяў палкавы камісар Сіланцьеў. Меркавалася, што полк будзе наносіць прыфрантавыя бомбавыя ўдары. Праз паўгода планы рэзка памяняліся, полк атрымаў статус штурмавога. Нешта аналагічнае адбывалася з Лепельскім мінамётным вучылішчам. Спачатку, у 1940-м годзе, яно стваралася з артылерыйскім ухілам, ля вытокаў стаяў танкіст Іван Пятровіч Карчагін, а ў студзені 41-га вучылішча памяняла статус на мінамётнае, пасаду начальніка заняў ленінградзец Барыс Робертавіч Церпілоўскі.
Дарэчы, штурмавыя авіяпадраздзяленні былі тады ў навінку. Адкрыем план баявых дзеянняў Заходняй Асобай ваеннай акругі, складзены першага чэрвеня 1941 года: у акрузе мелася 12 авіязлучэнняў, і толькі два з іх штурмавыя. Падкрэслім — толькі два, адзін з якіх базіраваўся ў Траўніках. А колькі самалётаў меў полк? «Ой, шмат! » — сказала К. Крыцкая.
Што ж гэта былі за самалёты? Мяркуючы па адкрытых звестках — І-15біс. У пачатку 1930-х гадоў канструктарскае бюро Палікарпава стварала высокаманеўраны знішчальнік на аснове амерыканскага рухавіка «Райт». Планавалася паставіць у серыйную вытворчасць машыны — біпланы (спараныя крылы) серыі І-15. Іх збіралі на двух маскоўскіх заводах. Самалёты нядрэнна зарэкамендавалі сябе ў супрацьстаянні з нямецкімі знішчальнікамі ў Іспаніі. Аднак, нягледзячы на досвед баявога прымянення, ад далейшай іх вытворчасці адмовіліся. Лётчыкі наракалі на частыя паломкі і няспраўнасці. Паветраную машыну тады вырашылі мадэрнізаваць. На І-15біс быў усталяваны больш магутны рухавік, новая радыёстанцыя і цэлы шэраг іншых новаўвядзенняў. Апярэнне было цэльнадзюралевае, абцягнутае палатном, а каркас складаўся з хромасіленавых труб. У фюзеляжы і крылах знайшлі месца для чатырох сінхронных хуткастрэльных кулямётаў, а ў кантэйнеры змяшчаліся чатыры авіябомбы. Першыя «бісы» з’явіліся ў 1937 годзе, прайшлі «абкатку» на Халхін — Голе, потым у зімовай вайне з Фінляндыяй. Пастаўляліся таксама ў парадку ваеннай дапамогі Кітаю. Усяго іх выпусцілі 2403 адзінкі, а ўвесну 1941-га адна з партый была дастаўлена ў Траўнікі.
Прыгадаем успаміны пра тую пару Рыгора Пігарава, накіраванага ў тэхнічную часць палка пісарам: «У сярэдзіне сакавіка 1941 года нас, аднаго камандзіра і 30 салдатаў адправілі цягніком у Віцебскую вобл., Лепельскі р-н, Стайскі сельсавет для прыняцця летняга лагера ад кавалерыйскай часці… У пачатку мая сталі прыбываць эшалоны, пачалася перавозка грузаў са станцыі Лепель. Прыбылі камандзір палка і камісар…»
Падраздзяленне, у якім служыў Пігараў, называлася 262-гі батальён аэрадромнага абслугоўвання. У часці былі таксама 177-я тэхнічная рота і атрад «для патрэб авіягарнізона». Навошта такі вялікі набор абслугі для выканання звычайных палётаў? І я пачаў шукаць дадатковую інфармацыю.
Камандаваў палком Леанід Давідавіч Рэйна. Да пачатку апісваемых падзей яму было 34 гады. Пасля смерці маці выхоўваўся ў дзіцячым доме, дзе зацвердзіўся ў думцы стаць вайскоўцам. Шлях ляжаў у неба, хоць пачынаў Леанід з каманднай школы сухапутных войскаў з пасады камандзіра ўзвода артылерыйскага палка. А далей адбыўся невытлумачальны каскад яго перасоўванняў у лётнай сферы. Усё пачалося са стажыроўкі ў 22-й разведвальнай эскадрыллі Беларускай ваеннай акругі, услед за чым — дзве ваенныя школы: лётчыкаў-назіральнікаў імя К.Я. Варашылава ў Арэнбурзе і лётчыкаў Чырвонага Паветранага Флота ў Барысаглебскім. Паралельна рухаўся па службовай лесвіцы: малодшы лётчык-назіральнік, старшы лётчык, камандзір, інструктар па тэхніцы пілатавання і тэорыі палётаў. А ў канцы 30-х зноў навучанне — на вышэйшых курсах удасканалення каманднага складу ў Ліпецку (дзе, дарэчы, восем гадоў, да прыходу Гітлера да ўлады вучыліся будучыя нямецкія асы) і новае павышэнне па службе. На пасаду камандзіра палка ў Траўніках Рэйна ўступіў у званні маёра.
«Увечары ў афіцэраў штаба пасля працы былі абавязковыя заняткі па нямецкай мове, — распавядаў Пігараў. — Настаўніцу прывозілі з Лепеля. Пасля заняткаў збіраліся камандзіры і раіліся пра нешта…» Настаўніцай нямецкай мовы магла быць Клеапатра Тараткевіч, жонка Віктара Тараткевіча — роднага брата маёй бабулі. Віктара перад вайной накіравалі ў Заходнюю Беларусь, а калі ён вярнуўся, пачалася вайна. Жонкі дома не аказалася. «Збегла з афіцэрам на ўсход», — праінфармавалі добразычліўцы. Клеапатра з’ехала, пакінуўшы дзяцей пад апеку бацькоў…
Яшчэ адну «жаночую гісторыю» распавяла Кацярына Крыцкая. Яна была сведкай, як аднойчы, выконваючы навучальныя палёты, самалёт зачапіўся за высокую бярозу і спікіраваў на зямлю. «Лётчыка звалі Вера», — упэўнена назвала імя жыхарка Дражна.
Жанчына на штурмавіку? Малаверагодна. Так, былі смелыя дзяўчаты, якія пілатавалі нават знішчальнікі, але я нідзе не сустракаў, каб жанчына садзілася за штурвал штурмавіка. Адкуль жа магла ўзяцца гэта Вера? Падказаў Пігараў. Аказваецца, на аэрадроме, па яго назіраннях, былі і самалёты У-2. На іх пачаткоўцы адпрацоўвалі майстэрства пілатавання. І цалкам верагодна, што пры палку знаходзілася вучэбная каманда, у якую ўваходзілі таксама жанчыны. Мажліва ўжо тады закладвалася ідэя аб выкарыстанні жанчын у баявых аперацыях. У-2 быў зручны пры бомбакіданні з вельмі нізкіх вышынь у любы час сутак. Верагодна акурат з 215-га палка цягнулася нітачка да славы «начных вядзьмарак» — жанчын, якія лёталі пасля заходу сонца. У спісе праслаўленых асаў — Вера Лук’янаўна Белік, Герой Савецкага Саюза. Пра яе мала што вядома — толькі тое, што ў Чырвонай арміі з 1941 года. Ці не тая гэта Вера, пра якую распавядалі жыхары Дражна?
У-2 маглі перамясціць са Смаленска, дзе яны знаходзіліся на ўзбраенні, пакуль не паступіла новая тэхніка. А калі неабходнасць у іх адпала, не адправілі на злом, а сталі шукаць іншае прымяненне.
У перадваенны час авіябудаванне настолькі бурна развівалася, што не толькі У-2, а ўся серыя біпланаў, іх яшчэ называлі «Чайка», страціла шэраг пераваг. І-15біс узлятаў з кароткага разбегу, яму не патрэбна была доўгая, абуладкаваная ўзлётная паласа, ён лёгка манеўраваў у паветры. Праўда, хуткасць яго руху была зусім нізкая — усяго 360 кіламетраў у гадзіну. Як ён мог канкураваць з нямецкімі «Месершмітамі», якія перамяшчаліся хутчэй у 1,3 раза? Тады машыне знайшлі прымяненне ў якасці штурмавіка. Малая хуткасць кампенсавалася магутным ракетным узбраеннем — снарадамі РС-82. Такія боекамплекты ў Траўніках былі. Пры эвакуацыі, піша Пігараў, «у кожную машыну паклалі па некалькі рэактыўных снарадаў…» А распрацавалі РС -82 яшчэ ўвесну 1928 года. Навукоўцы доўга шукалі самы аптымальны варыянт іх наступнага эфектыўнага выкарыстання. Першапачаткова снарады запускаліся з мінамётаў для павелічэння далёкасці палётаў. Пры ўсім тым адзінкавыя стрэлы не давалі асаблівай дакладнасці, таму разумным было прымяніць іх у штурмавой авіяцыі. Авіяцыйны боепрыпас меў вагу ўсяго 6,8 кілаграма, а даўжыню — 600 міліметраў. Лётчыкі стралялі серыяй або залпам з вышыні 800 — 1200 метраў. РС-82 быў прыняты на ўзбраенне, як і «біс», у 1937 годзе. Такім чынам боепрыпасы трапілі ў Траўнікі.
22 чэрвеня 1941-га прагучала трывога. «Трывогі ў нас частымі былі, — успамінае Пігараў. — Адразу штаб запоўніўся начальствам, тэхнікі сталі заводзіць самалёты. Але да 10 раніцы штаб апусцеў, і рухавікі заглушылі…» І толькі пасля мітынгу ў 12 гадзін лётчыкі сталі вырульваць на ўзлёт. Па некаторых даных, 215-ы авіяполк прыступіў да выканання баявых заданняў толькі праз двое сутак. Першы запіс у справаздачнай графе — «патруляванне на перахоп самалётаў праціўніка» — зроблены 24 чэрвеня.
Чаму паветранае падраздзяленне пры тагачаснай вострай патрэбе адразу не кідалі ў бой, а нечага чакалі, трымалі, нібы ў засадзе? З-за нізкай хуткасці І-15біс патрабавалася прыкрыццё — надзейнае суправаджэнне, каб супрацьстаяць варожым знішчальнікам. А дзе яго было ўзяць, калі ўсе савецкія аэрадромы ў глыбокай паласе падвергліся масіраванаму разбурэнню ў першыя ж гадзіны вайны? Віктар Мікалаевіч Свішчоў, доктар ваенных навук, генерал-маёр авіяцыі, ветэран вайны, адзначаў, што на досвітку 22 чэрвеня 1941 года ад удараў з паветра моцна пацярпелі ўсе аэрадромы армейскай авіяцыі, акрамя аднаго, аб якім немцы не ведалі. Напэўна, ён меў на ўвазе Траўнікі.
(заканчэнне будзе)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.