Трывалы падмурак поспеху

Рэканструкцыі, тэхнічнаму аснашчэнню фермаў у нашай рэспубліцы, у тым ліку ў Лепельскім раёне, удзяляецца вялікае значэнне. У апошнія пяць год у нашым раёне актыўна вядзецца мадэр­нізацыя старых будынкаў жывёлагадоўчых фермаў: працягваецца рамонт унутраных памяшканняў, набываецца новае абсталяванне. Сярод гаспадарак, дзе актыўнымі тэмпамі ідзе тэхнічнае перааснашчэнне, вядучае месца займаюць сельскагаспадарчы вытворчы філіял “Заазер’е” ААТ

“Лепельскі МКК” і сельскагаспадарчае вытворчае прадпрыемства “Пражэктар” РУВП “Віцебскхлеб­прам”.

СВП “Пражэктар” можа па праве ганарыцца не толькі выдатным аснашчэннем фермаў, а і высокімі паказчыкамі працоўнай дзейнасці калектыву. Так, па выніках абласнога спаборніцтва малочнатаварных фермаў Віцебскай вобласці за верасень 2010 года калектыў фермы “Велеўшчына” заняў другое месца. Аператар машыннага даення Ірына Пшонка па выніках работы за чэрвень бягучага года стала пераможцай у індывідуальных спаборніцтвах. У сярэднім за суткі вопытнай работніцы ўдавалася надаіць па 34 — 36 кілаграмаў ад каровы.

Руплівыя сельскія працаўніцы мэтана­кіравана ідуць да больш высокіх паказчыкаў і сваімі поспехамі праслаўляюць гаспадарку сярод іншых прадпрыемстваў вобласці. Сёлета па выніках абласнога спаборніцтва Віцебскай вобласці за ліпень калектыў малочнатаварнай фермы “Велеўшчына” заняў другое месца.

Для таго, каб выказаць старанным працаўніцам шчырыя словы віншаванняў, уручыць ім заслужаныя ўзнагароды, у вёску Велеўшчына прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама Барыс Яфрэмаў, старшыня Лепельскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Марціновіч.

Барыс Сяргеевіч уручыў загадчыцы фермы Ларысе Садоўскай Дыплом Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу за другое месца па выніках абласнога спаборніцтва па вытворчасці малака за подпісамі старшыні ка­мітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама С.А. Догеля і старшыні Віцебскага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу А.Я. Кузьмянкова. Сяргей Марціновіч ад імя прафсаюза ўручыў аператарам машыннага даення прыгожае люстэрка, якое можна будзе размясціць у новым памяшканні фермы.

Цёплыя словы віншаванняў сельскім працаўні­цам выказалі таксама кіраўнік сельскагаспадарчага вытворчага прадпрыемства “Пражэктар” Станіслаў Раманенка і старшыня прафсаюзнага камітэта прадпрыемства Анжэла Стажык. Як адзначыла Анжэла Мікалаеўна, ад імя прад­прыемства для калектыву фермы таксама падрыхтаваны падарунак — мікрахвалевая печ.

Аксана Швед працуе падменным аператарам машыннага даення на ферме “Велеўшчына” са снежня мінулага года. Разам са сваімі дзецьмі жанчына прыехала на Лепельшчыну з Гомельскай вобласці. Цяжкасці работы на ферме ніколькі не насцярожылі. Выдатным прыкладам для Аксаны стаў шматгадовы вопыт работы яе маці Ганны Аўтушкі, якая адпрацавала на ферме ў Велеўшчыне не адзін дзясятак год.

Дасканала ведае сваю справу Людміла Шыдлоўская, якая дае водпускі астатнім работні­цам. Добры тон у рабоце задае жанчынам загадчыца фермы Ларыса Садоўская. На ферме Ларыса Рыгораўна працуе шэсць год, а рабоце ў СВП “Пражэктар” аддала пятнаццаць.

У цяперашні час на ферме “Велеўшчына” ўтрымліваецца 158 галоў жывёлы. З першага верасня пасля рэканструкцыі фермы пагалоўе дойнага статка ўзрасце да 400 галоў. Для абслуговага персаналу створаны належныя ўмовы. З мэтай павышэння надояў на ферме прадугле­джаны паветраабмен, ацяпленне падлогі. Для работнікаў фермы абсталяваны пакой адпачынку, умывальнік, санвузел, утульна ў кабінеце загадчыцы, лабараторыі і г.д.

Камфортныя ўмовы працы — надзейная аснова працоўнага поспеху.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

 На здымку: працоўны калектыў фермы “Велеўшчына” (другая злева — старшыня прафкама Анжэла Стажык).

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.