Тэмпы пасяўной

Набрала тэмпы пасяўная кампанія. Лепельшчына па засеяных плошчах трывала асталявалася ў тройцы лідараў Віцебскай вобласці. Так, на раніцу 26 красавіка ў раёне было засеяна яравымі культурамі 1359 гектараў, што складае 10,4 працэнта ад планавага задання. За дзень працы засеяны клін прырастае ў сярэднім на 350 гектараў.

У раённым спаборніцтве сярод гаспадарак лідзіруючыя пазіцыі ўтрымлівае СВП “Пражэктар”, дзе планавае заданне выканана на 29,2 працэнта. З запланаваных пад яравую сяўбу 1100 гектараў там засеяны 321.

Добра ўзятаму старту спрыяе той факт, што ў гаспадарцы даволі шмат палеткаў з пясчанымі глебамі. Яны хутка прасыхаюць пасля зімовай слоты і за лічаныя дні гатовыя, каб прыняць цяжкую тэхніку.

 У абсалютных лічбах найбольшыя паказчыкі мае СВФ “Заазер’е”, там засеяны 383 гектары. Але ж і планавае заданне на яравую сяўбу гаспадарка мае вышэйшае — 2115 га, таму працэнт выканання адносна невысокі — 18,1%.

 Сярод культур найбольш пасеяна аўса (642 гектары) і яравой пшаніцы (667 га). Авёс не баіцца залішняй сырасці і холаду, таму менавіта ім заўсёды веснавая сяўба пачынаецца. Шмат сеюць і яравой пшаніцы, бо гэта культура штогод дае стабільна высокія ўраджаі.

 Надвор’е спрыяе вяскоўцам, цёплыя сухія дзянькі даюць магчымасць глебе на палях высахнуць. І бліжэйшыя прагнозы даюць нагоду для аптымізму, дажджоў і непагадзі не прадбачыцца, наадварот, сіноптыкі чакаюць працягу пагодлівага надвор’я.

 Працы настолькі шмат, што самім вяскоўцам з усім не ўправіцца. На дапамогу з іншых арганізацый і прадпрыемстваў раёна накіраваны спецыялісты, многія — з тэхнікай. Так, 26 красавіка ў гаспадаркі на дапамогу накіраваны 19 чалавек. Вядома, усе яны не будуць задзейнічаны непасрэдна на сяўбе ці на падрыхтоўцы глебы. Часцей іх выкарыстоўваюць на дапаможных работах, тым самым даючы магчымасць больш механізатараў, вадзіцеляў сельгасарганізацый задзейнічаць на напрамках найбольш надзённых, актуальных.

 Перш, чым кінуць збожжа ў зямлю, яе трэба падрыхтаваць, што таксама патрабуе шмат працы і рэсурсаў. Самай цяжкай і затратнай аперацыяй лічыцца ворыва. Увесну гэтым найбольш займаліся СВФ “Заазер’е” і КУВСГП “Баброва”. Першыя ўзаралі 283 гектары, другія — 230. Культыватарамі, дыскатарамі і іншымі прыладамі глеба рыхтуецца непасрэдна да сяўбы. Усяго ў раёне было падрыхтавана 2214 гектараў — у любы момант на іх можна выводзіць пасяўныя агрэгаты.

 Не менш важна захаваць, прымножыць сілу зямлі, падкарміць яе ўгнаеннямі. Толькі хлорыстым каліем пад яравую сяўбу апрацаваны 2699 гектараў палёў. Тут лідзіруючыя пазіцыі ў КУВСГП “Баброва” — 940 га, другі радок займае ААТ “Чарэйшчына” — 465 га. На ўнясенні арганікі найбольш пашчыравалі працаўнікі СВФ “Заазер’е”, якія вывезлі на палі 21876 тон. Другімі з вялікім адрывам ідуць працаўнікі КУВСГП “Лепельскае” з паказчыкам 5520 тон.

 Значнай праблемай было забеспячэнне вясенніх палявых работ палівам і змазачнымі матэрыяламі. Не ўсе гаспадаркі мелі для гэтага дастаткова ўласных грашовых сродкаў. На дапамогу прыйшло найперш ААТ “Белаграпрамбанк”, яно выдзеліла крэдыты на набыццё паліва. За сакавік і палову красавіка гаспадаркам Лепельшчыны было выдзелена 1,5 мільярда рублёў на гэтыя мэты. Ёсць дамоўленасці аб вы­дзяленні яшчэ 1,4 мільярда рублёў на працягу бліжэйшага месяца. Акрамя гэтага пад гарантыі аблвыканкама на Лепельскі раён выдзяляецца 2,1 мільярда рублёў на закупку дызельнага паліва для правядзення пасяўной кампаніі. Гаспадаркі бяруць паліва з адтэрміноўкай плацяжу на месяц. За гэты час яны павінны знайсці грошы і аплаціць.

 Для сельгасарганізацый выдзяляецца спецыяльнае дызельнае паліва з масля­ністымі эфірамі тлустых кіслот (ДПМЭТК). Па сведчаннях спецыялістаў і пастаўшчыкоў, ДПМЭТК мае якасці, аналагічныя звычайнаму дызельнаму паліву, рухавікі працуюць са звычайнай прадукцыйнасцю. Затое новы від паліва нашмат таннейшы за звычайны дызель — каля 6200 рублёў за літр. Такім чынам, за кошт зніжэння цаны і выдзялення крэдытных рэсурсаў стала магчымым задавальненне патрэбаў раёна ў дызельным паліве да 70%. Вельмі важна наладзіць у гаспадарках самы строгі ўлік і кантроль за расходам паліва, выключыць любыя магчымасці для яго зліву і крадзяжу.

 Найбольш клопатаў у пасяўных работах вяскоўцам дастаўляе тэхніка. Яна часам не вытрымлівае інтэн­сіўнай, напружанай эксплуатацыі, выходзіць са строю ў самы адказны момант. Часта якасць капітальнага рамонту пасяўных агрэгатаў, зробленага Віцебскім маторарамонтным заводам, жадае лепшага.

 Задзел на палетках увогуле зроблены неблагі, але збаўляць тэмпы ніяк нельга, існуючы стан спраў далёкі ад патрэбнага. Пры цяперашніх паказчыках вяскоўцы рызыкуюць зацягнуць работы і ўпусціць аптымальныя пасяўныя тэрміны. Таму найпершая, найважнейшая задача для земляробаў — набраць тэмпы работ, з кожным днём максімальна пашыраць засеяныя плошчы, пры гэтым бездакорна выконваючы ўсе тэхналагічныя аперацыі.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.