Убралі азімую свірэпіцу
Пачатак ліпеня КУВСГП “Баброва” адзначыла добрай справай – завяршэннем уборкі пасеваў азімай свірэпіцы.
— Усяго пад гэту культуру ў гаспадарцы было адведзена 90 гектараў, — кажа дырэктар Вячаслаў Храмцоў, — убралі яе ў аптымальныя тэрміны, намалацілі 90 тон насення.
— Што будзеце рабіць з насеннем?
— Пасля высушвання на падлогавай
сушылцы, на варахах здадзім насенне на Віцебскі алеяэкстракцыйны завод (АЭЗ).
— Сабе на насенне не пакінеце?
— Ні зярнятка! Летась мы сеялі азімую свірэпіцу сорту “Вераніка”, элітнай рэпрадукцыі. Разлічваем і сёлета так зрабіць. Пад новыя пасевы выдзяляем ужо 150 гектараў, на што патрабуецца паўтары тоны насення. Зыходзячы з сёлетняга досведу, падабралі аптымальныя палі, у жніўні ўжо адсеемся. Спадзяёмся атрымаць яшчэ лепшую ўраджайнасць, бо дзесяць ц/га – не той вынік, пры поўным выкананні тэхналогіі азімая свірэпіца можа даць 15, а то і да 25 цэнтнераў.
— Пройдзем па эканамічных аспектах: наколькі выгадна або стратна вырошчванне гэтай культуры?
— Для нас, сельгасвытворцаў, азімая свірэпіца сорту “Вераніка” — культура выгадная. Нават надзвычай! Віцебскі АЭЗ прымае яе ў рамках дзяржаўнага заказу па 3168 тысяч рублёў за тону, улічваючы падатак на даданую вартасць. Пры гэтым рэнтабельнасць складае каля +40%! Таму мы і плануем пашырэнне пасеваў на наступны год.
— Якія сёлета аб’ёмы дзяржаўнага заказу?
— Насення алейных культур наша гаспадарка павінна здаць 200 тон. астатнюю прадукцыю рэалізуем па дагаварных цэнах. З ранейшага досведу магу сказаць, што звычайная дагаварная цана працэнтаў на 20 вышэй за цану дзяржзаказу – вось і дадатковы прыбытак. Пасля свірэпіцы на падыходзе 190 гектараў азімага рапсу, а ў канцы лета будзем убіраць яшчэ 100 га рапсу яравога.
Далейшую размову вёў на мехдвары з камбайнерамі Мікалаем Юрчанкам, Уладзімірам Собалем і аграномам па абароне раслін Аляксандрам Міхалем. Пасевы збожжавых і рапсу ў 98% чыстыя ад пустазелля – у гэтым немалая заслуга Аляксандра. На лінейцы гатоўнасці ў “Баброве” шэсць камбайнаў: чатыры КЗС-1218, адзін КЗС-10 і адна Ліда-1300. Мікалай працуе на КЗС-12-18, у першыя дні ўборкі намалаціў каля 42 тон – амаль палову намалоту свірэпіцы! На пытанне, як так атрымалася, адказаў:
— Выязджалі на поле не ўсе камбайны. Некаторыя з-за паломак пэўны час прастойвалі, а я ішоў па полю – вось і вынік.
— У чым моцныя бакі вашай тэхнікі?
— КЗС-1218 – неблагая машына, там змешчаны рухавік “Detroit-diesel” – выдатны, магутны агрэгат. Нават у самых складаных абставінах працуе лёгка, без напругі. А вось жняярка – велікаватая, мае 7,2 метра. Для нашых палеткаў са складанай канфігурацыяй больш аптымальна было б мець жняярку шырынёй шэсць метраў, як на КЗС-7, ці на той жа самай “Лідзе”. Камбайны ўсе новыя, не старэй за тры гады. Мы гатовыя зноў выехаць у поле.
— А вам як працуецца? – пытанне да Уладзіміра Собаля.
— Маёй “Лідзе” амаль дзесяць гадоў, але фору дасць іншым новым! Рухавік на ёй стаіць канадскі, вельмі эканомны. А са сваёй шасцімятровай жняяркай я заеду на любое поле. Летась пачаў горш працаваць кандыцыянер, дык выклікалі спецыялістаў з МКК, тыя праверылі ўсе машыны, дазаправілі фрыёнам – працаваць адразу стала нашмат камфортней.
Пасля завяршэння ўборкі свірэпіцы два экіпажа на КЗС-1218 і КЗС-10 выехалі на пробную ўборку азімага рапсу, а Уладзімір Собаль на “Лідзе” накіраваўся на ўборку насення траў.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Мікалай Юрчанка, Аляксандр Міхаль і Уладзімір Собаль.
Фота аўтара.