“Увага ўсім!”

Надзвычайная сітуацыя — гэта заўсёды рэальная пагроза жыццю і здароўю людзей. Адсутнасць абвесткі ў такім выпадку становіцца прычынай не толькі панікі, але і росту матэрыяльнага ўрону і, што самае страшнае, чалавечых ахвяр. І стыхійнае бедства, якое адбылося ў ноч на 7 ліпеня мінулага года ў Краснадарскім краі, яркае таму пацвяр­джэнне. Больш за 170 загінулых і каля 5000 пацярпелых — такі трагічны вынік паводкі, выкліканай праліўнымі дажджамі.

Своечасова папярэдзіць мясцовых жыхароў аб небяспецы не дазволіў тэхнічны стан сістэмы апавяшчэння, прамое прызначэнне якой заключаецца ў тым, каб даць насельніцтву магчымасць аператыўна прыняць неабходныя меры абароны. Такім чынам, узнікае заканамернае пытанне: што сабой уяўляе і як працуе дадзеная сістэма ў Беларусі.

 — У першую чаргу для прыцягнення ўвагі людзей падаецца папераджальны сігнал «Увага ўсім!», — падкрэсліў у гутарцы начальнік РАНС Дзмітрый Пшанко.  — Даведацца аб ім можна па гуку электрасірэн і іншых сігнальных сродкаў працягласцю тры хвіліны. Калі пачулі падобны апавяшчальны гук  дома,  адразу ж ўключыце радыёпрыёмнікі або тэлевізары. У гэты час перадаецца  экстранае паведамленне, у якім гаворыцца аб надзвычайнай сітуацыі, і даюцца ўсе неабходныя рэкамендацыі для наступных дзеянняў.

 А калі  знаходзіцеся на працы, першае, што можна параіць — адразу адключыце абсталяванне. Прывядзіце ў гатоўнасць размешчаныя на тэрыторыі вузлы праваднога вяшчання, уключыце радыё і тэлевізійныя станцыі. Раскажыце аб атрыманым сігнале астатнім і падрыхтуйцеся да праслухоўвання  інфармацыі. Далейшыя паво­дзіны павінны вызначацца непасрэдна гэтымі ўказаннямі.

 Для хімічна небяспечных аб’ектаў маюцца свае лакальныя сістэмы абвесткі, тэхнічныя сродкі якіх павінны знаходзіцца ў рэжыме пастаяннай гатоўнасці да перадачы сігналаў і інфармацыі. Акрамя таго, яны забяспечваюць аўтаматызаванае ўключэнне апавяшчальных сродкаў па сігналах тэрытарыяльнай сістэмы і ад дзяжурнага дыспетчара патэнцыйна небяспечнага аб’екта. З дапамогай да­дзенай сістэмы аб небяспецы інфармуецца не толькі кіраўнік і персанал ­аб’екта, але і насельніцтва, якое трапляе ў зону магчымага паражэння.

 Такім чынам, пры сігнале «Увага ўсім!» на момант узнікнення аварыі, звязанай з выкідам небяспечных хімічных рэчываў, неабходна ўключыць радыё і тэлевізар для атрымання дакладнай інфармацыі і рэкамендуемых дзеяннях. Варта таксама зачыніць вокны, адключыць электрабытавыя прыборы і газ. Часовае адсяленне людзей з тых жылых дамоў і ўстаноў, якія знаходзяцца ў зоне магчымага заражэння, плануецца загадзя па даных папярэдняга прагнозу.

 У выпадку прыняцця экстранных мер рэагавання, калі магчымасць вываду з зоны надзвычайнай сітуацыі адсутнічае, насельніцтва, якое пражывае або працуе ў непасрэднай блізкасці, як правіла, не выводзіцца з небяспечнай зоны, а хаваецца ў жылых (вытворчых і службовых) будынках і збудаваннях. Праводзіцца герметызацыя памяшканняў: шчыльна зачыняюцца дзверы, вокны, вентыляцыйныя адтуліны і коміны, а наяўныя ў іх шчыліны заклейваюцца паперай або скотчам. Выкарыстоўваюцца і сродкі індывідуальнай абароны органаў дыхання — процівагазы. Пры іх адсутнасці можна выкарыстаць ватна-марлевыя павязкі або іншыя бытавыя рэчы, якімі можна прыкрыць рот і нос, увільготненыя 2,5-працэнтным водным растворам харчовай соды (для абароны ад хлору) або двухпрацэнтным водным растворам цытрынавай або воцатнай кіслаты (для абароны ад аміяку).

 — Як ужо было сказана, маўленчыя паведамленні — гэта асноўны спосаб абвесткі насельніцтва, — адзначыў Дзмітрый Пшанко. — Так, скажам, пры пагрозе паводкі пачуеце прыкладна наступнае: «Увага! У сувязі з ліўневымі дажджамі і рэзкім павышэннем узроўню вады ў рацэ… чакаецца затапленне дамоў па вуліцах… (пералічваюцца). Насельніцтву, што пражывае ў зоне магчымага падтаплення (затаплення), перанесці неабходныя рэчы, адзенне, абутак, прадукты харчавання на гарышчы, верхнія паверхі”. У выпадку магчымага затаплення першых паверхаў будзе перададзена дадатковая інфармацыя. Будзьце гатовыя пакінуць дом. Перад адыходам адключыце электрычнасць, газ, ваду, патушыце агонь у печах. Не забудзьцеся ўзяць з сабой дакументы і грошы. Паведаміце пра гэта суседзям. Акажыце дапамогу дзецям, састарэлым і хворым. Пры ўсім тым абавязкова захоўвайце спакой і парадак.

 Калі вялікая вада заспела ў полі, лесе, выходзьце на больш высокія месцы. Пры адсутнасці прыдатных участкаў залезце на дрэва. Выкарыстоўвайце ўсе прадметы, здольныя ўтрымаць чалавека на вадзе — бярвёны, дошкі, абломкі платоў,  драўляныя дзверы, бочкі, аўтамабільныя шыны. Сачыце за нашымі паведамленнямі. Натуральна, іншым надзвычайным сітуацыям  адпавядаюць іншыя варыянты маўленчых паведамленняў.

 Стаць ахвярай падобных і іншых  надзвычайных сітуацый не пажадаеш нікому. На жаль, поўнай гарантыі таго, што гэтага не адбудзецца, даць немагчыма.  Важна ведаць, як паводзіць сябе ў экстрэмальнай абстаноўцы. І самае галоўнае, памятайце, што асноўны вораг — гэта паніка, якая часцей за ўсё прыводзіць толькі да негатыўных наступстваў. Трымайце сябе ў руках, адэкватна ацэньвайце абстаноўку і строга выконвайце ўсе рэкамендацыі. Гэта гарантыя ўласнай бяспекі.

В. ВАЛОДЗІН.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.