Узнагароды за мужнасць

Пяцёра сыноў нара­дзіла і выгадавала  Марыя Ільінічна Азаронак з вёскі Верабкі. Не магла налюбавацца жанчына  сваімі хлопцамі, якія раслі, бы тыя дубочкі ў полі, дужымі і  статнымі. Не здагадвалася, што яе мацярынскае шчасце бу­дзе нядоўгім. Падраслі і паляцелі ў вялікі свет з хатняга гнязда старэйшыя сыны Васіль і Якаў. Вясной 1941 года стаў чырвонаармейцам Андрэй. Каля маці заставаліся васямнаццацігадовы Яўген, які вучыўся ў Лепельскім педвучылішчы, і  самы меншы з братоў трынаццацігадовы Валодзька. Жыві і радуйся, ганарыся сваімі  сынамі.

Але бяда прыходзіць зусім не адтуль, адкуль чакаеш. Скаланулася мацярынскае сэрца ад трывогі, якая прыйшла разам са звесткай аб пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

  Першым з  Азаронкаў вайну сустрэў Андрэй, які служыў ужо некалькі месяцаў у Беластоку. Там жа трапіў у нямецкі палон. Невыносныя лагерныя ўмовы ўвесь час прымушалі думаць пра ўцёкі. Праз некалькі дзён палону Андрэй  падлез пад дрот і такім чынам апынуўся на волі. Праз колькі часу вярнуўся ў родную вёску.

  У хуткім часе пагрукаў у дзверы роднай хаты Якаў, якому таксама пашчасціла вырвацца жывым з нямецкага палону. Працягваў біць ворага старэйшы Васіль. Менавіта ён стаў першай ахвярай, якую забярэ ў сям’і вайна. Васіль памёр ад ран у студзені 1942 года пад Масквой. Толькі пасля перамогі родныя даведаюцца пра гэта.

  Сабраная амаль у поўным складзе сям’я Азаронкаў без справы не сядзела. Як толькі ў наваколлі з’явіліся партызаны, Якаў, Андрэй  і Яўген  адразу падаліся да іх. Здарылася гэта ў студзені 1943 года, калі ў вёску завіталі партызаны з брыгады “Чэкіст”. У красавіку таго ж года разам са сваім падраздзяленнем пакінулі браты родныя мясціны і падаліся на Магілёўшчыну. Мужна змагаліся з ворагам Азаронкі. Яўген быў кулямётчыкам, затым камандаваў узводам. Якава  залічылі ў разведку. У адной з сутычак з немцамі ў чэрвені 1943 года ён загінуў. Андрэй  стаў падрыўніком, у складзе групы пусціў пад адхон дзевяць варожых эшалонаў.

  Нямала гора нацярпелася Марыя Ільінічна — увесь час думала, малілася за сваіх дзетак. Аднак сама не ўратавалася, як не ўратавала і свайго самага меншага Валодзьку, што быў увесь час ля маці. Пад час блакады ў маі 1943 года каля Барсукоў хлопца напаткала варожая куля. Марыю Ільінічну карнікі схапілі ў лесе каля Валовай гары. Як маці партызанаў скіравалі ў лагер смерці Асвенцім.

  Пасля вызвалення Беларусі браты Андрэй і Яўген ваявалі ў дзеючай арміі. У баі ля вёскі Замполь, што ў Германіі, Яўген закідаў гранатамі варожую кропку, агнём аўтамата знішчыў сем немцаў. За гэты подзвіг быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені.  Атрымаў такі ж ордэн і Андрэй. Браты мелі шэраг іншых дзяржаўных узнагарод.

  Адгрымеў салют Перамогі. Вярнулася з канцлагера  Марыя Ільінічна. У хуткім часе прыйшлі з вайны Яўген з Андрэем. Засталіся жыць браты ў роднай вёсцы. Яўген настаўнічаў у Чарнаруччы, Свядзіцы, быў старшынёй Стайскага сельсавета. Андрэй загадваў крамай, якая размяшчалася ў яго хаце,  працаваў у мясцовым калгасе, на розных прадпрыемствах Лепеля.

Валерый ТУХТА,

краязнавец.

 На здымку: Яўген Азаронак (з ордэнам).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.