У адной звязцы

Для чаго пакараюць вяршыні? Я не альпініст, на жаль (а можа, на шчасце?), не магу ведаць адказу на гэтае пытанне. Але ж я шмат чуў пра альпіністаў. Яны ідуць упарта, сцяўшы зубы, узбіраюцца ўсё вышэй і вышэй, спатыкнуўшыся, зрываюцца, але не падаюць у бяздонне прорваў і не разбіваюцца. Чаму? Ды таму, што іншыя, у адной звязцы, зноў жа, сцяўшы зубы, з апошніх сіл трымаюць таго, хто спатыкнуўся і паляцеў уніз.

Можна па-рознаму ставіцца да дзівацтваў альпіністаў, якія ўзыходзяць на ўсё новыя і новыя вяршыні, быццам бы толькі дзеля таго, каб хмельнымі ад шчасця пастаяць на іх і агледзецца, з вышыні паўзірацца ў наваколле і ўсвядоміць сябе на новай вяршыні… Можна па-рознаму ставіцца, але не паважаць гэтых людзей немагчыма. Бо менавіта ў іх дружба — не для слоў прыгожых і пачуццяў прыемных, а для жыцця, для выжывання. Гэта найярчэйшы ўзор сапраўднай дружбы. Бо менавіта яны праверылі на сваёй скуры, што такое высока падняцца і нізка ўпасці. Бо гэта пра іх кажуць, што яны “ў адной звязцы”, укладваючы ў гэта не вобразны, а рэальны змест. Бо гэта пра іх высакароднае дзівацтва спяваў Уладзімір Высоцкі: ”Лучше гор могут быть только горы, на которых ещё не бывал…”
Сініцын незнаёмы…
Ці шмат хто ведае, што старшыня Каменскага сельскага савета Мікалай Сініцын… альпініст? Хіба толькі рабочыя, што разам з ім упарадкоўвалі-акультурвалі грамадзянскія могілкі ў аграгарадку. Трэба было высокія дрэвы пазразаць. Паспрабуй зрабіць гэта, не пашкодзіўшы помнікаў ці агароджаў. Сініцын махнуў рукой і сказаў даволі катэгарычна: “Абыдземся!”. Дзіва, гэты чалавек наколькі катэгарычны, настолькі ж і лаяльны, ветлівы, больш скажу, з прыродным інтэлігенцкім тактам. А які цікавы субяседнік! Вось бывае ж у людзях тое, чым прыцягваюць з першага ж поціску рукі… З такой кагорты людзей Сініцын.
Біяграфіі людскія часцей падобныя: вёсачка родная, бацькі-калгаснікі, сям’я (найчасцей у людзей старэйшага пакалення) вялікая-шматдзетная, школа, вучылішча, інстытут, кар’ера. Усё гэта было і ў Мікалая Сініцына: і родныя Рагуцкія — вёсачка на Ушаччыне, і бацька-механізатар, і маці-даярка, і, адпаведна, бітоны, якія трэба было цягаць на ферме, дапамагаючы маці, і адмераная калгасным брыгадзірам дзялянка льну, які трэба было вычубіць, каб пасля скасіць сена для кароўкі. Гэта не зараз, калі сена з уласнага агарода думаеш, каму б загнаць, а яго ніхто і дарма не бярэ. Раней з-за надзелаў і лаяліся людзі, ледзь не ворагамі станавіліся. Я таксама застаў гэты час… Усё гэта было і ў малога Колі Сініцына, адзінага ў сям’і хлапчука, сярод чатырох сясцёр. Што і казаць, выйшаў хлопец з немаленькай сям’і, хоць да старэйшага пакалення яго не прыпішаш. Пяцьдзясят чатыры гады — сярэдні ўзрост мужчыны.
Дзяцінства — як ва ўсіх, а вось цікавае ў біяграфіі Колі Сініцына пачынаецца ў Аршанскім педвучылішчы, куды ён падаўся па прафесію настаўніка, будучага выкладчыка працы і чарчэння.
— У будатрады ездзілі? — пытаюся.
— Ды не, — адмахваецца Мікалай Мікалаевіч. — Хіба толькі на бульбу на Дубровеншчыну, — і раптам дадае, — на тое самае поле, дзе Міша Мароз загінуў. Памятаеце такога?
Ну, хто з нас, камсамольцаў васьмідзясятых, не памятае подзвігу Міхаіла Мароза, які стаў ахвяраю, падарваўшыся на бульбяным полі на снарадзе часін Вялікай Айчыннай вайны, зрабіўся ў адначассе героем і кумірам тагачаснай моладзі!
Аказваецца, мой суразмоўца не толькі ведае Міхаіла, але і вучыўся разам з ім, нават нейкі час жылі ў адным інтэрнацкім пакоі. Аказваецца, ваенныя снарады на бульбяных палях Дубровеншчыны — не дзіва, а суровая будзённасць… І вось я слухаю найцікавейшы расповед пра тую амаль фантастычную будзённасць, пра куміраў, якіх стваралі ідэолагі эпохі развітога сацыялізму… Не буду заінтрыгоўваць тым расповедам чытача, а можа і расчароўваць яго. Бо і сам верыў таму часу і яго героям, і самому прыйшлося аднойчы расчаравацца. Скажу толькі, што менавіта ў вучылішчы пачалося ў Колі Сініцына зацікаўленне турызмам. Настаўнік фізкультуры там быў апантаным аматарам гэтай справы.
А затым была армія — Маскоўская ваенная акруга. Суровыя выпрабаванні… “дзедаўшчынай”, пра якую Сініцын, будучы выкладчык ваеннай падрыхтоўкі, распавядае таксама шчыра, з катэгарычнымі высновамі, не здраджваючы свайму сумленню. Бываюць жа людзі, бескампрамісная катэгарычнасць якіх падкупляе… Зрэшты, тыя выпрабаванні былі не такімі страшнымі для камунікабельнага хлопца з добрай фізічнай загартоўкай, які мог, скажам, падцягнуцца на турніку трыццаць разоў.
Амаль дваццаць гадоў пасля настаўнічаў Мікалай Мікалаевіч у Вялікадолецкай школе на Ушаччыне, вёў геаграфію і ваенную справу. Які ж ваенрук без спартыўнай выпраўкі? Які ж географ без практычнага ведання карты сваёй краіны? І вось Сініцын адпраўляецца на курсы пешаходнага турызму, што працуюць у Мінску, на станцыі юных турыстаў, і кожнае лета бавіць у паходах. Асабліва актывізавалася яго валацужніцтва, калі працаваў настаўнікам у Старых Дарогах. Там ён вёў гурток школьнага турызму.
Паходы… паходы… Самалётам — да месца новага паломніцтва, а потым цяжкі рукзак на плечы, вяроўкі ў звязку — і ў горы! Туркменістан, Крым, Каракумы, Канетдах, Каўказскі хрыбет і перавал да Чорнага мора, Піцунда і Гагры. Каля двухсот кіламетраў па гарах за дванаццаць дзён — паход трэцяй катэгорыі, з дзецьмі. З дарослай камандай на Алтаі адольвалі трыста кіламетраў за дваццаць дзён. Думаеце, было ўсё так проста і гладка? Памятаеце, у Высоцкага: “Здесь вам не равнина, здесь климат иной, проходят лавины одна за одной, а далее за камнепадом идёт камнепад…” На Алтаі хлопцу са Смалявіч “каменьчыкам з гары” зламала ключыцу. Добра, быў побач лагер аўстрыйцаў. Тыя хуценька даставілі хлопца самалётам да Барнавула. У Цянь-Шані трапілі пад лавіну, якая пракацілася літаральна перад самым носам.
— Пад снежным казырком у гарах, зрэшты, лепш не хадзіць, — кажа Мікалай Мікалаевіч, — той у любое імгненне можа абрынуцца. — Але некаторыя рызыкуюць, скарачаючы такім чынам шлях, а магчыма, і жыццё…
На Каўказе яны бачылі след ад такой лавіны, якая на сваім шляху “спілавала” дрэвы тоўстыя, быццам запалкі…
Затое ж запомніліся і братэрскія гульні з мясцовай моладдзю ў Кіргізіі ды Арменіі, і спакойныя вандроўкі па Чачні. І гэта ў той час, калі ўжо пачыналіся неціхоты. Канфлікты, перакананы Сініцын, распальваюць палітыкі, а народы тым часам жывуць па сваіх законах.
… і знаёмы
Гэта быў невядомы нам Сініцын. І вось ён іншы, звыклы, такі, якім і ведаюць многія яго на Лепельшчыне — гаспадарнік, старшыня сельвыканкама, чалавек з надзвычайным пачуццём адказнасці і зайздросным уменнем адчуваць локаць калегі, сябра, паплечніка, працаваць з людзьмі і для людзей. Пачуцця адказнасці прыдалі горы. Каштоўных псіхалагічных якасцяў — прафесія і досвед настаўніка. Будучую жонку, зрэшты, сустрэў ён таксама ў гарах. Альпініст альпіністку здалёку ўбачыў… Павёз сям’ю бліжэй да сваёй радзімы, аблюбаваўшы сінявокі Камень, дзе сам пабудаваў урэшце дом. Спачатку працаваў настаўнікам у мясцовай школе, шаснаццаць гадоў таму прапанавалі пасаду старшыні сельвыканкама. Магчыма, мог бы і адмовіцца, але гэта была новая вяршыня, да якой ён яшчэ не хадзіў. А значыць — трэба паспрабаваць!
Да новай вяршыні праляглі іншыя шляхі, ды ўсё праз тыя ж церні… Не ведаю, можа, ён прывык да прыгажосці гор, выхаваны ёю, а таму і свой Камень, дзе асела яго сям’я, дзе пабудаваў дом, дзе выраслі яго дзеці, старшыня Сініцын хоча бачыць прыгожым. Ці не таму ён рашучы прыхільнік, напрыклад, зносу старых лядачых дамоў, якія не толькі псуюць выгляд навакольных вёсак, але і навяваюць нейкую апатыю, бездапаможнасць. За гады дзеяння адпаведнага прэзідэнцкага ўказа на Каменшчыне знесена, падумаць толькі, сто дванаццаць такіх хацін літаральна па ўсіх вёсках. І працэс працягваецца. Іншым разам працэс гэты ідзе марудна і пакутліва, адчужэнне маёмасці ідзе праз суды з нерадзівымі так званымі “нашчадкамі” гэтай лядачай “спадчыны”, але ж не спыняецца. А на свабодных плошчах сям-там ужо паяўляюцца новабудоўлі — у Чарэйшчыне, Камені, Бары.
Сініцын хоча бачыць гэты край прыгожым. Прадаючы зямельныя ўчасткі людзям, хоць і прышлым, але ж гаспадарлівым, сельсавет такім чынам крыху зарабляе грошы, каб затым пусціць іх на тое ж добраўпарадкаванне, водазабеспячэнне і г.д. Летась, напрыклад, зарабілі такім чынам трыста пяцьдзясят мільёнаў, зусім не лішніх у гаспадарцы грошай.
— Ці не баіцеся вы прадаваць участкі чужынцам? — пытаюся ў Мікалая Мікалаевіча.
— Ды не. Прынамсі, тыя, хто купіў нашы зямельныя ўчасткі і зараз на іх будуецца, людзі прыстойныя, гаспадарлівыя. Яны ствараюць працоўныя месцы для мясцовага насельніцтва, яны акультурваюць тэрыторыю вакол, спраўна плацяць падаткі, купляюць нашы будматэрыялы, прадукты, тым самым папаўняюць мясцовы бюджэт. Што ж тут кепскага? Чым болей будзе ў нас культурных і гаспадарлівых людзей, тым лепей.
Гэты гаспадарнік з педагагічным крэда і альпінісцкай упартасцю дбае не толькі аб прыгажосці, а і аб якасці жыцця. Не злазіць з тэлефона, пакуль не пачысцяць камунальнікі ад снегу кожную вуліцу, а то і кожны самы маленькі завулачак. Да кожнай хаты павінны прывезці-памяняць газавы балон, павінна, калі раптам што, дабрацца “хуткая дапамога” і г.д. Зрэшты, сёлета ў старшыні ёсць пэўныя прэтэнзіі да выканаўцаў дамовы па ачыстцы зімовых вуліц — не паспяваюць.
У Аўласаве — бяда з вадою. Адзіная студня, ды і там часам становіцца непрыгоднаю для спажыву вада — аднекуль прыцякае верхаводка. Трэба весці водаправод! Адлегласць невялікая — які кіламетр ад аграгарадка. Ды “фішка” ў тым, што акурат па гэтым кіламетры праходзіць лінія газаправоду. Спатрэбіўся шэраг узгадненняў. Вось і гэтую “скалу” ўрэшце ўдалося адолець. Падрыхтавана праектная дакументацыя… Будзе ў Аўласаве вада!
Праблемы бываюць маленькія і вялікія, але ўсе яны аднолькава значныя, важныя для людзей — ці добраўпарадкаванне гарадка, ці мадэрнізацыя жывёлагадоўчых фермаў, якіх усё болей становіцца на Каменшчыне, ці акультурванне асобна ўзятых могілак, як вунь каталіцкія пахаванні ў Камені, што раптам паўсталі на парадку дня ў бліжэйшых планах сельсавета.
Ды ці мала руціннай працы ў кіраўніка мясцовай улады! Не буду абцяжарваць чытача шэрагам гаспадарчых штодзённых падрабязнасцяў, пра якія ўжо не аднойчы казалі, пісалі, спрачаліся, рабілі высновы. Скажу толькі, што і да новай сваёй вяршыні чалавек года Віцебшчыны Мікалай Мікалаевіч Сініцын імкнуў, як заўсёды, не адзін, а ў цеснай звязцы з людзьмі, з якімі ён, кіраўнік, спрацаваўся, якіх здолеў аб’яднаць агульнаю справаю. Напэўна, дапамаглі звычка спартыўнага трэнера і альпінісцкая ўпартасць. Адзін і ў гарах не воін, і на раўніне не пан. А таму на заслужаную ўзнагароду ён пазірае крышачку звысоку, ацэньваючы яе як калектыўны поспех. Гэты чалавек, як заўсёды, глядзіць крыху далей, чым іншыя, ён умее зазірнуць у будучыню…
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Мікалай Сініцын.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.