У ботах і з парасонам

Базар апошняй нядзелі сустрэў непрывычным спакоем: мала было як прадаўцоў, так і пакупнікоў. Прычын на тое дзве: надвор’е і працоўны дзень. З-за таго, што з неба за каўнер так і ліліся кроплі халоднага дажджу, пад нагамі быў мокры і коўзкі лёд. Лепяльчанам  не дужа хацелася без залішняй патрэбы выходзіць на вуліцу. А тыя, хто ўсё ж адважыўся выйсці, часцей спяшаліся на працу.

на базар ішлі адзінкі. Актуальным абуткам былі гумовыя боты, а аксэсуарам — парасон. Аксана, якая ў крытым павільёне прадае каву і чай, распавяла, што самы бойкі гандаль у яе быў напярэдадні Восьмага сакавіка і ў сам дзень свята.

 Сельгаспляцоўка таксама была непаўналюднай, з дзвюх машын прадавалі збожжавыя, з пяці — бульбу, яшчэ па пары прадаўцоў прывезлі капусту, моркву. Кошты на клубні ўжо некалькі месяцаў вызначаюцца стабільнасцю, нават, па прызнаннях некаторых бульбаводаў, застоем. Дзесяць тысяч рублёў за вядро не акупляюць іх расходы на вырошчванне, захоўванне, прывоз тавару. Каб акупіць палі­ва на прыезд з Пышна ці Каменя, трэба прадаць мех бульбы, што ўдаецца далёка не ў кожны базарны дзень. Хіба што пэўнай сумай папаўняюцца сямейныя бюджэты. Некаторыя вяскоўцы спадзяюцца, што з прыходам вясны актывізуюцца перакупшчыкі, якія вывозяць сельгаспрадукцыю ў Расію.

 — Не адбудзецца гэтага сёлета, — пярэчаць ім іншыя, — бо леташні год быў надзвычай ураджайны не толькі ў Беларусі, а і ў Расіі.

 Як варыянт прапануюць набываць парасят і ім скормліваць бульбу. Дарэчы, кошты на маладняк апошнім часам падняліся даволі істотна, да 600 — 700 тысяч за галаву. Хоць і частыя выпадкі, калі прадаўцы вяртаюцца дахаты, не прадаўшы нічога, усё ж зніжаюць цэны крайне неахвотна.

 Кошты на малако і прадукты з яго з часу апошняй публі­кацыі замалёвак не змяніліся. малако прадавалі па 15 тысяч за трохлітровы слоік, смятану — па дзесяць тысяч за паўлітровы, тварог — па 28 тысяч за кілаграм. Мёд прапаноўвалі па 45 тысяч за паўлітра. Там жа, на радах, гандлявалі свежай капустай па паўтары тысячы за кіло, квашанай — па шэсць тысяч, на тысячу танней — салёнымі бачкавымі агуркамі.

 Літаральна насупраць прадаўцы свежай агародніны і садавіны прапаноўвалі свежыя айчынныя агуркі  па 33500 і памідоры імпартныя па 29500 рублёў.

 Гандаль свежамарожанай рыбай, па прызнаннях прадаўцоў, не надта залежыць ад будзённых ці святочных дзён. Свежамарожаныя селядцы каштуюць 19 тысяч рублёў за кілаграм, а салёныя — па 30 тысяч.

 Напрыканцы хацелася б распавесці пра самы актуальны ўвесну тавар — насенне. Аднак у дажджлівы базарны дзень яго прапаноўвалі толькі тры прадаўцы. Насенне морквы, капусты, агуркоў, памідораў, кветак прапаноўвалася ў пакеціках ад трох да пяці тысяч у залежнасці ад сорту, вытворцы. Былі варыянты і даражэйшыя, так што з сумай, меншай за пяцьдзясят тысяч рублёў, да сталоў і ларкоў з насеннем падыходзіць не варта. А паколькі надвор’е не спрыяла, то і прывычных чэргаў за гэтым таварам не было.

Б. САНЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.