У нашым доме мы гаспадары

Горад наш невялікі, ціхмяны, такі “дамашні” і такі свой. Мы любім яго і шануем, будуем і ўпрыгожваем. Як ён расце і развіваецца, як мяняецца на вачах? Што мы ўжо зрабілі для роднага горада і што яшчэ хацелася б зрабіць — пра гэта наша размова з галоўным спецыялістам аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, галоўным архітэктарам Вадзімам Варганом.

— Вадзім Алегавіч, што, на ваш погляд, найбольш значнае было зроблена за апошнія гады, каб наш горад стаў яшчэ больш утульным і прыгожым?

— Цяжка выдзеліць штосьці. Для горада важна ўсё — кожная адрамантаваная лавачка, кожны бар­дзюр на тратуары, кожнае пасаджанае дрэўца. Горад — гэта наш дом. А ў гаспадарцы не бывае дробязяў. Прыемна адзначыць, што за апошнія гады вырас цэлы новы мікрараён — сем пяціпавярхо­вікаў па вуліцы Чуйкова. Гэта да пытання капітальнага будаўніцтва. Што да рамонтных работ, то яны не спыняюцца ні на дзень. Адрамантаваны будынак чыгуначнага вакзала. Многія прадпрыемствы і арганізацыі — ПМС, МКК, ДРБУ-202, гаргаз і іншыя — па­клапаціліся пра парадак на сваёй тэрыторыі. Значны аб’ём тратуарнай пліткі ўкладзены ў гарадскім парку. Пліткаю замасцілі таксама тратуар па вуліцы Горкага, кладуць яе і па Чуйкова. Праведзены ямачны рамонт асфальтавага пакрыцця на вуліцах Інтэрнацыянальнай, Чуйкова, часткова — на Лабанка. Добраўпарадкаваны ўчастак вуліцы Карла Маркса ад Інтэрнацыянальнай да плошчы Свабоды. Закранулі рамонтныя работы і вуліцу Савецкую.

 — Апошнім часам у нашым горадзе шмат выразалі старых дрэў, а ці саджаюць новыя?

 — Так, старыя аварыйныя таполі амаль паўсюль давялося ліквідаваць, бо яны ўяўлялі рэальную небяспеку. Ды і ўвогуле па заяўках жыхароў камунальнікі ў кожным выпадку індывідуальна вырашаюць праблему аварыйных дрэў. А новыя, вядома ж, садзім. Закладзена каштанавая “Алея славы” па вуліцы Чуйкова. А як папрыгажэў скверык на “Пятачку”, калі ў свой час заміж старых дрэў пасадзілі прыгожыя маладыя!

 — А затым і ўстанавілі побач скульптурную кампазіцыю “Пятачок”. Згодзен, цікава і арыгінальна. Народ доўга прыглядваўся, дзівіўся — спадабалася.

 — Не менш арыгінальныя і скульптуры, устаноўленыя ў парку —  заснаваль­ніку нашага горада Льву Сапегу, а таксама істоце Русалцы.

 — Як можна без Русалкі ў горадзе, які стаіць ля вады… Дарэчы, а што з вадою пітною? Як вырашаецца пытанне з яе забеспячэннем?

 — У дадатак да трох існуючых свідравін будзе прабурана новая і закальцаваны вода­правод у раёне былога завода шасцерань. Такім чынам, пачалася другая чарга будаўніцтва водаправода ў нашым горадзе.

 — Вось бы яшчэ і газавым ацяпленнем усіх забяспечыць.

 — Гэтыя работы таксама не стаяць на месцы, зараз праводзіцца газіфікацыя цэнтра горада, а заадно і бліжэйшых аграгарадкоў Вялікі Поўсвіж і Старое Лядна. Створаны спажывецкі кааператыў па газіфікацыі “Майскі”.

 — Архітэктар — заўсёды крыху рамантык: ён ведае горад учарашні і бачыць яго заўтрашнім. Ці не падзеліцеся сваім бачаннем Лепеля ў бліжэйшай перспектыве?

 — На будучыню прасцей глядзець праз рэальныя планы. Плануецца забудова мікрараёна паміж вуліцай Чуйкова і мінскай шашой паблізу іх скрыжавання. Там вырасце вялікі жылы масіў з адпаведнай інфра­структурай. У перспектыве — пераезд раённага краязнаўчага музея ў будынак, дзе апошнім часам размяшчаўся цэнтр дзіцячай творчасці. Праектная дакументацыя на рэстаўрацыю будынка падрыхтавана ўжо. Бліжэйшым часам плануецца будаўніцтва стакватэрнага дома па вуліцы Чуйкова і ўжо вядзецца добраўпарадкаванне двара ля дома па Інтэрнацыянальнай, 43. Усяго на будучы год запланавана будаўніцтва чатырох тысяч квадратных метраў індывідуальнага жылля.

Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.