У раённым выканаўчым камітэце

Другасная сыравіна

Для размяшчэння адходаў у рэгіёне функцыянуюць палігон па Аршанскай шашы, асноўны міні-палігон «Бароўка» і 15 міні-палігонаў у сельскіх населеных пунктах, якія знаходзяцца на абслугоўванні камунальнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі «Лепель» і камунальнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства “Бароўка”. Для збору адходаў створана 40 пляцовак. На пункце дасартавання ўстаноўлена абсталяванне для прэсавання макулатуры і поліэтыленавага пакавання.


Прымаюць другасныя матэрыяльныя рэсурсы тры нарыхтоўчыя пункты і 70 прадпрыемстваў гандлю, тры раз’язныя нарыхтоўшчыкі. Устаноўлены і працуюць 100-тонныя аўтамабільныя вагі, абсталяваны пляцоўка, тры склады і дзве паветкі для другасных матэрыяльных рэсурсаў, усталяваны прэс для пакетавання. На перапрацоўчыя прадпрыемствы здадзена 258,3 тоны макулатуры, 62,6 — адходаў шкла, 4,4 — тэкстылю, 5,1 — пластмас і поліэтыленавай упакоўкі, 2 тоны гумаўтрымліваючых адходаў, 10 тысяч кубічных метраў адходаў лесапілавання і дрэваапрацоўкі.
У ходзе праверак выканання раённай праграмы кантралюючымі службамі раёна за розныя парушэнні, звязаныя з утрыманнем тэрыторый, несанкцыянаваным размяшчэннем адходаў, выдадзена 321 прадпісанне, складзена 109 пратаколаў на юрыдычных асоб, службовых асоб і грамадзян. Пры ўсім тым прадпрыемствамі ЖКГ дапускаюцца хібы з вывазкай цвёрдых камунальных адходаў у сельскіх населеных пунктах, не вырашаны да канца пытанні канчатковага абуладкавання кантэйнерных пляцовак, міні-палігонаў. Вычарпалі свае магчымасці палігон па захаванні цвёрдых камунальных адходаў па Аршанскай шашы і асноўны міні-палігон «Бароўка» ў раёне кар’ера. Патрабуе большай настойлівасці рэалізацыя сістэмы экалагічнай асветы насельніцтва, растлумачэння важнасці паасобнага збору адходаў.

Рэзерв кадраў

Зараз у рэзерве кіруючых кадраў райвыканкама ўключана 114 кандыдатаў на 71 пасаду кадравага рэестру. Усе яны маюць вышэйшую адукацыю, трое — дзве вышэйшыя, сем прайшлі перападрыхтоўку ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, 16 чалавек павышалі кваліфікацыю на абласным і рэспубліканскім узроўні, 32 часова выконвалі абавязкі кіраўніка арганізацыі, структурнага падраздзялення.

Сфарміравана і спецыяльная група рэзерву, у склад якой увайшлі перспектыўныя кіраўнікі і спецыялісты, якія маюць вопыт кіруючай работы і здольныя па сваіх дзелавых і асабістых якасцях да замяшчэння адказных кіруючых пасад. У перспектыўны кадравы рэзерв райвыканкама ўключаны 21 чалавек ва ўзросце да 31 года.
У большасці выпадкаў прызначэнне на кіруючыя пасады адбываецца з рэзерву кадравага корпуса. Установай аховы здароўя «Лепельская цэнтральная раённая бальніца» ўсталяваны кадравы рэзерв на намеснікаў галоўнага ўрача і загадчыкаў аддзяленняў. Аднак не фарміруецца рэзерв на галоўных урачоў Слабадской участковай бальніцы і Пышнянскай бальніцы сястрынскага догляду, а таксама загадчыкаў фельчарска-акушэрскіх пунктаў, што вызначана рэестрам старшыні райвыканкама.
Недастатковай прызнана работа з рэзервовым кадравым корпусам у аддзеле культуры райвыканкама, камунальным унітарным вытворчым прадпрыемстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі «Лепель», камунальным унітарным вытворча-гандлёвым прадпрыемстве «Прывулле», камунальным унітарным прадпрыемстве «Праектна-архітэктурнае бюро горада Лепеля і раёна» і інш.

Незавершанае будаўніцтва

Скарачэнне аб’ёмаў незавершанага будаўніцтва і тэрмінаў узвядзення будынкаў і збудаванняў з’яўляецца адной з задач для дасягнення галоўнай мэты будаўнічай палітыкі на доўгатэрміновую перспектыву.

Налічваецца не адзін дзясятак жылых дамоў, якія будуюцца індывідуальнымі забудоўшчыкамі з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў. Разам з адсутнасцю ў большасці грамадзян неабходных фінансавых сродкаў пакуль яшчэ не адпрацаваны эканамічныя стымулы, якія падахвочваюць індывідуальных забудоўшчыкаў завяршаць будаўніцтва або адчужаць недабудаваныя дамы.
У мерапрыемствы па скарачэнні колькасці звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва на сёлетні год уключаны 22 аб’екты.
Прадугледжваецца завяршэнне ўзвядзення 20 і продаж двух аб’ектаў.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.