У раённым выканаўчым камітэце

Звароты грамадзян

Звароты грамадзян даюць уладам магчымасць трымаць руку на пульсе сацыяльных працэсаў у грамадстве, ствараць камфортныя ўмовы для пражывання ў пэўным рэгіёне. Летась у райвыканкам паступіла ўсяго 294 звароты ад грамадзян: 218 — пісьмовых, 76 — вусных. 9 зваротаў — ад юрыдычных асоб. Колькасць іх у параўнанні з аналагічным перыядам 2011 года зменшылася на 26 (294/320); структурныя падраздзяленні атрымалі 106.

У сельскіх выканаўчых камітэтах разгледжана 199 зваротаў — на 51 менш за аналагічны перыяд 2011 года (199/250). Павялічылася на сем колькасць калектыўных скаргаў, а таксама паўторных — на два.
За справаздачны перыяд у райвыканкам паступіла шэсць калектыўных зваротаў з 30 і больш подпісамі. У вышэйстаячыя органы лепяльчане адрасавалі 77 скаргаў.
Уладныя структуры рэгіёна настойліва ўкараняюць новыя формы работы, якія дазваляюць грамадзянам аператыўна вырашаць паўсядзённыя пытанні, атрымліваць больш інфармацыі аб дзейнасці раённага выканаўчага камітэта і яго структурных падраздзяленнях. Летась на сайт выканкама паступіла дзевяць зваротаў грамадзян, адзін — ад юрыдычнай асобы. Усе яны разгледжаны ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны, падрыхтаваны і дадзены адказы на электронны адрас заяўнікаў.
На “гарачую лінію” патэлефанавалі 75 чалавек, у час правядзення “прамых тэлефонных ліній” — 40. Нашы землякі наракалі на недахопы ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, рэалізацыі жыллёвых правоў грамадзян, сацыяльнай абароне, землекарыстанні і землеўпарадкаванні, гандлі…
Натуральна, павелічэнне колькасці калектыўных і паўторных скаргаў, а таксама пісьмаў у вышэйстаячыя органы сведчыць аб недастатковай рабоце аддзелаў, упраўленняў і службаў райвыканкама па якасным вырашэнні пытанняў, якія хвалююць насельніцтва, папярэджанні негатыўных сітуацый.
У мінулым годзе структурнымі падраздзяленнямі райвыканкама было ажыццёўлена 30508 адміністрацыйных працэдур — на 2572 менш у параўнанні з 2011 годам, а колькасць запытаў павялічылася на 441.
Сельвыканкамамі выканана 8639 адміністрацыйных працэдур па заявах грамадзян — на 200 працэдур менш, чым пазалетась.
З мэтай прыняцця дадатковых мер па дэбюракратызацыі дзяржаўных органаў, абароне і забеспячэнні рэалізацыі правоў і законных інтарэсаў грамадзян, належным разглядзе іх зваротаў дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, забеспячэнні заяўнага прынцыпу “адно акно” прыняты канкрэтныя захады па ўдасканальванні ўсяго спектра работы са зваротамі грамадзян. Упраўленням, аддзелам, службам і сектарам райвыканкама, сельвыканкамам неабходна штоквартальна падводзіць вынікі працы са скаргамі грамадзян і рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2006/12/27 года № 2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату” на вытворчых нарадах, пасяджэннях сельвыканкамаў; аналізаваць сацыяльна значныя праблемы і прычыны.

Агляд-конкурс ідэалагічнай работы

Пераможцамі агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы па выніках 2012 года прызнаны працоўныя калектывы ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат” (дырэктар А.М. Міхайлоўскі); камунальнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства “Бароўка” (дырэктар У.Р. Аксяновіч); камунальнага ўнітарнага вытворчага сельскагаспадарчага прадпрыемства “Баброва” (дырэктар В.М. Храмцоў); камунальнага ўнітарнага прадпрыемства ДРАЦ “Жамчужына” (дырэктар В.І. Закрэўская); установы адукацыі “Лепельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж” (дырэктар А.З. Яфімовіч).
Пераможцы ўзнагароджваюцца Дыпломамі райвыканкама. Кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў рэкамендавана матэрыяльна заахвоціць работнікаў, адказных за арганізацыю ідэалагічнай работы.

Тэхніку — на лінейку гатоўнасці

 Неўпрыкмет праляцяць зімовыя дзянькі і завітае на Лепельшчыну пасяўны прыпар. Рыхтавацца да веснавых палявых работ варта старанна і дбайна. Інакш разлічваць на высокую аддачу зямлі-карміцелькі дарэмна. Не выпадкова на чарговым пасяджэнні райвыканкама разгледжана ў комплексе падрыхтоўка машынна-трактарнага парка да палявых работ, арганізацыя рамонту і тэхнічнага абслугоўвання сельгасмашын, захаванасці гаруча-змазачных матэрыялаў. Асабліва складанай сітуацыя застаецца ў ААТ “Ладасна”, КУВСГП “Лепельскае”, “Баброва”.

Адзначана нездавальняючая арганізацыя рамонту тэхнікі і правядзення тэхнічнага абслугоўвання энерганасычаных трактароў у ААТ “Ладасна” (С.В. Баханкевіч), КУВСГП “Лепельскае” (Р.С. Міснік), КУВСГП “Баброва” (В.М. Храмцоў), СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК” (А.П. Быкаў).
Упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, кіраўнікам сельскагаспадарчых арганізацый неабходна павысіць тэмпы давядзення да ладу сельскагаспадарчай тэхнікі і забяспечыць яе гатоўнасць і прыняцце ў эксплуатацыю ўнутрыгаспадарчымі камісіямі па актах выпуску з рамонту: плугоў, культыватараў, машын для ўнясення мінеральных угнаенняў, дыскавых барон, дыскатараў, камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў — да 15 лютага; збожжавых сеялак, камбінаваных пасяўных глебаапрацоўчых агрэгатаў, загрузчыкаў насення — да 1 сакавіка.
Адрамантаваную тэхніку трэба размяшчаць на асобных пляцоўках (лінейцы гатоўнасці) у тэхналагічнай паслядоўнасці і па відах, а таксама варта забяспечыць тэхнічнае абслугоўванне энерганасычаных трактароў у дылерскіх цэнтрах згодна з раённым планам-графікам.
Неабходна распрацаваць і зацвердзіць у сельскагаспадарчых арганізацыях комплекс мер па забеспячэнні кантролю расходу, прадухіленні крадзяжу і захаванасці гаруча-змазачных матэрыялаў; да 5 сакавіка трэба зрабіць паверку паліва-раздатачных калонак.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.