У сэрцы Сахары

 Пасля школы Люда, як і многія нашы выпускніцы, паступіла ў Аршанскае медыцынскае вучылішча. Пасля вучобы размеркавалі ў дзіцячае рэанімацыйнае аддзяленне абласной бальніцы, якому і аддала дзевяць гадоў працы. Практыку атрымала выдатную.

 Аднак заробкі ў сярэдняга медыцынскага персанала, асабліва ў моладзі без стажу, невысокія, таму Люда стала задумвацца аб перамене прафесіі. Паступіла ў Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт

на спецыяльнасць “фінансы і крэдыт”, на завочнае аддзяленне.

 Гады вучобы праляцелі даволі хутка, неўзабаве надышла пара дзяржаўных выпускных экзаменаў, абароны дыплома. Люда пачала шукаць новае месца працы, была перспектыва ўладкавацца ў адно з аддзяленняў банка.

 Але  ў “Медыцынскім весніку” прачытала аб наборы спецыялістаў-медыкаў на працу па кантракце ў Лівію. Публікацыя была надрукавана ўвесну 2010 года, калі ў краіне была цішыня, спакой, калі ні пра якую рэвалюцыю нават думкі не было.

 Галоўнымі патрабаваннямі для прэтэндэнтаў былі медыцынская адукацыя і стаж працы па спецыяльнасці не менш за пяць гадоў. На гутарку ездзіць давялося ў Мінск.

 — Справа ў тым, што ў самой Лівіі не хапае высока­кваліфікаваных медыцынскіх спецыялістаў, — распавядае Люда. — Лівійцы вучацца, але закрыць патрэбы ў медыках сваімі сіламі ім пакуль не ўдаецца. Для іх нармальна, калі прыязджаюць урачы і медсёстры з іншых краін. Наш набор быў самым першым з Беларусі. Да гэтага нашы туды працаваць не ездзілі. Прычынай таму былі нестыкоўкі ў заканадаўствах нашых краін, цяжкасці з прызнаннем беларускіх дыпломаў у Лівіі. А вось пасля вырашэння гэтых пытанняў на вышэйшым узроўні ў беларусаў з’явілася магчымасць жыць і працаваць у далёкай паўднёвай краіне. Да гэтага ўжо больш за дзесяць гадоў у Лівіі працавала багата ўрачоў і медсясцёр з Украіны.

 Набор праводзіў будучы галоўны ўрач шпіталя — лівіец, які падбіраў сабе каманду.

 — Адразу ўразіла ўважлівасць яго падыходу да працы з людзьмі, — працягвае Люда. — Яшчэ ў Беларусі я звярнулася да яго з наступнай просьбай: “У дзень вылету ў мяне абарона дыплома ва ўніверсітэце. Ці можна мне вылецець трошкі пазней? Не хочацца марна губляць пяць гадоў.” Ён пагадзіўся. Такім чынам я атрымала магчымасць спакойна завяршыць вучобу, атрымаць дыплом і вылецець у Лівію.

У жаркіх пясках

 Лівія сустрэла беларусаў 30-градуснай “прахалодай”. У наступныя дні тэмпература была яшчэ вышэйшая. Лівійцы разумеюць цяжкасці кліматычнай адаптацыі, таму звычайна для замежных спецыялістаў прадугледжаны перыяд на прывыканне ад пяці да пятнаццаці дзён.

 Уражанне першых дзён — пастаянная санлівасць. Краіна знаходзіцца высока над узроўнем мора, таму першапачаткова арганізм адчувае пэўны недахоп кіслароду, дадайце туды ж спякоту.

 Беларусам выпала працаваць у самым сэрцы пустыні Сахара. Гэта за 600 кіламетраў ад сталіцы — горада Трыпалі. У самай сярэдзіне самай вялікай пустыні свету ёсць невялікі гарадок Гадамес. Менавіта пад такой назвай горад унесены ў спіс гісторыка-культурнай сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Цэлы квартал старога горада ператвораны ў музей пад адкрытым небам. Паглядзець яго сюды штогод прыязджаюць тысячы турыстаў з розных канцоў свету. Шпіталь у Гадамесе стаў новым месцам працы 62 беларускіх медыкаў.

 — Працуем мы ў шпіталі, пабудаваным каля 40 гадоў таму назад нямецкімі будаўнікамі, — распавядае Люда. — Увогуле, лівійцы стараюцца наймаць з-за мяжы толькі лепшых спецыялістаў. Напрыклад, інжынерамі часта працуюць немцы — нямецкая інжынерная адукацыя па праве лічыцца адной з лепшых у свеце. Яны ўзводзяць будынкі адміністрацыйныя, вытворчыя, пракладваюць дарогі. Дарогі там выдатныя, асфальт трывала ляжыць і не плавіцца ў спёку.

 Даволі багата, асабліва ў шпіталях сталіцы, медыкаў з Англіі і Італіі. А на масавыя некваліфікаваныя работы наймаюць шмат выхадцаў з бяднейшых краін цэнтральнай Афрыкі і суседніх Алжыра і Туніса. Наш шпіталь пабудавалі шмат гадоў таму назад, і толькі зараз дзе-нідзе на сценах фарба абсыпаецца. Адкуль на ўсё грошы? З нафты! У Лівіі багатыя нафтавыя радовішчы.

 — Якія ў вас там былі асноўныя службовыя абавязкі?

 — Як і ў Беларусі, медсястра дзіцячага аддзялення.

 — Параўнайце працу там і тут.

 — У Гадамесе я больш працоўнага часу аддаю непасрэднай працы. Растлумачу: у Беларусі так склалася, што ад 30 да 50 працэнтаў працоўнага часу медык траціць на запаўненне картачак, бланкаў, справаздач і г.д. Там жа гэта зведзена да мінімуму. Лекавых прэпаратаў дастаткова, а, наколькі ведаю, за выраб або пастаўку фальсіфікаваных лекаў у Лівіі прадугледжана смяротнае пакаранне. Я на сваёй працы рэгулярна праглядаю шафу з лекамі, пратэрмінаваныя таблеткі, мікстуры проста без усялякага акта выкідаю ў сметніцу, а на замену ім прыношу новыя з аптэкі. Толькі моцныя наркатычныя прэпараты — на самым строгім улі­ку, захоўваюцца ў сейфе.

 — Прыпомніце выпадкі з лівійскай практыкі.

 — Аднойчы да нас паступіла двухгадовая дзяўчынка Марах з моцным атручваннем (для Лівіі з яе кліматам —  звычайная справа) і тэмпературай пад 42 градусы. Дзяўчынка сама па сабе пульхная, у такой даволі складана знайсці вену, каб паставіць кропельніцу. Але ў мяне быў дзевя­цігадовы досвед дзіцячай рэанімацыі, таму з задачай справілася лёгка. Потым да­глядала дзяўчынку, праведвала. Пасябравала з бацькамі. Яны не раз запрашалі да сябе ў госці. Мама Мар’ям прымала на сваёй палове дома, частавала. Бацька Мухамед Сулейман Заўі таксама быў вельмі ўдзячны за дачку. Увогуле, удзячнасць — адна з галоўных нацыянальных рысаў лівійцаў.

Праца і побыт

 — Якія яшчэ іх нацыянальныя рысы маглі б адзначыць?

 — Шчыра прызнаю, ленасць. Краіна багатая нафтай, грошы ад продажу яе ракой ліліся ў бюджэт. З бюджэту людзям ішлі вялікія выплаты, напрыклад, дапамога па беспрацоўі складала каля 500 — 600 долараў. Таму многія лівійцы, асабліва моладзь, прывыклі нідзе не працаваць, а толькі днямі хадзіць па горадзе, сядзець у чайных, на парапетах. З іншага боку, дзяржава ўсяляк падтрымлівала дзелавую ініцыятыву. Наколькі ведаю, для бізнэсу там былі прадугледжаны нізкія падаткі, таму існуе даволі шмат розных невялікіх крам, сувенірных майстэрняў. Дзяржава заахвочвала імкненне да вучобы, уся сістэма адукацыі — бясплатная. Калі лівіец жадаў вучыцца за мяжой, дзяржава аплачвала гэту вучобу ды яшчэ немалую стыпендыю. Наш галоўны ўрач атрымліваў медыцынскую адукацыю ў Англіі. Працавіты настолькі, што спіць па чатыры гадзіны на суткі. І ўвогуле, такі патрыярхальны ўклад захоўваецца пераважна ў правінцыі. У сталіцы Трыпалі рытм жыцця іншы, больш набліжаецца да еўрапейскага.

 — Якія былі ўмовы побыту і адпачынку?

 — Працу пачыналі а дзявятай гадзіне раніцы, з 14.00 да 16.00 — абедзены перапынак. На гэты час прыпадае самая спёка, таму, калі няма тэрміновых спраў, усё жыццё заціхае. Людзі спяць або п’юць зялёны чай у чайных, адпачываюць.

 Умовы жыцця для нас былі створаны самыя шыкоўныя. Непадалёк ад шпіталя немцы пабудавалі кемпінг для персаналу. Кожнаму была выдзелена асобная кватэра: адзінокім — аднапакаёўка, сямейным — больш прасторныя. І шпіталь, і кемпінг ахоў­ваюцца паліцыяй, таму пра бяспеку можна не турбавацца. Аднак усё ж час ад часу нас папярэджвалі, каб мы былі пільныя, не пакідалі без нагляду кашалькі, мабільнікі, іншыя каштоўныя рэчы. Хаця я не помню выпадкаў кра­дзяжу.

 На выхадныя часта выязджалі куды-небудзь сваёй кампаніяй. Адным з першых выездаў было наведванне музея пад адкрытым небам. Там сапраўды ёсць што па­глядзець: традыцыйныя лівійскія будынкі і дворыкі, тканыя, ювелірныя рамесныя вырабы, дываны, вопратка жыхароў пустыні.

 Асабліва запомнілася свята туарэгаў. Туарэгі — качавое племя, жыве ў Сахары, горды, ваяўнічы народ, які старанна захоўвае, зберагае сваю традыцыйную культуру. Раз на год яны, а таксама прадстаўнікі іншых плямёнаў паўночнай Афрыкі, наладжваюць вялікае свята, фестываль, на які з’язджаюцца тысячы турыстаў з самой Лівіі, Туніса, Алжыра, краін Еўропы. Музыка, спаборніцтвы, традыцыйная лівійская кухня — неад’емныя атрыбуты свята.

Рэвалюцыя

ў пустыні

 — Не магу абмінуць рэвалюцыйныя падзеі. Наколькі моцна адчулі вы іх?

 — Не дужа. Асноўныя па­дзеі разгортваліся вакол Трыпалі і Бенгазі — буйных гарадоў на ўзбярэжжы. Гадамес знаходзіцца далёка ў пустыні, таму інтэнсіўных баёў, атак вакол нас не было. Хаця нам і давялося лячыць некалькі параненых чалавек. Спынюся на такім баку. Лівійскі народ складаецца з трох вялікіх плямёнаў. У свой час Муамар Кадафі жорсткай уладай аб’яднаў гэтыя плямёны, падавіў усялякія праявы сепаратызму і міжплемянной варожасці. Асновай жыцця, культуры лівійцаў з’яўляецца іслам. Каран там — настольная кніга. У вольны час людзі чытаюць яго, дзе напісана пра любоў да бліжняга, уседараванне, вышэйшую справядлівасць. Але як толькі ўлада Кадафі захісталася, племянныя старэйшыны ўспомнілі свае старыя крыўды, пачаліся сутычкі паміж імі, палілася кроў. Людзям, нібыта туманам, розум засціла, яны забыліся на запаветы Карана, у іх прачнуліся першабытныя інстынкты. Вось гэта самае страшнае. Аднак нашу клініку, кемпінг ахоўвала паліцыя, якая дысцыплінавана нясла службу, так што ніхто з нашых не пацярпеў. Хаця некалькі чалавек з’ехалі. Лівійцы асабліва ўдзячныя тым, хто застаўся, не пакінуў людзей без медыцынскай дапамогі.

 — Вы ўпамянулі іслам. Няўжо яго законы настолькі строгія?

 — Так. Самы вялікі і прыгожы будынак у Гадамесе — джама (мячэць). У яе дазваляецца заходзіць толькі мужчынам, жанчыны моляцца дома. Дарэчы, мужчына можа мець да чатырох жонак, галоўная ўмова — матэрыяльна забяспечыць іх. Усе павінны хадзіць па вулі­цы ў вопратцы, якая закрывае ўсё цела, шорты не дазваляюцца нават мужчынам. А наконт спіртнога — там увогуле сухі закон, аж да смяротнага пакарання, як і за наркотыкі.

 — Зараз вы ў водпуску. Вяртацца ў Лівію плануеце?

 — У сярэдзіне красавіка ў Лівіі адбудуцца прэзідэнцкія выбары. Высветліцца будучая палітычная сітуацыя, тады і прыму рашэнне, хаця білет туды мне ўжо забра­ніраваны.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымках: Люда Александровіч у шпіталі; мячэць у Гадамесе — самы вялікі будынак горада; беларускі на свяце туарэгаў у пустыні.

Фота з архіва Людмілы АЛЕКСАНДРОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.