У цэнтры ўвагі — чалавек

Маючы заданне напісаць пра Лепельскі сельскі Савет, наўпрост туды і скіраваўся, мяркуючы пагутарыць са старшынёй Адамам Ташліковічам у яго кабінеце. Сакратар сельвыканкама Марыя Броўка сказала, што “Адам Васільевіч зараз недзе на выездзе, можа, хутка і прыедзе, але гэта малаверагодна, хутчэй за ўсё будзе ў кабінеце пасля абеду”.


Набіраю нумар мабільнага тэлефона, старшыня адказвае:
— Зараз я ў Забаенні, але вы туды не спяшайцеся. Я хутка паеду ў Малы Поўсвіж. Сустрэнемся на вуліцы Палявой, там мне трэба вырашыць пытанне з шыферам, а заадно і з вамі пагутарым.
Выпраўляемся туды. Сельсавецкі “Жыгулёнак” ужо быў на месцы. Старшыня сельвыканкама размаўляў з бабулькай.
Марыя Іванаўна Носік жыве адна, узросту мае 82 гады. Так склалася, што ў жанчыны няма ні дзяцей, ні блізкіх. У яе старэнькай хаце, якую яшчэ ў 1939 годзе зрубіў бацька, пацёк дах. Бабулька пенсіі мае каля паўтара мільёна рублёў, самой ёй з бядой не справіцца, вось і звярнулася за дапамогай да ўлады.
Размова ішла доўга, пакуль старшыня растлумачыў жанчыне патрэбнасць і парадак адміністрацыйных працэдур:
— У сельсавеце няма ні шыферу, ні сваёй будаўнічай брыгады. Таму мы зробім лепей наступнае: звернемся з заявай ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. У ёй вы напішаце, што жывеце адна, дзяцей няма, інвалід другой групы, даходы – толькі пенсія, просіце выдзеліць матэрыяльную дапамогу на рамонт даху. Да заявы я прыкладу свой акт абследавання. Недзе тыдні праз два дакументы разгледзяць — і вам выдзеляць грошы. Сума, праўда, будзе невялікая, ад пяці да дзесяці бюджэтаў пражытковага мінімуму, прыблізна, да трох мільёнаў рублёў. Можа, у вас ёсць якія свае зберажэнні, можа, вам дапамогуць дальнія сваякі — трэба будзе дакласці, каб купіць шыферу на хату. Шыфер прывязём. А потым будзем вырашаць праблему, дзе знайсці будаўнікоў, якія па прымальнай цане зробяць справу.
Улучыўшы зручны момант, і я задаў пытанне:
— Няўжо нельга абыйсціся заменай пары лістоў, якія трэснулі, абавязкова трэба мяняць увесь шыфер?
— Вы паглядзіце, хата накрыта шыферам старога стандарту, ён з новым стандартам не стыкуецца, іншы памер хвалі. Нават калі б і знайшлі, пачаўшы мяняць адзін, абавязкова трэснулі б яшчэ два – тры, з-за даўнасці б не вытрымалі. Таму выйсце адно – мяняць шыфер цалкам.
Дамовіўшыся, старшыня з бабулькай пайшлі ў хату пісаць заяву. Калі ўсё будзе добра, то ўжо восень Марыя Іванаўна будзе сустракаць пад новым дахам.
Пазней Адам Ташліковіч распавёў:
— Марыі Іванаўне мы некалькі разоў прапаноўвалі пераехаць у “Святліцу”, маўляў, там і жыць будзе зручней, многія бытавыя праблемы вырашацца самі сабой. Аднак жанчына адмаўляецца. Што ж, і ў гэтай сітуацыі ў бядзе яе не пакінем, пастараемся дапамагчы, чым можам.
* * *
Далейшы шлях старшыні ляжаў далей па вясковай вуліцы. Адразу за апошнім домам дарога павярнула ўлева і ўпёрлася ў лужыну.
— Мне патэлефанавалі і паведамілі пра гэту калюгу. Зараз звяжуся з дырэктарам КУВП ЖКГ “Лепель” Віктарам Мозавым, дарога — на балансе гэтага прадпрыемства. Папрашу, каб яны прывезлі пару МАЗаў жвіру ды выраўнялі “Амкадорам”. Гэта дарога вядзе на вясковыя могілкі.
— Наколькі разумею, утрыманне і рамонт дарог – адно з самых праблемных месцаў у сельсавеце.
— Так. А ўся справа ў тым, што ў грошай, выдзяляемых на рамонт і добраўпарадкаванне вясковых тэрыторый, няма адзінага гаспадара. Напрыклад, закладваецца з раённага бюджэту на сельсавет пэўная сума. Пры гэтым прапісваецца, што асвойваць яе павінна КУВП ЖКГ, якое дзейнічае на дадзенай тэрыторыі. Амаль палову вёсак абслугоўвае КУВП “Бароўка”, другую палову — КУВП “Лепель”. Аднак у іх няма спецыялізаванай тэхнікі. У выніку — расцэнкі за квадратны метр пакладзенага асфальту ў КУВП значна вышэй. Мяркую, варта перагледзець гэту сітуацыю. Дзеля справядлівасці заўважу, што ў многіх іншых пытаннях з камунальнікамі наладжана самае цеснае супрацоўніцтва. Думаю, што каляіна будзе засыпана ў самыя бліжэйшыя дні.
З Малога Поўсвіжа далей дарога павяла ў Зялёны Востраў, да старэйшыны. Соф’я Дзмітрыеўна Скрабнеўская з мужам Іванам Іванавічам — карэнныя жыхары гэтай вёскі. Нагледзячы на пенсійны ўзрост, жанчына ўжо шмат гадоў з’яўляецца дэпутатам сельсавета, адначасова і старэйшынай вёскі. Калі здарыцца якая бяда ці ўзнікне праблема, вяскоўцы абавязкова ідуць да яе.
— Дзень добры, Соф’я Дзмітрыеўна, — вітаецца старшыня, — нешта даўненька не чуў вашага голасу па тэлефоне, вось прыехаў наведаць асабіста. Як жывеце, якія цяжкасці?
— Нармальна жывём. Аднак, вы заўважылі трапна, тэлефон у нас ужо месяцы са два, як не працуе. Казалі нешта пра рамонт на лініях. Скажыце, ці доўга ён яшчэ будзе працягвацца?
Адам Ташліковіч па мабільніку звязваецца з начальнікам раённага вузла электрычнай сувязі, потым адказвае:
— Так, на тэлефонных лініях праводзіцца планавы рамонт. Пачакаць давядзецца яшчэ з месяц, вялікі аб’ём работ. Пасля яго тэлефонная сувязь будзе працаваць нашмат лепей, з’явяцца новыя паслугі. А чаму вы не карыстаецеся мабільнікамі? Можа, няма?
— Ёсць у мяне, дачка купіла. Ляжыць вунь у хаце. Я ў ім толкам не разбіраюся. Мне дачка свой нумар у памяць забіла, калі што трэба, то ёй і тэлефаную.
Такія адказныя старэйшыны, як Соф’я Дзмітрыеўна, — залаты фонд сельвыканкама. Ім можна спакойна даручыць любую справу. Напрыклад, збор падаткаў. Зялёны Востраў — вёска аддаленая, жыхары ў райцэнтр ездзяць рэдка. Таму па дамоўленасці грошы ў выплату падаткаў за зямлю і нерухомасць нясуць Соф’і Дзмітрыеўне, а тая, збіраючыся на чарговую сесію, вязе іх або аддае непасрэдна старшыні, калі той па справах заязджае.
Пагутарылі пра агароды, кароў, сена, іншыя надзённыя для вяскоўцаў тэмы. Раптам па дарозе міма праехала іншамарка.
— Напэўна, у Тадуліна паехалі, да Цар-Дуба, — выказаў меркаванне Адам Васільевіч і тут жа запытаў: — А як там, ці парадак?
— Гледзячы, якія турысты прыязджаюць, — адказвае Іван Іванавіч, — у пераважнай большасці людзі культурныя, прыбіраюць за сабой, чысціню падтрымліваюць. А, бывае, што прыязджае і набрыдзь. Пасля такіх хоць ты грузавіком вывозь пустыя бутэлькі і іншае смецце.
* * *
Доўга не разважаючы, едзем у Тадуліна. Турысты ўжо былі на месцы, мужчына ва ўзросце з малымі дзецьмі фатаграфаваліся перад цудам прыроды. Пазнаёміліся бліжэй.
Фёдар Данілавіч Старынскі — ураджэнец Зялёнага Вострава, яго бацькі яшчэ жывуць тут. Сам ён шмат гадоў паездзіў па свеце, доўга жыў у Растове-на-Доне, але ў апошні час вярнуўся на Радзіму, збіраецца заняцца прыватным бізнэсам, сталярнай справай. Сюды прыехаў, каб паказаць сыну Дзіму і ўнукам Палінцы, Рому і Жэні Цар-Дуб.
Пляц вакол дзіва прыроды апошнія гады са тры даглядаюць працаўнікі Валосавіцкага лясніцтва. Яны зрабілі ўсё проста, сціпла, тым самым не перакрываючы, а, наадварот, падкрэсліваючы веліч і прыгажосць волата. Падкошаная трава, вялікія валуны, альтаначка і сметніца — вось і ўсё, што трэба культурным турыстам. І абавязкова — некранутая велічная прырода навокал.
Вяртаемся назад. Ля хаты нас просіць прыпыніцца Іван Скрабнеўскі, перадае просьбу аб тым, што “хаты праз тры злева студня стаіць, верх на ёй ужо падгніў, гаспадыня прасіла дошак, каб перарабіць, а то смецце і пыл трапляюць”.
Праехалі крыху, убачылі тую студню. Сапраўды, патрабуецца замена верху.
— Апошнія гады чатыры практыкую наступнае. Набываю на дрэваперапрацоўчых прадпрыемствах штыкет, дошкі і па меры патрэбы раздаю іх вяскоўцам для рамонту і, замены агароджаў, судняў. Даю ім будматэрыялы, а працу выконваюць яны самі. Атрымліваецца ўзаемная выгода. На зэканомленыя на працы грошы я магу набыць яшчэ больш будматэрыялаў, а вяскоўцы, працуючы самі, робяць агароджы і іншыя пабудовы не шаблонна, а індывідуальна і пры гэтым з максімальнай для сябе зручнасцю.
Вяртаючыся, едзем дарогай на Паддуб’е. Уражваюць лясы і зараснікі. Там водзіцца шмат дзічыны. У навакольных лясных нетрах гаспадарыць паляўнічае прадпрыемства “Заранка”. Дзікі – біч вяскоўцаў, кожны год гаспадараць яны на агародах. Кожны год даводзіцца ездзіць і старшыні сельвыканкама, складаць акты аб патравах. Летась, напрыклад, жыхароў Зялёнага Вострава яны трывожылі тройчы. А сёлета, наогул, не сталі чакаць ураджаю, залезлі ў агарод Дышлевічаў летам. Зноў складалі акт, а “Заранка” абавязалася кампенсаваць нанесены дзікамі ўрон.
Мінаем Паддуб’е, заязджаем у Вялікі Поўсвіж. Першая мэта заезду — вуліца Маладзёжная, дакладней — яміны ў асфальце на ёй. Сапраўды, выбоіны ёсць, некаторыя нават даволі вялікія.
— Самы танны спосаб ліквідавання выбоін — засыпка шчэбенем або дробнымі каменьчыкамі адсеву жвіру і заліўка бітумам. Адсеў добра трамбуецца, а бітум змацоўвае яго, утвараючы трывалае пакрыццё. На Маладзёжнай яшчэ можна правесці падобны рамонт, але ў некаторых вёсках ёсць вуліцы, дзе ямачны рамонт рабіць ужо позна, трэба асфальт класці нанава.
* * *
Праехалі па вуліцы і дабраліся да берага Поўсвіжскага возера. Нагода прыезду — просьба ўладальніка аграсядзібы “Поўсвіж” Васіля Шкіндзера, які неўзабаве і пад’ехаў сам.
— Зручны пляж — важны кампанент камфортнага адпачынку. Каб падтрымліваць купальню ў належным, прывабным стане, патрэбны пэўныя намаганні. Я сваімі сіламі з далучэннем памочнікаў вычышчаю бераг ад зараснікаў чароту, зрабіў з валуноў стол і крэслы. Спланіраваў крыху бераг. Цяпер трэба было б прывезці хаця б машыну пяску, каб надаць купальні завершаны выгляд. Мне аднаму такая справа не па сілах, няма ў наваколлі Поўсвіжа пясчаных кар’ераў, таму і звярнуўся за дапамогай. Пры нас Адам Васільевіч зноў бярэ мабільны тэлефон. Непрацяглая размова з кіраўніком ДРБУ-202 — і старшыня запэўнівае, што ў бліжэйшы час МАЗ пяску будзе прывезены.
Аграэкатурызм — справа адносна маладая, але ў маштабе Лепельшчыны даволі перспектыўная, таму варта ўдзяляць ёй адпаведную ўвагу.
Па дарозе да будынка сельвыканкама затрымаліся і каля пасёлка за Мінскай шашой. Хаця ён зусім блізка ад горада, але адміністрацыйна адносіцца да Вялікага Поўсвіжа. Адну з вуліц жыхары прасілі прагрэйдзіраваць, што і было зроблена…
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: старшыня Лепельскага сельвыканкама Адам Ташліковіч вядзе гутарку са старэйшынай вёскі Зялёны Востраў Соф’яй Скрабнеўскай; Фёдар Данілавіч Старынскі разам са сваімі ўнукамі ля Цар-Дуба.
Фота аўтара.

One thought on “У цэнтры ўвагі — чалавек

  • 29.07.2012 в 12:31 пп
    Permalink

    Вы даже не представляете, как мне со стороны радостно видеть и читать о своих деятельных земляках, берегущих и украшающих родную Спадчыну!
    Вельмi дзякую!
    Анатолий Павловский

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.