Фатыньскія матывы

Пра адметнасць вёскі Фатынь многія ведаюць. Дастаткова разгарнуць кнігу “Памяць”, на 127-ай старонцы пачытаць пра славутых селекцыянераў, бацьку і сына Кандрата і Язэпа Марозаў, ды і “Лепельскі край” неаднаразова пісаў пра слынную сям’ю. Язэпа Кандратавіча ўвогуле можна паставіць

у адзін шэраг з такім выдатным селекцыянерам, як Мічурын, вывядзенне новых сартоў пладовых дрэваў і кустоў вывеў на навуковую аснову.

Кароткая гістарычная даведка: “Фатынь, вёска ў складзе саўгаса “Баброва” Баброўскага сельсавета. Размешчана за 28 км на паўночны ўсход ад горада Лепель. У пачатку ХХ стагоддзя Фатынь была вядома як маёнтак Бачэйкаўскай воласці Лепельскага павета. На 1906 год у ім было два двары, сем жыхароў. У савецкі час маёнтак пераўтвораны ў вёску. У пачатку 1930-ых гадоў працавалі тут калгас імя Леніна і кузня. На 1997 г. — 16 падвор’яў, 35 жыхароў.” Кніга “Памяць”, “З гісторыі населеных пунктаў Лепельскага раёна”.

І вось мы ў вёсцы. Злева ад дарогі луг, дзе навязаны карова ды конь. На ўзмежку крайняй сядзібы расце шэраг вялікіх старых дрэваў. На вершаліне змайстраваў сабе жытло бусел, з гнязда, раз-пораз цікаўна аглядаючы навакольны свет, выцягваюць галовы двое буслянятак. Іх дзюбы і ногі яшчэ цёмна-шэрыя, амаль чорныя, у адрозненне ад дарослых, моладзь яшчэ не можа пахваліцца знакамітым чырвоным колерам.

* * *

 Ля крайняй хаты спаткалі мужчыну, які кіраваўся на луг, у руках меў аброць – не трэба было прыкладаць вялікіх разумовых намаганняў, каб зразумець, што чалавек сабраўся каня запрагаць. У агародах суседніх ся­дзібаў завіхаліся жанчыны, усіх трох і запрасілі на непрацяглую размову. Папрасілі прадставіцца.

 — Я – Галіна Міхайлаўна Томашава, — прадставілася жыхарка крайняй хаты, — зараз займалася праполкай кветак у палісадніку.

 Сапраўды, толькі зараз звярнулі ўвагу, што агародчык перад вокнамі хаты і не агародчык зусім, а кветкавы аазіс! Дарэчы, прайшоўшы вёску, прыйшлі да высновы, што фатынцы шмат вырошчваюць кветак на сядзібах.

 — А мы – Леанід Міхайлавіч і Ніна Іванаўна Пліско, па суседству жывём, — кажа другая жанчына.

 — Пад’язджаючы да вёскі, бачылі карову і каня на полі.

— Карову Рабкай клічуць, а кабылу – Лыскай. Нашы першыя памочнікі па гаспадарцы. Даўней у вёсцы шмат жывёлы было, карову амаль кожны гаспадар трымаў. У Фатыні адны пенсіянеры. Патрэбны тавар можна ў аўталаўцы купіць.

 — А аўталаўка часта прыязджае?

 — Два разы на тыдзень. Прадавец Аня Камаркова — добрая жанчына, душэўная. Ведае, што тут жывуць людзі немаладыя, дык, як прыязджае, ля нашых хат абавязкова спыняецца, каб нам далёка не хадзіць. Гэта вельмі зручна, асабліва зімой. Калі якога тавару не акажацца, то абавязкова прывязе пад заказ, што заўгодна: пральны парашок, алей, батарэйкі. Ёсць у нас і другая верная памочніца – паштальёнка Ірына Гатоўка. Рэгулярна жанчына прыносіць нам газеты і іншую карэспандэнцыю, пенсію, па нашых просьбах дастаўляе з ФАПа лекі. Таксама прымае аплату за камунальныя паслугі, тэлефон. У нас, у вёсцы амаль усе маюць мабільныя тэлефоны – цывілізацыя і сюды дайшла, — рассмяяліся.

 — Даўно ўжо на пенсіі?

 — Некалькі гадоў, — кажа Ніна Іванаўна. — Я больш за 30 год адпрацавала даяркай, а муж цялят даглядаў.

 — Раскажыце, калі ласка, што памятаеце пра вашага славутага земляка-садавода Язэпа Кандратавіча Мароза?

 — Мы яго асабіста не памятаем, нарадзіліся ўжо пасля таго, як сям’я Марозаў выехала адсюль. Звесткі пра Мароза збірае бібліятэкар з Баброва Таццяна Сідарцова, нават музейную экспазіцыю зладзіла. Малайчына! А мы можам тут паказаць хіба што кедр — вунь там, за агародамі расце. Уздоўж вуліцы растуць лістоўніцы, — цэлая алея, іх таксама Мароз саджаў.

* * *

 Развітаўшыся, рушыў далей па вуліцы. Што ні кажыце, а ўсё ж высокія, гонкія лістоўніцы – сапраўднае ўпрыгажэнне вёскі, якім не кожны горад у рэспубліцы можа пахваліцца. Роўным шэрагам стаяць яны ўздоўж асфальту, надаючы Фатыні непаўторны каларыт.

Вуліца вясковая між тым спачатку збегла ў лагчынку, а потым зноў узяла на пад’ём. Міжволі звярнуў увагу на роўны асфальт. Яшчэ ў 2007 годзе, як будавалі аграгарадок у Баброве, вуліцы прылеглых вёсак заасфальтавалі. Па Фатыні цяжкая тэхніка не ездзіць, часцей дзеці ды ўнукі на легкавых да бацькоў у госці, вось асфальт і захаваўся. І яшчэ шмат гадоў будзе служыць пры такіх ашчадных адносінах.

Многія вяскоўцы маюць мабільнікі. Аднак значэнне звычайнага тэлефона тэхнічны прагрэс ніколькі не прынізіў. Многія свае стасункі з навакольным светам па-ранейшаму вядуць па традыцыйных каналах сувязі. Патэлефанаваць родным і блізкім, заказаць газавы балон, выклікаць пры неабходнасці “хуткую дапамогу”, іншую службу можна без праблем. Сувязь надзейная і ўстойлівая. Як паведаміла старшыня Баброўскага сельскага выканаўчага камітэта Т.І. Ярыга, у апошнія гады на тэрыторыі сельсавета прыкметна палепшылася тэлефонная сувязь. А справа ў тым, што пад час пабудовы аграгарадка зманціравана новая аўтаматызаваная тэлефонная станцыя.

 На ўзгорку злева, у засені пладовых дрэваў паказалася хата. Нічым, здаецца, яна і не прывабіла б, калі б не аздоба на двары. Размаляваныя бочачкі, вырабы з пластыкавых бутэлек дадавалі непаўторнасці і самі сабой расказвалі пра дбайнага, клапатлівага гаспадара. Аднак сядзіба была на замку, таму пастукалі ў дзверы сядзібы насупраць.

 Выйшаў стары дзядуля, прыселі на лавачку.

 — Як вас зваць, як доўга жывеце ў Фатыні?

 — Я — Уладзімір Прахоравіч Пліско…

 — Хвіліначку, — парабіваю, — а тым Пліско, што ў пачатку вёскі жывуць, вы не радня?

 — Не. Проста прозвішчы аднолькавыя. У нашых краях Пліско – самае распаўсюджанае прозвішча, а яшчэ – Гайсёнак. У якую хату ні зайдзі, бывала, — ці Пліско, ці Гайсёнкі жывуць, рэдка іншае прозвішча сустрэць можна было. Сам я родам з Пагарэлага, у Фатыні пасяліўся ў 1956 годзе, як з арміі вярнуўся.

 — Бачу, у вас агародзік чысты, акуратны, што можа служыць узорам.

 Дзядуля рассмяяўся:

 — Сапраўды, невялікі, а навошта мне гектары? Гады ў мяне ўжо не тыя, працую адзін, жонка ўжо працяглы час хворая, з хаты не выходзіць. Вось агародзік, што каля самой хаты, і даглядаю. Раней, калі трохі мацнейшы быў, на дваіх з іншым гаспадаром нават каня трымалі.

 — У вас нават невялікая палоска пшаніцы расце. Камбайн своечасова прыязджае на абмалот?

 — Я камбайна не чакаю і пшаніцу сею не столькі дзеля зерня, колькі дзеля севазвароту, не ўсё ж бульбу па бульбе саджаць. Ёсць у гаспадарцы некалькі курэй, ды я ім, як збажына паспее, і скармліваю. Зранку адкашу пракос-другі, куры за дзень прыбягуць, — зярняты выдзеўбуць. Так і ўбіраем ураджай. А восенню з Віцебска прыязджае сын Віктар, бярэ ў суседзяў каня і мы выкопваем бульбу ды пераворваем агарод на зіму. Зямля павінна быць дагледжанай.

 — Вы разважаеце як, напэўна, разважаў Язэп Мароз. Вы яго, хутчэй за ўсё, не бачылі, але ж старэйшыя штосьці распавядалі?

 — Вядома. Казалі, што дужа разумны і талковы гаспадар быў, на зямлі ў яго заўсёды парадак быў. Меў вялікую сям’ю, усе працавалі, але спраў было так шмат, што часта наймалі мясцовых сялян. За працу плацілі добра. Шкада, што нават дома ад сядзібы не захавалася, ды і сад выкарчавалі. Нават вось гэтыя ліпы – маладыя.

 Раптам дзядуля схамянуўся:

— А, ведаеце, што? Ёсць, захавалася яблыня яшчэ з Марозавых часоў. Колькі памятаю сябе, яна тут расла. Вось вуліцай далей пойдзеце, на ўзгорачак падымецеся, а там павернеце налева — і ўбачыце яблыню. Яна там адна такая, старая. Яе якраз і саджаў Мароз. Сорт — сібірка, яблычкі дробненькія-дробненькія, але імі ўсё голле ўсыпана. Такой яблыні нідзе больш не бачыў.

* * *

 Узрушаныя атрыманымі звесткамі, адразу скіраваліся ва ўказаным накірунку. Падняліся на ўзгорак, злева ўбачылі прыгожую, дагледжаную сядзібу, за якой ад вясковай вуліцы ішоў паварот налева. І літаральна адразу ж убачылі старую яблыню, як і казаў Уладзімір Прохаравіч. Тоўсты ствол, у пары месцаў відаць старыя дуплы, сляды колішніх абломаў. Галіны не развесістыя, а, наадварот, караткаватыя. Лісточкі дробныя, як драбнюткія яблычкі, якімі ўсё голле літаральна ўсыпана. Пакаштаваць не рызыкнулі, хутчэй за ўсё плады яшчэ няспелыя, кіслыя.

 А на сядзібе сустрэлі сярэдніх гадоў жанчыну, якая прадставілася Жаннай Беляковіч, да замужжа — Сокал. Жыве ў Віцебску, а зараз прыехала на адпачынак да бацькоў Аркадзя Рыгоравіча і Соф’і Мікалаеўны. Найперш да маці яна і запрасіла, жанчына даўно жыве ў Фатыні, шмат чаго пабачыла, мае добрую памяць.

 — Сама я 1938 года нараджэння, таму Мароза не памятаю, ён недзе ў 1930 годзе выехаў адсюль. Аднак непадалёк жыў дзядуля Іларыён Пятровіч Гайсёнак, вясковыя людзі яго на свой манер празвалі Мірамонам. Дык вось ён калісьці працаваў у Мароза, наймаўся ў пару пасяўную ці ўборачную, ці на касавіцу. Пасля нам ужо расказваў, якія Марозы былі дбайныя гаспадары, разумныя, адукаваныя, плацілі за працу шчодра. Пасля іх у Фатыні яшчэ шмат чаго заставалася. Я нават памятаю даваенных паўлінаў, хадзілі такія птушкі з маляўнічым пер’ем.

 — Сібірка, бачу, і да сёння пладаносіць.

 — А якое варэнне з тых дробненькіх яблычкаў атрымліваецца! Унукі толькі яго і любяць, ніякае іншае ім і не падавай. Дарэчы, захавалася і яшчэ адна яблыня, па іншы бок дарогі, вы яе адразу ўбачыце. Яблыкі буйныя, кісла-салодкія, такога спалучэння смаку нідзе больш не каштавала.

— Шкада, што ні адной пабудовы не захавалася. А казалі, што тут была нават аранжарэя.

— Наша хата стаіць якраз на месцы сялібы Марозаў. А, ведаеце, захавалася студня, яе так і называюць — Марозавай. Калісьці гэта была адзіная студня на ўсю Фатынь, усе вяскоўцы толькі з яе ваду бралі, а яна ўсё не мялела. Праўда, у Марозавы часы студня мела зруб, а пасля яго замянілі на бетонныя кольцы.

Выйшлі паглядзець на другую дзіва-яблыню, а заадно і пагаварыць з Аркадзем Рыгоравічам, той якраз падкошваў траву на ўзмежку.

— Удакладніце, калі ласка, вось гэтыя яблыні саджаў Язэп Мароз?

— Так. Гэтым дзвюм яблыням ужо каля ста гадоў, але, як бачыце, яны яшчэ рэгулярна пладаносяць. Вунь тая елка – таксама іх равесніца, а, можа, і старэйшая.

 Толькі зараз звярнуў увагу на яліну, што расце непадалёк ад мяжы. Высокая, разгалістая, вершаліна абламаная, а на ёй – буслінае гняздо, дзе падрастаюць трое буслянят.

— Толькі адна гэта елка засталася, — працягвае Аркадзь Сокал, — а я памятаю, што іх тут, па ўзмежку расло ці не 20. І не проста так іх тут пасадзілі – дрэвы вызначалі мяжу паміж землямі Фатыні і Пагарэлага. Шкада, вядома, што не жывуць тут нашчадкі славутага садавода. Ведаеце, гадоў за 30 таму, а, можа, і больш, прыязджалі сюды незнаёмыя людзі. Прыехалі яны на “Волзе”, адзін быў ужо амаль стары, а трое ці чацвёра – маладыя. Дык стары іх вадзіў і паказваў: “Вось тут быў наш дом, тут стаялі хлявы, там сады раслі…” Толькі пазней зразумеў я, што гэта былі нашчадкі Мароза.

* * *

Шмат пра што пагаварылі б мы яшчэ з гасціннымі гаспадарамі, аднак час прыспешваў, пара была рушыць у зваротны шлях. Паабяцаўшы, што яшчэ абавязкова вернемся, развітваліся. Сэрца радавалася, што не канчаткова страчана памяць пра таленавітага чалавека, ёсць яшчэ рэчы, дрэвы, якія сагрэтыя цяплом яго рук, асветленыя часцінкай яго душы.

Васіль МАТЫРКА.

На здымках: Аркадзь Сокал і Жанна Беляковіч перад яблыняй-сібіркай; Уладзімір Пліско; суседзі Галіна Томашава і Леанід і Ніна Пліско; алея лістоўніц.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.