Хлеб жывёлагадоўлі

238Галоўнай тэмай абласнога семінара, які адбыўся ў нашым раёне, стала якаснае і своечасовае правядзенне корманарыхтоўкі. Пры гэтым быў закрануты і шэраг іншых актуальных тэм.

Кіравалі мерапрыемствам намеснік старшыні аблвыканкама Эдуард Дзям’янаў і старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Догель, удзельнічалі начальнікі райсельгасхарчаў з усіх раёнаў і іх намеснікі па жывёлагадоўлі, раслінаводстве і механізацыі.

 У канцы мая кіраўніцтва абл­сельгасхарчу на самалёце абляцела ўсе раёны вобласці. Зверху былі агледжаны палеткі, многія з якіх склалі дваістае ўражанне: непасрэдна ад дарог, пад’язных шляхоў вока радуе прыгожы пейзаж з рунню, якая дружна ўзыходзіць, а вось у сярэдзіне, у вымачках, сітуацыя іншая. Многія палеткі зарастаюць лазой, альхой ды ляшчынай. На пленарным пасяджэнні прысутным прадэманстравалі фотаздымкі, зробленыя з борта самалёта, зводкі, дзе адлюстраваны фрагменты безгаспадарлівасці.

 Найбольш актуальнай задачай на збожжавых і гароднінных палетках паўстае абарона раслін. Насякомыя-шкоднікі, хваробы, пустазелле.

 Назіраецца міжвідавая засмечанасць збожжавых, у пасевах пшаніцы зашмат расце жыта, трыцікале. Часам яна даходзіць да 20 працэнтаў, што рэзка зніжае таварнасць і ў выніку — цану збожжа. Дырэктар Віцебскага занальнага інстытута сельскай гаспадаркі Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Якоўчык выказаў наступнае меркаванне:

 — Па-першае, трэба наладзіць сістэмную працу па ўдасканаленні насеннага фонду, штогод абнаўляць сарты, купляючы толькі якаснае насенне. Па-другое, з усёй сур’ёзнасцю падыходзіць да выбару папярэднікаў, рэгулявання севазвароту. Напрыклад, сеяць азімую пшаніцу пасля жыта нельга, на зямлі пасля камбайнаў застаецца крыху зерня, як бы мы ні стараліся наладзіць тэхніку. Яно гэтай жа восенню прарасце, дадасца ў пасевы пшаніцы.

 Пасля завяршэння пасяўной кампаніі аграрыі атрымалі некаторую аператыўную паўзу, мелі магчымасць лепш падрыхтавацца да касавіцы. За гэты час трэба было даць вяскоўцам адпачыць пасля напружанай веснавой працы, зрабіць запасы паліва, змазачных матэрыялаў, запчастак, падрамантаваць тэхніку. На вялікі жаль, не ўсе раёны на сто працэнтаў справіліся з пастаўленымі задачамі.

 У гаспадарках вобласці ў наяўнасці — 620 кормаўборачных камбайнаў, з іх спраўных і гатовых да выезду ў поле — 538. Астатнія трэба як найхутчэй выпускаць на касавіцу. Нават калі ўлічыць, што ў бліжэйшыя дні ў гаспадаркі паступіць яшчэ некалькі дзясяткаў адзінак разнастайнай корманарыхтоўчай тэхнікі, усё роўна нагрузка на кожную адзінку застаецца высокай.

 Іншая справа, што ў гаспадарках не заўсёды ёсць у наяўнасці свабодныя сродкі, каб своечасова закупіць патрэбныя запчасткі, ды і дарагія яны. Тым больш праблематычна стварыць на складах запас камплектуючых, каб не шукаць у выпадку паломкі патрэбную дэталь, а адразу замяніць яе. Працаваць механікам і інжынерам даводзіцца “з колаў”.

 Была звернута ўвага на такія аспекты, як бяспека працы. У рамках яе выказана патрабаванне, каб усе трактары К-700, якія будуць за­дзейнічаны на трамбоўцы сенажу і сіласу, былі абсталяваны каркасам бяспекі. Усе ўдзельнікі зялёнага жніва павінны прайсці інструктаж па тэхніцы бяспекі. Асабліва гэта датычыць работнікаў гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў, якія прыцягваюцца ў гаспадаркі на час правядзення корманарыхтоўчых работ.

 Не менш важным з’яўляецца эканамічны аспект дзейнасці. Паводле прагнозаў экспертаў, на сусветных рынках у бліжэйшы час знізяцца кошты на мясную і малочную прадукцыю, таму для беларускіх вытворцаў вельмі важна па максімуму знізіць выдаткі на ўсіх этапах вытворчасці. Перш, чым укараняць тыя ці іншыя тэхнічныя навацыі, прымяняць кансерванты, дарагія імпартныя прэпараты абароны раслін, варта самым пільным чынам праверыць і пераправерыць іх эканамічную мэтазгоднасць.

 Пасля пленарнага пася­джэння семінар працягваўся ў полі сельгасфіліяла “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”. Спачатку на полі перад Старым Лепелем намеснік дырэктара Віцебскай абласной інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін Тамара Фраленка даводзіла пра патрэбу выкарыстання фунгіцыдаў у барацьбе супраць хвароб раслін на збожжавых. Невыкарыстанне сродкаў абароны раслін або іх несвоечасовае прымяненне можа на 10 — 20 працэнтаў знізіць ураджайнасць палетка. На сёння актуальна прымяненне фунгіцыдаў супраць мучністай расы на зерневых, і з гэтым трэба паспяшацца.

 Наступным пунктам наведвання стала поле непадалёк ад Юркоўшчыны. Там у ра­дзе стаялі некалькі разнастайных адзінак корманарыхтоўчай тэхнікі: прэс-падборшчык, следам за ім знахо­дзіліся навінкі, прадстаўленыя таварыствам з абмежаванай адказнасцю “Біяком Тэхналогія” з Гродна. Агрэгат “Тарнада” зроблены ў Беларусі пераважна з імпартных камплектуючых. Прычапная корманарыхтоўчая тэхніка агрэгатуецца з трактарамі МТЗ-1523, МТЗ-2022, падбірае скошаную травяную масу, якая можа быць падвяленай, а можа —  свежай. Далей трава здрабняецца і прасуецца ў рулоны, абкручваецца полі­этыленавай стрэтч-плёнкай. Пры патрэбе масу можна апрацаваць і кансервантам. Вытворчасць такога агрэгата — да 60 рулонаў за гадзі­ну, кожны рулон важыць па 720 ­— 780 кілаграмаў. Такім чынам, за васьмігадзінны працоўны дзень можна нарыхтаваць да 350 тон кармоў. Агрэгат McHale імпартаваны з Ірландыі, мае прыблізна такія ж вытворчыя параметры. Цана кожнай такой адзінкі — каля мільярда рублёў.

 Прыблізна такі ж агрэгат маркі Krone ўжо трэці год працуе ў “Заазер’і”, дырэктар філіяла Аляксандр Быкаў сказаў, што набывалі яго на той час за 230 мільёнаў рублёў. Тэхніка працуе бездакорна.

 Побач прадстаўнікі вытворчага аб’яднання “Гомсельмаш” прадстаўлялі і сваю тэхніку — корманарыхтоўчыя камбайны, касілкі.

 Глыбоцкі аграсэрвіс прапанаваў адноўленыя агрэгаты. Прадпрыемства набывае ў гаспадарках тэхніку, якая выпрацавала свой рэсурс, капітальна рамантуе і зноў выстаўляе на продаж. Адноўленая тэхніка каштуе ў тры разы танней за новую.

 На завяршэнне ўдзельнікі семінара наведалі машынны двор СВФ “Заазер’е”. Новае асфальтавае пакрыццё, пафарбаваныя сцены, замененыя вокны — пералік далёка не поўны. І хаця праца яшчэ не завершана, вынікі яе навідавоку.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымках: на полі перад Старым Лепелем.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.