Хоць сёння ў поле

У ААТ “Лядна” заехаў мімаходзь, вяртаючыся з іншага рэдакцыйнага задання. Проста, карыстаючыся момантам, захацелася пагутарыць з хлебаробамі, паглядзець, якая ступень гатоўнасці іх тэхнікі да веснавых палявых работ. Найперш зазірнуў у рамонтныя майстэрні, пацікавіўся, якая пасяўная глебаапрацоўчая тэхніка знаходзіцца там на рамонце, якія запчасткі патрабуюцца. Аднак, на здзіўленне, на рамонце не стаяла ніводнага пасяўнога агрэгата, ні сеялкі, ні нават культыватара ці бараны. Як патлумачыў інжынер гаспадаркі па працаёмкіх работах Павел Бурак, усе сельгасмашыны адрамантаваны.

— Давайце падлічым разам: 200 гектараў ячменю, 100 гектараў сумесі аўса з пілюшкай (кармавым гарохам), 260 га кукурузы, 40 га бульбы — усяго 600 гектараў. Ну, плюс 290 гектараў падсеву шматгадовых траў.
— Наколькі рэальна ўправіцца за дзесяць дзён?
— Рэальна, — вярнуўся да размовы Павел, — атрымліваецца наступным чынам. — Сеялку СПУ накіруем на падсеў траў, а сяўбой збожжавых і зернебабовых зоймуцца два камбінаваныя глебаапрацоўчыя пасяўныя агрэгаты: адзін шасціметровай шырыні захопу вытворчасці ААТ “Лідааграпраммаш”, другі — трохметровы Lemken. На лідскі агрэгат прыпадае каля 375 гектараў. За суткі механізатарам трэба будзе засяваць па 38 — 40 га, каб засеяць належныя плошчы ў адведзеныя тэрміны. На Lemken прыпадае па 18 — 20 гектараў у суткі — таксама вялікая нагрузка.
Lemken з першага ж дня пасяўной будзе агрэгатавацца з трактарам КГ вытворчасці “Гомсельмаша”. Кіраваць ім будзе спрактыкаваны механізатар Вячаслаў Смажэўскі. Яшчэ гаспадарка мае два энерганасычаныя МТЗ-3022, на якія і ляжа асноўны цяжар. Абодва спачатку будуць апрацоўваць глебу чызельнымі культыватарамі КЧ-6 і КЧ-4. А пасля адзін застанецца з чызелем, а другі падчэпіць лідскі пасяўны агрэгат. Гэта будуць Сяргей Маліноўскі і Аляксандр Шумаеў — вопытныя механізатары, штогод у перадавіках. Трактары нядаўна прыгналі з Віцебска, дзе ім праводзілі сезоннае тэхнічнае абслугоўванне. За кожны “Лядна” заплаціла па 50 мільёнаў рублёў.
— Дарэчы, а чызелі і іншая глебаапрацоўчая тэхніка ў якой ступені гатоўнасці?
— У поўнай. Увесь шлейф прычапных і навясных агрэгатаў за зіму адрамантаваны і гатовы да эксплуатацыі: культыватары, дыскавыя бароны, раскідвальнікі гною і тукаў, прычэпы. Акрамя пералічанага вышэй, у наяўнасці тры трактары МТЗ-1221. Яны будуць выкарыстоўвацца на чызеляванні, транспартных работах, унясенні тукаў. МТЗ-82 задзейнічаем на вывазе і ўнясенні арганікі — словам, працы хопіць усім.
— Не паверу ў абсалютную стопрацэнтную гатоўнасць!
— Не зусім стопрацэнтная, — усміхнуўся Павел, — толькі на 88%, згодна з вынікамі тэхагляду, праведзенага інспектарам дзяржтэхнагляду Станіславам Кажаном. Усю тэхніку агледзеў, даў допуск да работы. Толькі адзін МТЗ-82 не паспелі адрамантаваць ды гноераскідвальнік.
— Ці ёсць чым сеяць і угнойваць глебу? — звярнуўся зноў да галоўнага агранома.
— Насенным матэрыялам забяспечаны поўнасцю, нават з невялікім запасам, — адказаў Уладзімір Васільевіч. — Зараз звязаліся з насеннымі гаспадаркамі Гродзеншчыны, у іх закупляем насенне эліты, каб свой насенны фонд паднавіць. Арганікі пры патрэбе ў 13 тысяч тон у бурты склалі 16 тысяч. Азотныя, калійныя, фосфарныя тукі — на складах або на падвозе. На ўнясенні КАСу будуць задзейнічаны “Дзвіна” і два МТЗ з апырсквальнікамі.
— Мы ні разу не ўспомнілі пра плугі і ворыва…
— А навошта? Усе належныя для гэтага плошчы ўзараны яшчэ восенню, сёлета застанецца толькі ўзрыхліць іх культыватарамі. Узараць магчыма спатрэбіцца хіба толькі некалькі невялікіх лапікаў, з гэтым справяцца і МТЗ-82. Вялікую тэхніку адцягваць на гэтыя задачы будзе немэтазгодна.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: у “Лядне” тэхніка — на лінейцы гатоўнасці.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.