Хто такі Цмок?

Апошнім часам у рэдакцыю паступае шмат зваротаў з просьбай растлумачыць, хто такі Цмок. Задавальняем просьбу. Інфармацыю падаём паводле энцыклапедычнага слоўніка “Беларуская міфалогія” і аповядаў відавочцаў, якія сцвярджаюць, што непасрэдна сустракаліся з пачварай.

Энцыклапедычны слоўнік завярае, што Цмок, Смок, Чмок — гэта Змей, персанаж беларускай міфалогіі.

З-за сваіх вялізных габарытаў Цмок ад прыроды лянівы і маларухавы. Можа быць як аднагаловым, так і мець іх да 12. Зубы, як нарогі; кіпцюры, як сярпы; крылы, як палашы. У адрозненне ад іншых нячысцікаў, Цмок — чысцёха, ходзіць у лазню, мыецца штодня. Жыве ў балоце, а найчасцей — у возеры.

Насця Шчэрбач, другакласніца гімназіі, навучэнка музычнай і мастацкай школ: “Улетку знаходзілася ў школьным лагеры. Кожны дзень хадзілі купацца на гарадскі пляж. Для нас спецыяльна была нацягнутая стужка, за якую забаранялася заплываць. Я вырашыла паднырнуць пад яе, расплюшчыла ў вадзе вочы і жахнулася: на мяне добрымі блакітнымі зрэнкамі пазірала страшэнная істота, чырвоная, пацягнутая сліззю, з белым у лусцы жыватом, даўжэзным хвастом, вушамі тырчком. Ад страху я апусціла вочы на дно і ўбачыла два вялізныя, у крапінку, яйкі, нашмат большыя за страусіныя. Але ў лёгкіх не хапіла паветра і я вынырнула. На беразе не паверылі, што бачыла Цмока. Таму вырашыла гуашшу намаляваць плакат беларускага дракона — Цмока — напярэдадні года Дракона і свайго дня нараджэння — 2 студзеня мне спаўняецца восем гадоў”.

Іван Будзіч, мастак, выкладчык школы мастацтва: “На млынавым завулку ёсць “фазэнда” Валодзі Крыцкага. На ёй лепельскія турысты і мастакі любяць збірацца не столькі ў лазні папарыцца, колькі адпачыць у лапіку берандзеевага царства — настолькі там загадкавая і экзатычная абстаноўка. Часта жартавалі, што не стане дзівам, калі з-пад дэкаратыўнага хмызу раптам высунецца ундзіна або русалка. Яны, праўда, не наведаліся, але Цмока ўбачылі ўсе. Шастаў ён па Валодзевым берандзеевым царстве, у самыя патаемныя куточкі зазіраў, а потым пасунуўся цераз Георгіеўскія могілкі да Лепельскага возера. Чамусьці выбраў даўжэйшы шлях да вады, хоць прасцей можна было перакуліцца цераз Млынавы завулак і бултыхнуцца ў вусце Эсы. Контурны выраз таго Цмока з каляровай расфарбоўкай я спецыяльна выканаў да года Дракона для рэспубліканскага дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтра “Жамчужына” з на­дзеяй, што і на беразе возера Шчыбат ён прыжывецца”.

Ігар Будрэвіч, мастак, выкладчык школы мастацтва: “У вялікім Поўсвіжы на аграсядзібе “Поўсвіж” Васіля Шкіндзера праходзіў Фэст дударскай музыкі. Процьма народу сабралася. Мы з Іванам Будзі­чам заўважылі, як за плотам, у яловай алеі, дзве цені павольна прасоўваюцца. Падкраліся — і вачам сваім не паверылі. Размешчаныя там старадаўнія сельскагаспадарчыя машыны аглядалі… два Цмокі. Мы так і замёрлі на месцы, каб не напалохаць азёрных прышэльцаў. Яны пакраталі лапамі-ластамі заржавелыя экспанаты Васілёвага прыватнага музея сялянскага побыту ды ў абход Фэсту павольна пакрочылі да возера Поўсвіж. Разбадзёраныя дударскай музыкай ды экзатычнымі пачастункамі людзі так і не заўважылі ледзь прыкметныя цені добрых пачвараў. А мы з Іванам на наступны дзень узяліся выразаць з дрэва тых нячысцікаў такімі, якімі іх бачылі. Паказалі работу гасцям-мінчукам, а тыя выпрасілі іх у нас. Цяпер мо дзе ў Свіслачы ці Сляпянцы жывуць, а то і зусім у замежжа перабраліся лепельскія Цмокі”.

Аўтару гэтых радкоў убачыць Цмока не ўдалося, затое давялося пакатацца на ім па возеры вялікія Плоткі, што на Палігоне. Стомленага яго пачвара на сабе адвезла з цэнтра вадаёма да берагавой водмелі. Аб тым чытайце ў спецвыпуску “На завалинке” ў “Лепельскім краі” за 20 снежня пад загалоўкам “Цмок у Вялікіх Плотках”.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

 На здымках:  Цмок Івана Будзіча.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.