Цана даверлівасці

У злачынцаў ёсць некалькі спосабаў пранікнення ў памяшканні. Надакучлівыя “госці” просяць па­дзяліцца прадуктамі харчавання або прынесці вады. Многія захо­дзяць у дамы пад выглядам работнікаў медыцыны, гандлю, газавай службы, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, энерганагляду і г.д.

 У студзені ў Першамайскім раёне г. Віцебска, знайшоўшы зручную прычыну праверкі газавага лічыльніка, у кватэру адзінока пражываючай пенсіянеркі зайшла чорнавалосая жанчына. Пакуль бабуля праводзіла яе на кухню, тая хутка зайшла ў пакой. Там, у сумцы на ложку, ляжалі грошы. Загаварыўшы бабулю, жанчына адцягнула яе ўвагу. Гэтага было дастаткова, каб учыніць крадзеж. Пасля адыходу злачынцы гаспадыня і выявіла прапажу.

Пры правя­дзенні аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў зламысніца была ўстаноўлена. Ёй аказалася прадстаўніца цыганскай дыяспары. Падобныя злачынствы даволі характэрныя для гэтай групы асоб, асабліва жаночага полу.

 У красавіку ў гэтым жа раёне пад выглядам работніка медыцыны зайшла да састарэлай пенсіянеркі падобная жанчына, і пасля яе адыходу з кватэры знікла вялікая сума грошай.

 У Оршы ў сярэдзіне красавіка пажылая пенсіянерка ўпусціла ў кватэру мужчыну, які прадставіўся ёй работнікам жыллёва-камунальнай службы, а калі ён пайшоў, заўважыла, што знікла вялікая сума грошай.

 Ахвярамі злачынцаў становяцца не толькі пажылыя людзі, але і маладыя асобы працаздольнага ўзросту.

 Каб не стаць ахвярамі падобных злачынстваў, простыя правілы могуць вам дапамагчы засцерагчы сябе і сваіх блізкіх.

 Калі да вас у дзверы звоняць незнаёмыя асобы, не спяшайцеся адкрываць, кім бы яны не прадстаўляліся. Даведайцеся аб мэце іх візіту і ні ў якім выпадку не пускайце ў кватэру. Паведаміце аб гэтым сваім родным па стацыянарным або мабільным тэлефоне, суседзям.

 Якімі б прыемнымі вам не здаліся “госці”, не пасаромцеся спытаць у іх дакументы. Калі ў адказ пачуеце, што яны дакументы забылі, або па якой яшчэ-небудзь прычыне яны не могуць іх вам паказаць, выклікайце міліцыю.

 Ніколі не адчыняйце дзверы незнаёмым людзям.

 Не давярайце першым сустрэчным, па магчымасці пераправярайце ўсе даныя грамадзян, якія прапаноўваюць вам “бясплатную” дапамогу. Будзьце асцярожныя ў час зносін з незнаёмымі людзьмі, не спяшайцеся ўчыняць з імі здзелкі.

 Хочацца звярнуцца і да тых, у каго ёсць састарэлыя родныя. Не пакідайце іх надоўга без увагі. Рэгулярна тлумачце ім аб тым, як небяспечна ўпускаць у кватэру пабочных асоб. Папрасіце званіць у кожным выпадку, калі незнаёмцы стукаюцца ў дзверы і настойліва просяць увайсці ў кватэру.

Віталь БАРАДЗЕЙКА,

намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Лепельскага РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.