Церам-церамок

Улетку мы з сястрою, якая прыехала пагасціць з іншай вобласці, былі ў Лепелі. Увагу настаўніцы раптам запыніў невялікі катэджык па вуліцы Чуйкова, непадалёк ад “мацешавага рынку”.

— Што гэта? Музей народных рамёстваў ці садок дзіцячы? — запыталася сястра.

— Па-мойму, звычайны жылы дом, — няўпэўнена паціснуў я плячыма, бо сам не ведаў, хто ў гэтым доме-цераме жыве.

Было бачна, што жывуць тут дзве лягушкі-квакушкі, размяс­ціўшыся ля імправізаванага басейна са срэбранай вадзіцаю, складзенага з двух вялізных чанаў. Ля басейна плаваў белы лебедзь. Побач на пяньках усе­ліся Мішка-таптыжка і Баба з гусем. Іх спакой вартавалі пчолы ў двух саламяных вуллях і стракатыя коні, якія ўздыбіліся на плоце, ля брамкі. А на лавачцы, за старадаўнім самаварам, тым часам радаваліся сонейку Дзед з Бабай у нацыянальных строях.

— Нічога сабе звычайны! — пакпіла сястра. — І шмат у вас у Лепелі такіх “звычайных” церамкоў-музейчыкаў?

А ведаеце, нямала! Бачыў я прыгожыя арыгінальныя кампазіцыі на дворыках жылых дамоў і па вуліцы Горкага, і ля парка… Ды ці мала!? Па горадзе пайшла добрая мода творча акультурваць уласныя дворыкі.

 Натуральна, мне захацелася пазнаёміцца з гаспадарамі церама-церамка па вуліцы Чуйкова. Сястра аказалася недалёка ад ісціны. Фактычна тут працуе прыватны дзіцячы дом сямейнага тыпу. У гаспадароў Уладзіміра і Наталлі Міхайлавых, якія прыехалі сюды з Заслонава, восем дзяцей. Усе прыёмныя. Старэйшаму, Уладу, пятнаццаць ужо. Сёлета хлопец паступіў у каледж на меліяратара. Малодшаму, таксама… Уладу, — шэсць годзікаў. У гімназію пайшоў. У вялікай і дружнай сям’і пяць хлопцаў і трое дзяўчат, калі не лічыць саміх гаспадароў. Так, па структуры катэдж хутчэй нагадвае дзіцячы дом сямейнага кшталту. Прынамсі, дзяржава адмыслова выдзеліла яго пад сацыяльнае жыллё, абставіла мэбляю. Вось толькі па факце — ніякі не дом дзіцячы, тут нават слова гэтае казённае не прынята ўзгадваць, а сям’я звычайная, хоць і вялікая. І бацькі робяць усё дзеля таго, каб казёншчынай тут нават не пахла. Дзеля гэтага і дворык ператварылі ў жывую ўтульную казку. Усё — для дзяцей.

 А лягушкі-квакушкі, аказваецца, свецяцца, бо яны маленькія ліхтарыкі, што акумуліруюць дзённае святло і запальваюцца ўначы. Дзеда і Бабу стварыла гаспадыня. Наталля па спецыяльнасці вязальшчыца, але з дыпломам педагога-псіхолага па сямейных стасунках. Калі жылі ў Заслонаве, адкрылі прыватную майстэрню па пашыве мяккіх дзіцячых цацак. Саламяныя вуллі і басейн зрабіў гаспадар. Ён жа выразаў драўляных коней, змайстраваў з аўта­абадоў грацыёзнага белага лебедзя, а з гумавых колаў — дэкаратыўныя вазы для кветак. Уладзімір, не паверыце, мае прафесію шаўца. Вось толькі не боты ён шые, а працуе ў гаспадарчай групе райвыканкама. А ў вольны час яго творчым фантазіям канца-краю няма. Старадаўні самавар падарыў дзядуля, Мішку-таптыжку ды Бабу з гусем куплялі ў краме. Дзе ні бываюць Міхайлавы, адусюль прывозяць розныя забаўныя цацкі. Лавачку зрабілі дзеці, яны ж размалявалі многія цацкі: і коней, і сонейкі на плоце, выразаныя з гумавых пакрышак.

 І гэта толькі пачатак. Дзеля дзіцячай радасці гаспадары церамка збіраюцца паставіць у дворыку млынок і дэкаратыўную студню, ля якой бабулька будзе парсючкоў выгульваць, а таксама зрабіць сапраўдныя басейн, арэлі і альтанку — цэлую дзіцячую пляцоўку ў забалочанай нізінцы, дзе ўсё роўна, апрача кветак, нічога расці не хоча. Дарэчы, пра кветкі. Іх тут так шмат і такія ўсе розныя! А адна прыехала маленькім чаранком з самога батанічнага саду з Мінску. Ні ў каго іншага няма такой.

 Міхайлавы хацелі і сам катэдж размаляваць персанажамі з розных казак, ды не атрымалі на тое дазвол. Маўляў, побач вуліца ажыўленая, машын шмат, загледзіцца які вадзіцель на казачны церамок ды аварыю на дарозе ўчыніць. Гаспадары катэджа па вуліцы Чуйкова не чакаюць казкі, яны самі робяць яе ва ўласным двары і ў родным горадзе.

 Уладзімір МІХНО.

 На здымку: ля церама-церамка па вуліцы Чуйкова.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.