“Чым горш дарога, — тым лепш!”

349Па добрай традыцыі ў час святкавання Дня горада праводзіцца свята матораў. У суботу і нядзелю прайшоў шэраг мерапрыемстваў, але пра ўсё па парадку.
Джып-трыял. Два дні поўнапрыводныя аўто самых неверагодных мадэляў і канструкцый паказвалі клас на аўтадроме.
Памятаючы сюрпрызы ранейшых святаў, лепяльчане абувалі гумавыя боты, апраналі курткі, не лішнімі часам былі і парасоны.

Пахмурнае надвор’е спалохала нямногіх, на аўтадром прыйшлі некалькі тысяч чалавек. Затое для гоншчыкаў “чым горш дарога — тым лепш!”. Для іх да свята спецыяльна абнавілі аўтадром.
Тры дні тэхніка прадпрыемства меліярацыйных сістэм пераўтварала пляцоўку пад патрэбы джыпераў: карчавала кусты, насыпала ўзгоркі. А ў адным месцы перасыпалі ручай, ён разліўся і ўтварыў вялізную лужыну, якую трэба было фарсіраваць удзельнікам карусельнай гонкі.
На думку аўтара, самай галоўнай навіной сёлетняга Лепельскага этапа Кубка Беларусі па джып-трыяле было з’яўленне новага лепельскага экіпажу. Дакладней, бароўскага. Да ўжо вядомых экіпажаў далучыліся браты Вячаслаў і Аляксей Лейчанкі. Іх машына прыцягнула ўвагу непрывычнай кампаноўкай, яе колавая база здавалася занадта кароткай і вузкай. Пры гэтым кабіна (калі можна так яе назваць) знаходзілася даволі высока. Звонку машына нагадвала кар, на якім ездзяць па палях для гульні ў гольф. Такая кампаноўка давала перавагу ў манеўраванні сярод кустоўя ды між дрэвамі. У той жа час кароткая база павышала рызыку перакульвання. Ад траўмаў кіроўцаў ратаваў каркас бяспекі, звараны са сталёвых труб, і шлемы.
Слава служыць у ваенізаванай ахове, а Лёша працуе вадзіцелем-дальнабойнікам. Змалку хлопцы сябруюць з тэхнікай, прыязнасць да жалеза ім прывіў бацька Іван Уладзіміравіч. Гэту машыну змайстравалі ў сваім гаражы ў вольны час, катаюцца на ёй па лясах, няходжаных мясцінах. “Сэрца” яе — рухавік ад AUDI, бензінавы, аб’ём — два літры. Масты — ад УАЗа.
Расказвае Іван Уладзіміравіч:
— Абодва масты — пярэднія. Калі кіроўца круціць руль, паварочваюцца не толькі пярэднія колы, а і заднія — праз спецыяльна зробленую сістэму цягаў. Такі прыём вельмі павялічвае манеўранасць. Мы непакоіліся, што пры такой канструкцыі арганізатары забароняць удзел у трыяле, спаборніцтве ў секцыях. Але літаральна напярэдадні нам паведамілі, што згодныя.
Падтрымаць Славу і Лёшу прыйшла ўся сям’я, а мама Вера Аляксандраўна нават не хавала слёз:
— Вось праехалі сыны секцыю, а мне аж страшна, як машыну кідае з боку ў бок! Разумею, што нічога з імі не можа здарыцца, але ж ўсё роўна хвалююся.
— А як вы па жыцці ставіцеся да такога тэхнічнага захаплення сыноў?
— Можна сказаць, змірылася, што яны днямі могуць прападаць у гаражы. Аднак няхай яны лепш захапляюцца тэхнікай, чым гарэлкай.
— Заўтра ў карусельнай гонцы будзеце выступаць? — звяртаюся да братоў.
— Не. Не тая канструкцыя. У секцыях яшчэ можам паездзіць, а вось на гоначнай трасе машына вельмі рызыкуе перакуліцца.
Не самым лепшым чынам складваліся справы ў экіпажа Віктара Чаплінскага і Івана Кавалеўскага з Грыгаравічаў. З самага пачатку прадстаўнікі гаспадароў аўтадрому ішлі ў лідарах, пасля чатырох секцый яны былі другімі, саступаючы першаму экіпажу толькі шэсць балаў. Іх машына, празваная гледачамі “неваляшкай”, лоўка пераадольвала ўсе пад’ёмы, спускі, прадзіралася праз кустоўе.
— Што ў цябе за матор, Віця?
— Ад УАЗа, трохлітровы.
— Пачакай, там жа штатныя 2,5-літровыя стаяць?
— Абмежаванай серыяй выпускаюцца і трохлітровыя, у іх дыяметр цыліндраў большы, конскіх сіл выдаюць болей.
— Масты блакіруюцца?
— Яны пастаянна заблакіраваныя, я дыферэнцыялы заварыў.
— Вытрымаюць?
— Павінны вытрымаць!
Тэхніка сапраўды вытрымлівала, падвёў, як гэта часта бывае, чалавечы фактар. У пачатку першага заезду карусельнай гонкі не заўважылі мужчыны, што ад матора вентылятара на радыятары адваліўся кабель. У выніку тэмпература тасолу паднялася да 1200, ён выкіпеў, матор перагрэўся. Урэшце не вытрымаў адзін з шатуноў, парваўся, і поршань вылецеў з рухавіка. Толькі набраных раней балаў хапіла Віктару, каб заняць пятае месца ў катэгорыі Спрынт Абсалют.
Падумаць пра замену рухавіка давядзецца і экіпажу Сяргея Ляоненкі — Аляксея Кажэкі. Іх карбюратарны матор БМВ-М-50 аб’ёмам 2,5 літра, 1978 года выпуску, верай і праўдай служыў два гады. З іншага боку, мужчыны не раз ужо капітальна рамантавалі яго, час і на спакой.
Машына выдатна сябе паказвала і ў секцыях, і на гоначнай трасе. Сяргей ішоў з невялікім адрывам ад лідараў. Сёлета ён выбраў неагрэсіўную манеру кіравання, пазбягаючы занадта рызыкоўных варыянтаў:
— Крыху хвалююся толькі да пачатку заезду. Як толькі сядаю ў кабіну, запускаю рухавік, хваляванне адразу ж кудысьці знікае. Існуюць толькі я, мой напарнік, наша машына і траса.
— Ты калісьці выкарыстоўваў V-падобны васьміцыліндравы рухавік ад амерыканскага Shevrolet Blazer. Чым ён не спадабаўся?
— Увогуле, “амерыканцы” не для спаборніцтваў, у гэтым ужо ўпэўніўся. Той рухавік вытрымаў некалькі гонак, а потым канчаткова выйшаў са строю. “Немец” БМВ аказаўся нашмат лепшы.
— Што думаеш шукаць у замену?
— Хацелася б аналагічны БМВ, толькі год пасвяжэй. На самой жа справе — як атрымаецца. Набыць матор, нават былы ў карыстанні, — справа не з танных. Будзем шукаць, як казаў адзін кінагерой.
У катэгорыях Спрынт Б-1 і Спрынт Абсалют экіпаж Сяргея Ляоненкі — Аляксея Кажэкі заняў трэція месцы.
На аэрадроме размясціліся мотадэльтапланерысты. У суботу, у пачатку свята яны лёталі над горадам, раскідвалі лістоўкі. А потым палёты прыпыніліся. Асноўная прычына — маласпрыяльнае надвор’е.
Яно і сапраўды было так: пахмурнае неба, нізкія аблокі, вецер. Калісьці лётаў на верталёце прыблізна ў падобных умовах, дык на вышыні 200 метраў ужо была воблачнасць, нібыта ў малако заплывалі. Куды ляцець? Нічога не відаць. Тым больш вецер страшна б пакалыхаў такую лёгкую канструкцыю, як мотадэльтаплан.
У прынцыпе, узляцець і пакружыць можна было б, але ўражанні былі б не такія яркія, як пры спрыяльным надвор’і. Ды і цану лётчыкі выставілі высакаватую — 200 тысяч рублёў за палёт.
Адметнай і відовішчнай, маштабнай абяцала быць вялікая стратэгічная пейнтбольная гульня “Гарачыя галовы”. Кіраўнік тактычнай каманды “Joker Pro” Валера Асоўскі выйшаў на сувязь амаль з усімі тактычнымі пейнтбольнымі камандамі рэспублікі, амаль усе выказалі згоду прыехаць. Меркавалася, што прымуць удзел не менш за 150 аматараў экстрэмальнага адпачынку.
У праграме спаборніцтваў, як заўсёды, быў закладзены шэраг цікавых, захапляльных місій. Працаваў пункт гарачага харчавання, арганізатары патурбаваліся пра запраўку маркераў сціснутым паветрам, храніраванне зброі, працу суддзяў на гульнёвых пляцоўках. Меркавалася, што дзень, як заўсёды, завершыцца рок-канцэртам і дыскатэкай.
Усе планы зблытала надвор’е. Зацягнутае хмарамі неба адштурхнула шмат каго, у місіях прынялі ўдзел толькі каля сотні байцоў.
Усё ж варта сказаць, што тыя, хто прыехаў, аказаліся самымі мужнымі, самымі стойкімі. Яны наладзілі сапраўдныя баталіі, інтрыга захоўвалася да канца, ва ўпартай барацьбе перамогу вырвала армія “сініх”.
Пасля цырымоніі ўзнагароджання, складвання зброі многія госці рушылі на аўтадром, каб паспець паглядзець на спаборніцтвы па джып-трыяле.

* * *
Падводзячы вынік, можна сказаць, што тэхнічная частка свята горада прайшла ўдала. Кожны жадаючы мог знайсці забаву на свой густ. Шкада толькі, што надвор’е крыху падвяло.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: “гольфкар” братоў Лейчанкаў у сваёй секцыі; скача “неваляшка” Віктара Чаплінскага.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.