Шаснаццаць “хірасімаў”

Ракета ракеце — розніца. Мне ў 1970 — 1972 гадах давялося служыць у самых, так сказаць, “слабых” ракетных войсках у ГДР. Слабым наш асобны ракетны дыві­зіён пры артылерыйскім палку пяхотнай дывізіі, якая дыслакавалася ў нямецкім горадзе Ютэрбог, лічыўся таму, што асабовы склад яго налічваў усяго 100 вайскоўцаў і чатыры баявыя ракеты. Але што гэта былі за ракеты!

У Хірасіме і Нагасакі амерыканцы скінулі атамныя бомбы магутнасцю 20 кілатон. А колькі яны бед натварылі! Нашы ж ракеты былі начынены боегалоўкамі магутнасцю ад 50 да 800 кілатон.

Гэта 16 “хіра­сімаў”! Здаецца, дробязь. Ёсць ракеты ў шмат разоў больш магутныя за нашы. Далёкасць стральбы нашай самаходнай пускавой устаноўкі на колах была ад 13,5 да 65 кіламетраў. Уявіце, што стане з байцамі асобнага ракетнага дывізіёна, калі яны запусцяць ракету ў 16 “хірасімаў” на адлегласць двухгадзіннай хуткай хады. Попел? Пыл? Пара? А можа зусім нічога?

Ракеты нашы называліся тактычнымі. Гэта значыць, прызначаныя для наступу пры непасрэдных баявых дзеяннях. Яны былі некіраваныя. На цэль наводзіліся па даных, выдадзеных баявому разліку тапографамі, метэаролагамі, вылічальнікамі. Я быў намеснікам камандзі­ра ўзвода ўпраўлення і адначасова камандзірам аддзялення падрыхтоўкі даных для пуску ракеты. Маё ад­дзяленне абагульняла напрацоўкі метэаролагаў ды геадэзістаў, складала дзясяткі лічбаў і атрымлівала вугал і накірунак прыцэлу ракеты, якая павінна была ўпасці не далей як за 50 метраў ад цэлі.

Лічылі на спецыяльных лагарыфмічных лінейках. У ваенным білеце мне запісалі баявую спецыяльнасць так: “Вылічальнік, аператар электронна-вылічальных машын”. Вось так! Я ўжо тады быў камп’ютаршчыкам. Камп’ютар той займаў палову штабнога аўтобуса, быў наладжаны выключна на ракетную дзейнасць і кожны раз памыляўся. Так што мы заўсёды лічылі на лінейках і ў памяці. Перш чым запусціць ракету, мы звяралі даныя між сабой, затым з данымі вылічальнікаў стартавых батарэй. Таго, хто памыліўся, чакалі суровыя разборкі.

Баявых ракет я ў вочы не бачыў – яны знаходзі­ліся дзесьці на сакрэтных складах. Запускаць муляжы раз у тры гады ездзілі на палігон “Капусцін Яр”. Тэрмін службы прыпаў на перыяд між баявымі пускамі. Удзельнічаць у пусках мне даводзілася на палігоне “Лукенвальд”. Запускалі ВТК — вучэбна-трэніровачны комплекс. Гэта значыць, у корпус ракеты замест баявой галоўкі ўстаўляўся рэактыўны снарад. Далёкасць стральбы — ад 6,5 да 13 кіламетраў.

Бачылі, як удалечыні падрываліся нашы “ракеты”. У бліндажы сядзеў вайсковец і фіксаваў дакладнасць пападання. Аднойчы снарад узарваўся зусім не там — каля нямецкай аўтастрады. Надзвычайнае здарэнне! Ракетную ўстаноўку ачапілі, і пачалося следства, якое ўстанавіла, што вінаваты заводскі брак снарада. Мы з палёгкай уздыхнулі, бо ўжо падрыхтаваліся да дысбата за памылку.

Цяпер такі ракетны комплекс замянілі на больш дасканалы, які не знішчыць абслуговы персанал у выпадку прымянення. А што так было на самой справе, пацвердзяць лепяльчане, якія разам са мной паўгода навучаліся на камандзіраў аддзялення падрыхтоўкі даных у “вучэбцы” ў горадзе Луга. Гэта Аляксандр Машара, Уладзімір Трубека, Уладзімір Палонскі.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.