Школьны мерыдыян: Новавалосавіцкая СШ

Шэсць спраў у шосты дзень

Асноўныя справы — урокі здароўя і працоўнае выхаванне. Восьмыя і дзявятыя класы па суботах ладзяць спаборніцтвы па валейболе і баскетболе. Кожная другая субота месяца — абавязкова Дзень здароўя. У школе праходзяць спартыўныя святы “Вас выклікае спартландыя”, “Сіла і грацыя”, “Віват, скіпінг” і іншыя. Апошнім часам прайшлі акцыі “Чысты двор”, дзеці навялі парадак на школьнай тэрыторыі пасля зімы. Тым часам дзясяты і адзінаццаты класы па суботах рыхтуюцца да экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання.

 Ці мяняюць колер расліны?

 Гуртком “Дзіўныя доследы з раслінамі” кіруе біёлаг Аліна Бастынец. Вучні 6 — 8 класаў праводзяць нетрадыцыйныя доследы: фарбуюць тканіны лушпіннем цыбулі, здабываюць фарбавальнікі з асенняй лістоты, пакаёвых раслін, мяняюць колер афарбоўкі раслін, напрыклад, прымулы — з чырвонага на сіні і г.д. Работа сямікласніцы Кацярыны Залізняк заняла першае месца на раённай канферэнцыі даследчых работ па хіміі.

 Дарогі, якія мы выбіраем

 У выпускных дзявятым і адзінаццатым класах праведзены шэраг класных гадзін. Арганізавана бацькоўская сустрэча “Дарогі, якія выбіраюць нашы дзеці”, праведзена прэс-канферэнцыя з былымі выпускнікамі школы, на якую прыйшлі супрацоўнік міліцыі Дзмітрый Вершалоўскі, студэнткі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Лілія Гарбёнак і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Юлія Ізмайловіч. Яны расказалі пра асаблівасці паступлення ў ВНУ, падзяліліся досведам студэнцкага жыцця. Вучні падарылі сімвалічныя падарункі гасцям.

 Дзеці прынялі ўдзел у экскурсіях на пошту, у амбулаторыю, аптэку. Праведзены гутарка “Прафесіі маіх бацькоў” і конкурс малюнкаў “Мая будучая прафесія”. У гуртку “Умелыя рукі” арганізаваны заняткі па тэме “Калейдаскоп прафесій”. Вынікі прафарыентацыі падведзены на педагагічным савеце.

 Месяцы сталі тыднямі

 Па прычыне таго, што школа малаколькасная — усяго сорак восем вучняў, — тут заміж месячнікаў вырашылі праводзіць тэматычныя тыдні, як прадметныя, так і выхаваўчыя.

 Сёлета прайшлі тыдні здароўя, правазнаўчых ведаў, прафарыентацыі, грамадзянска-патрыятычнага выхавання, сям’і і экалогіі. Абавязковай умовай кожнага тыдня было правядзенне шэрага пазнавальных і забаўляльных мерапрыемстваў. Апошнім быў тыдзень сям’і: дзеці з пятага па дзявяты класаў стваралі сямейны радавод, прайшлі класныя гадзіны па сямейным выхаванні.

 Нестандартнае мастацтва

 У межах гадзін па стымулюючых занятках настаўніца пачатковых класаў Зінаіда Іода вучыць дзяцей нестандартнаму выяўленчаму мастацтву. Вучні малююць… цестам, крупамі, пяском. Вельмі падабаецца на такіх занятках другакласніцы Юлі Карповіч. Дзяўчынка была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені на раённым конкурсе “Ратаўнікі вачыма дзяцей”, а яе малюнкі былі надрукаваны ў рэспубліканскім часо­пісе “Рукзачок”.

 Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.