Школьны мерыдыян: Стайская СШ

Міжшкольныя факультатывы

На базе школы працуюць міжшкольныя факультатывы па біялогіі і фізіцы для вучняў адзінаццатых класаў, на якіх займаюцца шасцёра падлеткаў са Стайскай і Пышнянскай сярэдніх школ. Накірункі работы — паглыбленне ведаў па прадметах і рашэнне задач для цэнтралізаванага тэставання. Вядуць факультатывы настаўнікі вышэйшай катэгорыі Іна Міснік і Наталля Мазго.

Платныя паслугі

Па запытах бацькоў у школе арганізавана работа платных гурткоў матэматычнага і філалагічнага накірункаў з мэтай пашырэння вучнёўскіх ведаў па прадметах. Напрыклад, англійская мова, якая будзе выкладацца ў гуртку, стане другой, акрамя нямецкай, замежнай мовай, вывучаемай у школе. Вядзе гурток англійскай мовы малады спецыяліст, настаўніца нямецкай і англійскай мовы Алена Сільвановіч.

Прэміі вучням

Плённа папрацавалі ўлетку на зернесушылцы ў мясцовай гаспадарцы “Заазер’е” вучні і выпускнікі школы Ганна Быкава, Аляксандр Макарэвіч, Мікіта Азаронак, Аляксандр Берняковіч, Марат Дзівін, Раман Жарнасек.
На школьнай лінейцы кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Быкаў шчыра падзякаваў дзевяцікласніцы Ганне Быкавай за працу і ўручыў ёй грашовую прэмію. Прэміраваны яшчэ дзесяць выдатнікаў вучобы.

Асацыяцыя клубаў

У асацыяцыю ўвайшлі клубы па інтарэсах “Цудоўная краіна разумення”, “Я выбіраю здароўе”, “Эколаг”, “Крыніца” (па вывучэнні культурнай спадчыны народа), “КІД” (клуб інтэрнацыянальнай дружбы), “Пошук”, “Майстэрня сувеніраў”, “Нашчадкі” і інш. Вядуць работу ў клубах класныя кіраўнікі і настаўнікі-прадметнікі.
Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.