Школьны мерыдыян: СШ №1

Папоўніліся шэрагі

Да нядаўняга часу дзіцячыя школьныя грамадскія арганізацыі налічвалі 176 піянераў і 89 акцябрат. Нядаўна іх шэрагі папоўніліся. У пачатку мая сорак пяць чалавек былі прыняты ў акцябраты і 31 вучню павязалі піянерскія гальштукі. Прыём у акцябраты і піянеры праходзіў ва ўрачыстай і запамінальнай атмасферы.

Ветэран жыве побач

Піянеры прымаюць актыўны ўдзел у акцыі “Ветэран жыве побач”. Дзеці наведваюць ветэранаў вайны і працы, дапамагаюць ім па гаспадарцы, слухаюць і занатоўваюць іх расповеды пра вайну, пра свой жыццёвы шлях, віншуюць са святамі.

Напрыклад, шосты “Б” клас шэфствуе над сям’ёй ветэранаў Адама Пятровіча і Ядзвігі Францаўны Шыцько.

Усяго за класамі замацаваны восем ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і дваццаць восем — педагагічнай працы.

Усюды паспяваюць

Падчас акцыі “Абеліск” шосты “В” наведаў магілу воіна-інтэрнацыяналіста, былога выпускніка школы Ігара Нападоўскага на гарадскіх могілках. У красавіку піянеры ўдзельнічалі ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Я піянер сваёй краіны”. Зрабілі плакат “Законы піянерскай арганізацыі”, каляндар піянерскіх спраў, відэа­ролік. На раённы этап абласнога форуму лідараў дзіцячых і дзіцяча-юнацкіх аб’яднанняў прадставілі валанцёрскі праект “Не побач, а разам”, сэнс якога — ­удзел у акцыях міласэрнасці. Падчас адной з такіх — “Падай руку сябру” — дзеці прыносілі свае цацкі, дарылі іх інвалідам.

 “Знаўцы прыроды”

 Вясна для піянераў школы пачалася з экалагічных мерапрыемстваў. 5 — 7 класы прынялі ўдзел у экалагічнай гульні “Разумнікі і разумніцы”. Дзеці падарожнічалі па розных “станцыях” — “Усё пра ўсё”, “Знаўцы прыроды”, “У свеце жывёл”, “Экалагічны шыфр”, “Кот у мяху”, “Кветкавая” і інш. Адгадвалі зашыфраванае пасланне з раслін. Перамаглі вучні 5 ”А”, 6 “В” і 7”А” класаў.

 Юныя паэты

 На раённы конкурс работы даслалі Насця Броўкіна, Эдуард Мядзведзеў, Вікторыя Кандыбайла Яна Ханяк, Улад Скібскі, Іра Шпілеўская. Чатыры чалавекі сталі лаўрэатамі конкурсу і атрымалі кнігу “Лепель”, адна дзяўчынка прызнана дыпламантам, астатнія атрымалі граматы і прызы за ўдзел у конкурсе, падарункам ім стаў зборнік вершаў пра Лепельшчыну.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.