Шлях “з варагаў у грэкі”?

Транспартныя шляхі заўсёды адыгрывалі важную ролю ў жыцці людзей, эканамічных адносінах паміж рознымі мясцовасцямі, цэлымі краінамі. Цяпер няма з гэтым ніякіх праблем. Прытым асноўная частка тавараў, разнастайных грузаў зараз, як вядома, перавозіцца на аўтамашынах і чыгункай. Зусім іншае было ў старажытнасці, сотні і тысячы гадоў таму назад. Менавіта воднымі шляхамі, праз рэкі і азёры, на адносна невялікіх гандлёвых лодках-стругах перамяшчалася большая частка запатрабаваных людзьмі тавараў, грузаў самага рознага прызначэння. Гэта быў у той час найбольш зручны і танны шлях транспарціроўкі.

Выключную ролю ў гэтых адносінах адыгрываў у старажытныя часы так званы водны шлях “з варагаў у грэкі”. Як, у прыватнасці, адзначае дырэктар Лепельскага краязнаўчага музея Аліна Стэльмах у кнізе “Бярэзінская водная сістэма”, яшчэ за тры стагоддзі да Ражства Хрыстова старажытны гісторык Пліній пісаў, што ў вусці Дняпра (Барысфена) грэчаскія купцы набывалі бурштын, які прывозіўся туды водным шляхам, на лодках, з берагоў Балтыйскага мора па Заходняй Дзвіне, Беразіне і Дняпры.

Адно з адгалінаванняў гэтага транспартнага маршруту, верагодна, праходзіла і па тэрыторыі Лепельскага раёна. Аб гэтым сведчыць зручная канфігурацыя рэк і вадаёмаў нашага краю, ды і само будаўніцтва тут у канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў знакамітай Бярэзінскай воднатранспартнай сістэмы.

Калі кінуць нават беглы позірк на геаграфічную карту нашай мясцовасці, то можна заўважыць, напрыклад, што з ракі Эса, якая нясе свае воды ў Балтыйскае мора, зусім лёгка нават напрасткі можна патрапіць у раку Бярэзіна, якая накіроў­вае сваю плынь у Чорнае мора. Дастаткова толькі з вусця ракі Цэнтралка, якая ўпадае ў Эсу паблізу былой вёскі Валатоўкі, праплыць уверх па цячэнні да возера Аношкаўскае, затым па рукатворнай воднай пратоцы патрапіць у возера Безадэннае. А з возера Безадэннага выцякае, як вядома, рака Юраўка, што імкнецца наперад па чэзлым сасонніку і балацявінах на працягу пяці — сямі кіламетраў, а затым зліваецца з водамі ракі Гурба, якая ў сваю чаргу ўпадае ў раку Вялікую. А рака Вялікая — левы прыток Бярэзіны, які бывае паўнаводным нават у час ліпеньскай спёкі, не кажучы ўжо пра перыяд веснавой паводкі. Дык чаму па гэтым зручным водным шляху, на якім нават зусім адсутнічаюць месцы, дзе трэба было цягнуць лодкі-стругі волакам, па сушы, не маглі перамяшчацца старажытныя гандляры са сваімі разнастайнымі таварамі?

Выклікае цікавасць і тое, што калі Лепель, як паселішча, у старажытных летапі­сах упершыню ўпамінаецца толькі ў 1439 годзе, то пра Лукомль (цяпер звычайная невялікая вёска ў Чашніцкім раёне), размешчаны на ўзбярэжжы возера Лукомскае, упершыню распавядаецца яшчэ ў “Павучэнні” Уладзіміра Манамаха пры апісанні яго паходу на ўладанні полацкага князя Усяслава Брачыславіча ў 1078 годзе. З XII стагоддзя гэтае паселішча наогул ужо вядома як цэнтр удзельнага Лукомскага княства, якое з XIV стагоддзя ўвайшло ў склад Вялікага княства Літоўскага. Аб усім гэтым расказваецца ў кнізе “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць”, выдадзенай Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі.

Здзіўляе і тое, чаму Лукомль чамусьці раптоўна прыйшоў у поўны заняпад менавіта тады, калі Лепель расквітнеў, шпарка стаў развівацца як гандлёвы, рамесны цэнтр, а потым у 1805 годзе нават ператварыўся ў павятовы горад пасля завяршэння будаў­ніцтва Бярэзінскай воднай сістэмы. І ці не таму гэта адбылося, што адно з найбольш ажыўленых і найчасцей выкарыстоўваемых адгалінаванняў старажытнага гандлёвага воднага шляху “з варагаў у грэкі”, якое раней праходзіла праз Лукомль (рэкі Заходняя Дзвіна — Ула — Лукомка — возера Лукомскае — рака Югна — возера Сялява — рака Эса і далей рака Цэнтралка — возера Аношкаўскае — возера Безадэннае — рэкі Юраўка — Гурба — Вялікая — Бярэзіна — Днепр), было ўжо зладкавана ў зусім іншым месцы, не на поўдні, а на поўначы Лепельшчыны шляхам стварэння знакамітай Бярэзінскай воднатранспартнай сістэмы з шэрагам шлюзаў, шырокіх рука­творных пратокаў (Верабскі, Бярэзінскі, Сергучскі і іншыя каналы), па якіх ужо змаглі праходзіць судны вялікай грузапад’ёмнасці.

 Мікалай ГАРБАЧОЎ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.