Яркія промні дзяцінства

І малышы, і школьнікі з задавальненнем прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў на асфальце, які быў арганізаваны работнікамі раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Тут жа былі прадстаўлены непаўторныя творы юных мастакоў выяўленчай студыі “Яркія фарбы” пад кіраўніцтвам Ірыны Трубекі. Гэта толькі кажуць, што дзівосаў на свеце не бывае. У цудоўнае дзіцячае свята магчыма ўсё!
Ля сцэнічнай пляцоўкі ля раённага Дома культуры дзетак ад душы запрашалі павесяліцца добры Мішка і мілая

Машанька — персанажы вядомай казкі “Маша і Мядзведзі”, ролі якіх выканалі Алена Макаранка і Жанна Кузіна. Выдатны настрой гасцям падарыла выступленне Заслоноўскага ваеннага гарнізона. Разам з юнымі артыстамі, маленькімі гасцямі яны весела танцавалі, вадзілі карагоды і спявалі. Проста заваражылі гледачоў сваімі ўдалымі выступленнямі юныя ўдзельнікі танцавальнага калектыву “Непаседы” пад кіраўніцтвам Святланы Міхно, маленькія спевакі эстраднай студыі “Капітошка” Саша Бурдзілоўская, Ілона Бокач, Марыя Аўтушка, Даша Гаспадарык, неаднаразовая пераможца разнастайных творчых конкурсаў Яна Стрэльчанка і іншыя артысты.

Шмат гасцей сабралася ля цудоўных работ на выставе “Чараўніцтва ў г. Лепелі”. Якіх толькі твораў тут не было! Карціны, вышытыя крыжыкам, маляванкі, прыгожыя мяккія цацкі выставілі на суд гледачоў маленькія выхаванцы гуртка мяккіх цацак і сувеніраў “Чароўны свет” раённага Дома культуры пад кіраўніцтвам Людмілы Унцэвіч. Не магу налюбавацца прыгожымі цацкамі, вышытымі творамі і падыходжу пазнаёміцца да юных майстрых. Яна Аксяновіч і Ліза Спірыдовіч займаюцца ў гуртку толькі першы год, але паспелі стварыць сапраўдную скарбонку непаўторных работ. Яна перайшла ў пяты клас гімназіі імя І. Ерашова, а Ліза скончыла тры класы сярэдняй школы №1. “Зайчык”, “Коцік”, “Прырода”, “Мядзведзь”, “Царква” — карціны, вышытыя крыжыкам, прыгожыя маляванкі захапілі гледачоў сваім хараством. Шэраг непаўторных твораў выставілі на суд гледачоў удзельнікі гуртка “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” сярэдняй школы №4 пад кіраўніцтвам Надзеі Старадумавай. Прыгожыя лялькі ў беларускіх касцюмах, падушкі, капялюшыкі — усе экспанаты выглядалі вельмі арыгінальна. Шмат гледачоў сабралася ля экспанатаў юных выхаванцаў гурткоў “Умелыя рукі” СШ №3 пад кіраўніцтвам Аляксандра Багдзеева, “Творчасць юных” (кіраўнік Ірына Кунчэўская) і “Юныя бібліятэкары” пад кіраўніцтвам Людмілы Сязёмавай. Радавалі вока арыгінальныя вырабы з дрэва, работы, выкананыя ў тэхніцы “квілінг”, кветкі, сувеніры. Непаўторнымі творамі ўразілі гледачоў юныя майстры сярэдняй школы №1, выхаванцы майстэрні “Сувенірная лаўка”. Свае ўменне і прафесіяналізм шчыра перадае вучням пятых — дзявятых класаў кіраўнік майстэрні, настаўніца працоўнага навучання гімназіі Вольга Міхайлаўна Тарасава.
На казачнай палянцы размясціліся цудоўныя творы з бісеру, прыгожая вышыўка, карціны, непаўторныя лялькі.
Адна з рукадзельніц Ганна Любецкая — выпускніца гімназіі, а Вольга Саладар перайшла ў дзявяты клас.
Шэраг цудоўных твораў выставілі на суд гледачоў выхаванцы майстэрні лепкі “Дамавёнак” гімназіі імя І. Ерашова пад кіраўніцтвам Ларысы Станкевіч.
Немагчыма было адвесці вачэй ад яркіх твораў, зробленых выхаванцамі аб’яднанняў па інтарэсах раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Увагу маленькіх гасцей, асабліва хлопчыкаў, прываблівала выстава аўтамабіляў, якія выкарыстоўваюцца для тушэння пажараў і здольныя ўзняць чалавека на высокія паверхі. Побач былі прадстаўлены прылады для аказання дапамогі пры дарожна-транспартных здарэннях, выратаванні на вадзе.
Шмат гасцей сабралася ля стэнда аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у г. Лепель. Спецыялісты банка цёпла віталі хлопчыкаў і дзяўчынак, якія сталі ўдзельнікамі дзіцячай ашчаднай праграмы “Расці вялікі!” На працягу года работнікі банка рыхтуюць для дзетак сюрпрызы да дня нараджэння, а ў гэты святочны дзень падарункі атрымалі дзеці, якія нарадзіліся ў чэрвені, а таксама ўсе ўдзельнікі праграмы. Работнікі ААТ “Лепельскі МКК” падрыхтавалі для дзетак смачнае марожанае.
Малышы прынялі ўдзел у спаборніцтвах юных веласіпедыстаў, каталіся на картынгах.
Сярод веласіпедыстаў звярнула ўвагу на хлопчыка, які па-майстэрску кіруе веласіпедам, з лёгкасцю пераадольвае ўсе перашкоды.
— Ездзіць на веласіпедзе я навучыўся з ранняга дзяцінства, — расказвае Ілья Казакоў, які перайшоў у пяты клас сярэдняй школы №3. — У спаборніцтвах веласіпедыстаў мы з сябрам Дзімам Кажэмячонкам удзельнічаем упершыню. Усе перашкоды пераадолелі паспяхова, і за гэта атрымалі прызы.
Нямала ўдзельнікаў сабралася ля атракцыёнаў. За перамогі ў гульнях хлопчыкі і дзяўчынкі атрымлівалі салодкія прызы. Паўсюдна быў арганізаваны святочны продаж. Бацькі набывалі сваім малышам цацкі, салодкія пачастункі.
* * *
Раптам пачуўся гул матора і сігнал пажарнай сірэны. З аварыйна-выратавальнага аўтамабіля па плошчы раптам паліліся пышныя пялёсткі вады, якія тут жа ператварыліся ў пену. Быццам на беласнежных аблоках, дзеці ад душы весяліліся ля пены. Хлопчыкі і дзяўчынкі гулялі з ёй, бегалі па пене басанож. Як прыемна было назіраць за імі, такімі юнымі і жыццярадаснымі! Мерапрыемства завяршалася, заканчвалі сваю работу гульні і атракцыёны, але аб яркім і незабыўным свяце дарослым напаміналі яркія малюнкі на асфальце і беласнежныя пялёсткі пены, якія не паспелі растаяць. Яны сведчылі нам аб тым, што дзівосы ёсць на свеце, а ўсе запаветныя мары і жаданні абавязкова здзяйсняюцца.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.