Ярчэй за «алімпійскую бронзу»

Што ярчэй? Залаты характар. А золата — не ўсё тое, што блішчыць. Сафія Касцюковіч, васьмікласніца з гімназіі, сёлета брала ўдзел у абласным этапе алімпіяды па матэматыцы і заваявала на ім пачэснае трэцяе месца. Пачэснае, калі ўлічыць, што ніхто, апрача яе і сяброўкі, увогуле не выйшаў на “абласны алімпійскі ўзровень”.


А што яшчэ ўмее і любіць рабіць дзяўчынка з такім цікавым іменем Сафія, акрамя як рашаць задачы па матэматыцы.
— Люблю інтэлектуальныя гульні.
— Чым дакажаш?
— Ужо даказала сваім удзелам у конкурсе “Дзеці новага пакалення”, які праходзіў у Мінску ў студыі тэлеканала ЛАД.
— І што там цябе ўразіла?
— Валасы Венеры.
— Не зразумеў.
— Пытанне было такое, на засыпку: ці ёсць такое сузор’е “Валасы Венеры”.
— Ёсць?
— Аказваецца, так.
Звычайная дзяўчынка. Правінцыялка? Я б не сказаў, што ў маёй суразмоўцы ёсць нейкі стойкі правінцыйны комплекс. Хутчэй, наадварот: камунікабельная, простая ў абыходжанні, без прэтэнзій на ўласную “зорнасць”. Урэшце, цікавы субяседнік.
— А што карыснае прывезла з таго конкурсу?
— Пазнаёмілася з равеснікамі. Паслухала выступленне Ксеніі Сітнік у музычнай паўзе. Урэшце, прывезла дыплом удзельніка.
— Як трапіла на гульню?
— Вельмі проста. Па інтэрнэце прайшла рэкламка. Я зацікавілася. Пачытала кніжку “Цікавыя факты”, пагартала літаратуру па геаграфіі, энцыклапедыі — і паехала.
— Навошта?
— Вопыту набрацца, паглядзець, як я выглядаю на фоне іншых.
— А што любіш яшчэ?
— Ой, ды я шмат чаго люблю: на лыжах катацца, на каньках, падарожнічаць. Галубцы люблю.
— Сама гатуеш?
— Мама, а я дапамагаю.
— А дзе падарожнічала?
— У Італіі. Мы там у летніку былі. У Венецыю ездзілі. Вазілі нас туды, дзе робяць славутыя венецыянскія маскі ручной работы. І там нам падарылі маскі. Яшчэ былі ў Падуі. А жылі мы ў Мірана. Кожны дзень — то на мора, то ў басейн, ездзілі на рыбалку. Цікава, там рыбу ловяць, а потым яе адпускаюць.
— Я чуў, ты даследчыца…
Сафія смяецца, махае рукою:
— Якая там даследчыца! Ну, удзельнічала ў раённым экафоруме. Праводзілі даследаванне “Будучыня Лепельшчыны”. Разглядалі нашы экалагічныя праблемы і меркавалі, як іх вырашаць. Бралі пробы паветра, вады і бытавых адходаў з розных месцаў горада. Між іншым, ля нашай гімназіі паказчыкі былі самыя лепшыя.
— Выходзіць, ты яшчэ і эколаг. Ведаеш, як з бытавых адходаў цукеркі рабіць.
— Цукеркі? Не ведаю. А вось з гафракардону розныя вырабы робім. Атрымліваюцца нават дынамічныя фігуры. Потым іх размалёўваем рознымі фарбамі.
— Цікава! Значыць, ты яшчэ і мастак?
— Ёсць у мяне дзве карціны, але яны не маляваныя, а вышываныя. Трэцяя пакуль не закончаная.
— Хто цябе навучыў вышываць?
— Мама.
— Адкуль бярэш тэмы для сваіх карцін?
— Прадаюцца гатовыя наборы-схемы і да іх камплект нітак.
— Як ты ўсё паспяваеш? Ты — і на алімпіядах, і на конкурсе эрудытаў, і на экафоруме, і за даследаваннямі, і карціны вышываеш, паспяваеш катацца на каньках і лыжах, лавіць рыбу.
— А яшчэ танцаваць, бо займаюся ў школе мастацтваў харэаграфіяй, і кіраваць, бо з’яўляюся старастай класа. Спяваю і ўдзельнічаю ў іншых школьных мерапрыемствах. Паспяваць усюды няцяжка, калі табе цікава. Не трэба толькі ленавацца.
На здымку: Сафія Касцюковіч.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.