… і фашыны з лазы

Сёлета меліяратарам належыць павялічыць сельгас­угоддзі раёна на 342 гектары. Будуць рэканструяваны раней меліяраваныя плошчы ў сельгаспрадпрыемстве “Пражэктар” (134 гектары), меліярацыйныя аб’екты “Стаі” (136 гектараў) і “Калініна” (72 гектары) ў сельгасфіліяле “Заазер’е”. На 179 гектарах будзе праве­дзена аграмеліярацыя. Яна ўключае ліквідацыю вымачак, хмызу, рамонт сістэм каналаў і дрэнажу, апрацоўку зямлі перад здачай спажыўцам.

 Асобна будзе адрамантавана 15 кіламетраў каналаў паблізу вёсак Шубнікі, Пагарэлае, Горкі, Свядзіца, Марозава Слабодка.

 Адным з першых асушаных аб’етаў Лепельшчыны было балота за вёскай Свядзіца сельгаспрадпрыемства “Пражэктар”. Пры асушэнні водапрыёмнікам паслужыла рака Свядзіца. Пасля здачы ў эксплуатацыю ў 1971 годзе асушальныя магістралі папраўляліся толькі ў 90-х гадах. З таго часу іх пашкодзіла свойская жывёла пры перагоне і паенні. Таму летась меліяратары ўзялі­ся за рамонт аб’екта. Увосень прамылі дрэнажную сістэму, паклалі новую на адлегласць сем кіламетраў, пачысцілі каналы, правялі планіроўку адхонаў, на іх пасеялі траву, давялі да ладу трубапераезды. Сёлета застаецца правесці рэканструкцыю самога водапрыёмніка Свядзіца на адлегласці чатыры кіламетры.

 У раёне функцыянуюць меліярацыйныя каналы агульнай працягласцю 826 кіламетраў. Сёлета неабходна абкасіць адхоны на адлегласці 540 кіламетраў, выкарчаваць хмыз на 28 кіламетрах, пачысціць 16 кіламетраў рэчышчаў.

 Будзе праводзіцца догляд усёй меліярацыйнай сеткі. Ён уключае прачыстку рэчышчаў каналаў і водапрыёмнікаў, прамыванне і рамонт дрэнажнай сістэмы, чыстку дрэнажных калодзежаў, аднаўленне вусцяў калектараў, ліквідацыю вымачак, карчаванне кустоў.

*   *   *

 138-гектарны меліярацыйны аб’ект “Будаўніцтва меліярацыйнай сістэмы СГФ “Заазер’е” знаходзіцца за робатызаванай  фермай “Юркоўшчына”. Да яго вя­дзе добра наезджаная дарога. Падумалася: гэта ў мароз, а як бы тут праехалі вясновай бездаражжу? Як бы там ні было, але на аб’ект заехалі лёгка. Праўда, цераз лесапавал прабірацца не адважыліся. Да вагончыка майстра пайшоў пехатой.

 Лесапавалам балота назваў умоўна, бо наўрад ці можна лічыць лесам нават тоўстыя алешыны ўперамешку з кустоўем — дровы дый годзе. Яны ідуць на апальванне кацельні меліяратараў, ацяплення майстэрні і награванне вады на базе прадпрыемства для бытавых і тэхнічных патрэбаў. З альховых галін і лазовых дубцоў вяжуць фашыны, якія служаць паскаральнікамі фільтрацыі вады (фільтрамі-паглынальнікамі) для фільтрацыйных вокнаў над дрэнажом. Так што з балотнай расліннасці не выкарыстоўваюцца хіба што карчы, якія карчуюць Віталь Пліско на трактары Т-130, а ў найбольш забалочаных лагчынах, дзе трактар можа праваліцца, — Алег Кузняцоў і Алег Алецкі на японскім экскаватары “Камацу”. Экскаватаршчыкі працуюць праз дзень па 12 гадзін, таму на працу дабіраюцца сваім транспартам. Дровы адвозяць на “Беларусах” Уладзімір Гайко і Леанід Міснік.

 Вагончык на гары служыць адначасова канторай майстарскага ўчастка і бытоўкай. Буржуйка настолькі нагрэла яго, што давялося распранацца. Майстар Аляксандр Шаўцоў распавёў пра справы. Зіма стварае пэўныя цяжкасці меліяратарам. Мароз стрымлівае запуск тэхнікі. Завеі столькі снегу пад кусты нанеслі, што вальшчыкам Валерыю Юшыну і Міхаілу Казыру даводзіцца працаваць з бензапіламі ў сумётах па пояс. Снегавая праблема не абыходзіць і загрузчыкаў дроў Віталя Машару, Сяргея Дзёмку, Канстанціна Волкава. Адліга толькі пагаршае ўмовы працы, бо снег тады ўшчыльняецца і прасоўвацца па ім яшчэ цяжэй.

 Зіма і пэўныя зручнасці стварае. Лёд трымае тэхніку. Вясной яна праваліцца. Давядзецца чакаць, пакуль балота падсохне. Але такой сітуацыі меліяратары не дапусцяць, бо працу размеркавалі так, каб усе неабходныя работы выканаць да надыходу цяпла. Правялі папярэдняе асушэнне метадам “піянерка” — выкапалі канал няпоўным профілем для скіду вады з балота, выразаюць і карчуюць зараснікі. А з надыходам устойлівага цяпла возьмуцца за ператрасанне карчоў, разбіванне кавальераў (выцягнутай з каналаў зямлі), укладку дрэнажу, даводку каналаў, падсеў адхонаў, уладкаванне лагчын для паскарэння паверхневага сцёку вады, упарадкаванне вусцяў, агратэхнічную апрацоўку меліяраванай плошчы. Аб’ект здадуць у 2013 годзе.

 Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

На здымку: фашыну вяжуць Аляксандр Шаўцоў, Вікторыя Пліско, Дзмітрый Макераў, Алег Азаронак.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.