“А золкі тут ціхія”

Вялікі рэзананс  атрымаў артыкул Уладзіміра Шушкевіча “А золкі тут ціхія”  ў “Лепельскім краі” за 27 верасня. Хацелася б працягнуць распачатую на старонках газеты дыскусію па тэме, якая выклікала цікавасць чытачоў.

Даследую партызанскі рух на тэрыторыі Слабадскога сельсавета.

Трэба адзначыць, што разведвальна-дыверсійны  атрад Героя Савецкага Саюза Рыгора Лінькова, якога мясцовае насельніцтва ведала пад псеўданімам Баця, быў адным з першых партызанскіх фарміраванняў, што пачалі дзейнічаць на тэрыторыі Лепельшчыны. На старонках газеты перыядычна друкаваліся матэрыялы, у якіх даволі падрабязна асвятлялася дзейнасць атрада Баці.

Як ужо ўзгадвалася ў допісах чытачоў, Рыгор Мацвеевіч Лінькоў неаднаразова наведваў Лепельшчыну. Ён быў знаёмы з многімі нашымі землякамі, у тым ліку з лесніком Раманам Гардзіёнкам, які жыў на хутары Мар’янова каля Валовай Гары.

Напачатку 1950-х гадоў велеўшчынскі хлапчук Віця Багдановіч, якому тады было трынаццаць-чатырнаццаць гадоў, на лета ўладкоўваўся работнікам на хутар да лесніка Гардзіёнка. Менавіта на хутары хлопчык неаднаразова бачыў легендарнага партызанскага камандзіра Бацю. Прыязджаў ён на “Волзе” з самой Масквы. З лесніком сыходзіў паляваць на некалькі дзён.

У Валовай Гары я некалькі гадоў назад сустракаўся з дачкой Рамана Гардзіёнка — Марыяй Кульбой. Яна памятае, як да іх на хутар Мар’янова прыязджаў Лінькоў не толькі адзін, але і з сям’ёй. Ездзіў да Лінькова ў госці ў Маскву і бацька. Звязвала мужчын не толькі аднолькавае захапленне, але і партызанскае мінулае — у вайну неаднаразова на сваім хутары даваў прытулак партызанам Раман Гардзіёнак. Пераглядаючы стары сямейны альбом, Марыя Раманаўна адшукала фота Рыгора Лінькова.

На жаль, трагічна склаўся яго лёс. У 1961 годзе загінуў на паляванні, пахаваны ў Маскве.       Што тычыцца зямлянак, аб якіх вядзе гутарку ў сваім артыкуле Уладзімір Шушкевіч, то сёння даволі цяжка вызначыць, якому партызанскаму падраздзяленню яны належалі.

У свой час лесніку са Стайска Фёдару Кунчэўскаму старажылы паказвалі партызанскі лагер Баці. На адным з аддаленых астравоў домжарыцкіх балот размяшчалася дзве зямлянкі.

На працягу акупацыі домжарыцкія балоты служылі надзейным прыстанкам розным партызанскім фармі­раванням. Таму на астравах і цяпер можна выпадкова натрапіць на колішнія яміны ад зямлянак. Вядомы такі факт: вялікая групоўка партызан, у якую ўваходзілі брыгады імя Кірава, “Дзядзькі Колі”, “Жалязняк”, іншыя разрозненыя фарміраванні і некалькі тысяч мясцовага насельніцтва, былі блакіраваны немцамі ў домжарыцкіх балотах у чэрвені 1943 года пад час карнай аперацыі “Котбус”. Па розных звестках агульная колькасць партызан і мірнага насельніцтва, заціснутых немцамі на маленькім пятачку радыусам у дзесяць кіламетраў, вагалася ад дзесяці да чатырнаццаці тысяч чалавек. Тады партызаны здолелі вырвацца з вогненнага кальца і выйсці ў свае раёны дыслакацыі.

 Валерый Тухта,

краязнавец.

 На здымку: Рыгор Лінькоў у 50-я гады на паляванні .

Здымак з сямейнага архіва Кульбаў.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.