Дата открытия магазина «Mart Inn» пока неизвестна: репортаж со стройки

Пра будоўлю гандлёвага аб’екта сеткі “Март ІNN” газета пісала двойчы. У мінулы раз распавядалі,  што была завершана адсыпка грунту, на пляцоўку прывезлі і высыпалі каля 20 тысяч тон пяску. Акрамя гэтага, забіваліся палі, на якіх збіраліся мацаваць фундамент.

У пачатку восені здарылася затрымка. У праект нечакана былі ўнесены змяненні. Не, знешні выгляд і агульная плошча будынка не памяняліся, змяніўся матэрыял узвядзення сцен і канструкцый. Удакладненне праекта доўжылася месяц.
На дадзены момант, прайшло больш за месяц, адрозненні істотныя. У першую чаргу бачым, што пачалося інтэнсіўнае ўзвядзенне сцен. Каркасным метадам: з жалезабетонных канструкцый складзены каркас, а прастора паміж імі запаўняецца цэглай і сілікатнымі блокамі. Будоўляй кіруе прараб Пётр Напрыенка.
img_0892— Добры дзень. Будуе па-ранейшаму прыватнае прадпрыемства “Горадтэхбуд”?
— Так, “Горадтэхбуд” па-ранейшаму з’яўляецца генеральным падрадчыкам на аб’екце. Я сам з Бабруйска, тут у камандзіроўцы. А вось большая частка работнікаў — з Лепеля і прылеглых вёсак.
— Мне падалося, што сёння рабочых няшмат для такога важнага аб’екта…
— Так, мы нядаўна ўзяліся за працаёмкія работы, таму маем патрэбу ў мулярах, рабочых іншых будаўнічых спецыяльнасцяў. Буду вельмі ўдзячны, калі і праз вашу газету пройдзе інфармацыя, што нам вельмі патрэбны людзі.
— Аднак галоўны стымул для работніка — заработная плата…
— Прытрымліваемся здзельнай платы. Напрыклад, выкласці адзін кубаметр кладкі з сілікатных блокаў каштуе 18 рублёў. За дзень двое работнікаў без праблем выкладуць два з паловай — тры кубаметры. Увечары я абыходжу ўсе рабочыя месцы і запісваю пайменна, хто колькі зрабіў. У канцы месяца ўсё складваецца, і работнік дакладна бачыць свой заробак. Мушу прызнацца, што спачатку былі пытанні па часе налічэння і выплаты заробку, аднак зараз усё ўвайшло ў сваю каляіну.
Побач працавалі двое мужчын. Папрасіў іх прадставіцца.
— Аляксей Чыркоў, муляр, раблю кладку з газасілікатных блокаў.
— Аляксандр Мазго, таксама муляр, зараз дапамагаю Аляксею.
Праца ішла ўвішна. Аляксандр адзін за адным падаваў блокі напарніку, а той саджаў іх на клеевы раствор. Выклаўшы сценку ў адным месцы, яны хуценька перастаўлялі рыштаванні на другое.
img_0889— Якая норма выпрацоўкі?
— Нормы няма, колькі зробіш — столькі і атрымаеш. За дзень мы зарабляем дзесьці па 20 — 30 рублёў.
Звяртаюся да Пятра Напрыенкі:
— Зараз плюсавая тэмпература, можна весці кладку на цэментны раствор. А калі ціскануць маразы?
— Ёсць матэрыялы і тэхналогіі, якія дазваляюць працаваць практычна круглы год, у любы мароз. Мяркуючы па прагнозах, моцных маразоў не чакаецца. Будзем спадзявацца на лепшае. Зараз галоўнае — хутчэй завяршыць запаўненне сцен цэглай і блокамі. Потым па версе заліём маналітны пояс, а на ім будзем манціраваць металічныя фермы перакрыццяў.
— На месцы, дзе мы зараз стаім, што павінна быць?
— Мы зараз у цэнтры гандлёвай залы. Там, за сценкамі, будуць службовыя памяшканні, склады, халадзільнікі, цеплапункт, кабінет загадчыка, гардэробная, бліжэй да выхаду — касы. У сцяне, якая выходзіць на вуліцу Чуйкова, закладваецца толькі цокаль з цэглы і адзін рад з сілікатных блокаў, а вышэй будуць вітражныя вокны ва ўсю сцяну.
— Інжынерныя камунікацыі падведзены?
— Так, усё, што патрэбна, ужо падведзена — водаправод, каналізацыя, электраэнергія.
— Пётр Ягоравіч, як думаеце, калі ўжо першыя пакупнікі змогуць прыйсці ў новую краму?
— Канкрэтных тэрмінаў называць не буду. Скажу толькі, што мы, будаўнікі, зробім усё, што ад нас залежыць.
Між тым на пляцоўку заехаў пагрузчык “Амкадор”. За рулём — Сяргей Неметаў. Машына пад’ехала да жалезнага карыта, запоўненага будаўнічым смеццем. Трактарыст разам з рабочым Сяргеем Крыўцом хуценька перасыпалі змесціва ў коўш. На працягу дня так даводзіцца аб’язджаць па два-тры разы. На пляцоўцы парадак павінен быць.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: рабочы Сяргей Крывец нагружае раствор, каб падаваць яго на рыштаванні; сцяну з блокаў кладуць Аляксей Чыркоў і Аляксандр Мазго.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.