“Мясная лаўка” ў Лепелі

548 Праязджаючы па Барысаўскім тракце, звярнуў увагу, што будоўля, якая больш за месяц вялася побач з кам­бікормавым заводам, нарэшце завершана, крама адчынілася. У размовах лепяльчане выказвалі меркаванне, што там будзе прадавацца камбікорм. Зайшоўшы ў памяшканне, убачыў, што гэта спецыялізаваная фірменная крама, у якой прадаецца прадукцыя прадпрыемстваў “Віцебскаграпрадукт” і “Вітконпрадукт”. Мяса ахалоджанае рассечанае свіное і курынае, каўбасы, вяндліна, сасіскі, сардэлькі — далёка не поў­ны пералік. Пра адкрыццё новай гандлёвай кропкі і ўмовы, якія да гэтага падштурхнулі, гутарым з дырэктарам філіяла “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” Ігарам Таранам.

— Ігар Паўлавіч, што падштурхнула кіраўніцтва ЗАТ да адкрыцця гандлёвай кропкі?

— Эканамічная сітуацыя. Калі заўважылі, на паліцах нашай новай крамы ляжыць выключна прадукцыя ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” і СТАА “Вітконпрадукт”, якія ўваходзяць у холдынг “Славянскі Велес”. Аб’яднанне асобных прадпрыемстваў у холдынгі — гэта і ёсць агульная тэндэнцыя, характэрная для Беларусі. Разам гаспадарыць і адстойваць свае пазіцыі на рынку лягчэй.

Першапачаткова “Славянскі Велес” спецыялізаваўся толькі на вырошчванні жывёлы. Потым было прынята рашэнне максімальна ахапіць мясавытворчы цыкл. Быў набыты камбікормавы завод, што дало магчымасць забяспечыць жывёлу кармамі ўласнай вытворчасці, умацаваць кантроль за якасцю. Наступны крок — пабудова мясакамбі­ната. З нядаўняга часу холдынг рэалізуе жывёлу не жывой вагой, а ў паўфабрыкатах: мяса на костках, каўбасы, фарш і г.д. Холдынгавае аб’яднанне, сярод іншага, дапускае стварэнне ўласных магчымасцяў для рэалізацыі прадукцыі канчатковаму спажыўцу — насельніцтву.

Рознічны гандаль дазваляе ўключыць у абарот так званыя “кароткія грошы”. Патлумачу на прыкладзе. Выпусціў “Вітконпрадукт”, скажам, тону прадукцыі, паставіў у гандлёвую сетку. Але адтуль грошы паступаюць не адразу, дзейнічае адтэрміноўка плацяжу, якая ў нашым выпадку дасягае 40 дзён — амаль паўтара месяца. Прадаўцоў можна зразумець, ім патрэбны час, каб рэалізаваць тавар, яго ж не раскупяць увесь за тры гадзіны. З іншага боку, і мы, вытворцы, на паўтара месяца застаёмся без абаротных сродкаў, якія патрэбны для закупкі сыравіны, паліва, аплаты электраэнергіі, выплаты заработнай платы і ўзносаў у бюджэт. Калі ж у вас ёсць свая фірменная крама, справы ідуць жвавей. Раніцай завезлі туды тавар, а ўвечары забралі выручку — вось і абаротка.

— Аднак, паводле інфармацыі райсельгасхарчу, толькі адзін свінакомплекс “Дражна” за тры кварталы вырасціў 2,8 тысячы тон свініны ў жывой вазе. Праз адну краму не прапусціць такія значныя аб’ёмы.

— Перад намі пакуль што і не стаіць такая задача. Як і раней, большая частка прадукцыі мясакамбіната будзе паступаць у гандлёвыя сеткі. Аднак і “Славянскі Велес” жадае замацавацца на рынку, таму прынята і рэалізуецца рашэнне аб будаўніцтве дзесяці фірменных крамаў на першым этапе. Упэўнены, гэта дапаможа холдынгу захаваць і паскорыць вяртанне абаротных сродкаў. Што ж датычыцца аб’ёмаў рэалізацыі, прывяду наступны факт. У Сянно ўжо некалькі месяцаў дзейнічае наша фірменная крама, яе абарот за месяц складае мільярд рублёў. Там за месяц прадаецца па 28 тон прадукцыі — амаль па тоне штодня. Вось наша бліжэйшая мэта.

— Вы казалі, што дзесяць крамаў — толькі першы этап. Што запланавана на другі?

— Аналіз. Трэба будзе паглядзець, прааналізаваць, вызначыць, наколькі паспяховы праект, наколькі дасягаюцца пастаўленыя мэты. І толькі потым будзе прымацца рашэнне аб магчымым расшырэнні сеткі. Мне ж асабіста бачыцца мэтазгодным наступнае будаўніцтва такой жа крамы ў Бароўцы і трошкі меншай — у Заслонаве. У Бароўцы працуе адзін кіёск “Ганны”, да яго кожны дзень выстройваюцца чэргі. У гэтым населеным пункце жывуць каля чатырох тысяч чалавек, яшчэ больш за тысячу — у прылеглых вёсках. Гэта нашы патэнцыйныя пакупнікі. У Заслонаве — каля дзвюх тысяч, там патрэбна будзе меншая гандлёвая кропка.

— Як аўтамабіліст, міжволі звяртаю ўвагу на зручную паркоўку. Каля крамы пакуль што яе няма.

— Не ўсё адразу. Прадпрыемства ўжо шмат уклала ў будаўніцтва. Трэба сабраць грошай на добраўпарадкаванне.

— “Мясная лаўка” — назва гаворыць сама за сябе…

— Так, у сучаных рэаліях гучная назва вельмі шмат гаворыць. Кожны раз, называючы фірменную назву, у памяці адразу з’яўляюцца некалькі вобразаў: тавар, сэрвіс, цэны, месца размяшчэння. Напрыклад, называем “Родны кут” — адразу асацыіруецца з райспажыўтаварыствам. “Гарачы хлеб” — фірменны гандаль хлебазавода на базары і на Барысаўскім тракце. “Лепелька” — Барысаўскі тракт і якасныя малочныя прадукты. Таму мы прынялі рашэнне, што і нам патрэбна гучная, пазнавальная фірменная назва-брэнд, як цяпер кажуць. Такім стала “Мясная лаўка”. Пакупнік убачыць шыльду і адразу будзе ведаць, што там якасныя мясныя прадукты па прымальных коштах.

Пытанне якасці — адно з галоўных у палітыцы “Славянскага Велеса”. Пакупнік можа заўважыць, што на прылаўках зусім мала замарожанага мяса, у пераважнай большасці прадукцыя ахалоджаная, якая паступае адразу з канвеера мясакамбіната. Пры гэтым гандлёвая надбаўка — мінімальная.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: прадаўцы “Мясной лаўкі” Зінаіда Тычына і Святлана Голубева.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.