“На працу едуць з задавальненнем”

Платныя грамадскія работы — «павіннасць» ці падтрымка? Некалькі гадоў таму, калі было вырашана ў абавязковым парадку прыцягваць беспрацоўных да грамадска карысных работ, гэта выглядала ў пэўнай ступені прымусам. Прайшоў час. Адпрацоўка стала звычайнай справай. Пра тое, як гэта выглядае зараз, гутарым з намеснікам начальніка і начальнікам аддзела занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Тамарай Васіленка.

— Тамара Ана­тольеўна, як арганізаваны такія работы?

 — Кожны квартал рашэннем райвыканкама вызначаецца колькасць дзён, якія беспрацоўныя павінны ў абавязковым парадку адпрацаваць на грамадска карыснай працы.

Ад чаго гэтая колькасць залежыць?

 — Ад аб’ёму работ на сельгас­прадпрыемствах і патрэбнасці гаспадарак у такой працы. Колькасць дзён не можа перавышаць дзесяці за месяц, аднак і не можа быць меншай за адзін ці нават два дні.

Можна адпрацаваць наперад?

 — Можна. Многія так і робяць. Увесну, калі праца для іх найбольш прывабная, адпрацоў­ваюць больш, каб затым пакінуць для сябе свабодным лета. На грыбах, на ягадах… Ці мала чым зарабляюць людзі ўлетку?!

А чым такая прывабная для беспрацоўных вясна?

 — Возьмем, напрыклад, пераборку бульбы. Часта гаспадаркі ў дадатак да аплаты працоўнага дня разлічваюцца натуральным прадуктам. Працаўнікам выгадна, бо бульба ўвесну становіцца даражэйшая.

Працуюць толькі ў сельгас­прад­пры­емст­вах?

 — Часта заяўкі на працу робяць ДСГУ “Лепельскі лясгас”, Бярэзінскі біясферны запаведнік. Гэтыя арганізацыі добра плацяць, таму такую працу людзі чакаюць з нецярпеннем і з задавальненнем на яе едуць.

А на якіх работах занятыя беспрацоўныя ў гэтых арганізацыях?

 — Як правіла, на пасадцы лесу. А вось зараз, напрыклад, ДСГУ “Лепельскі лясгас” падаў заяўку на ўборку камянёў.

А што робяць у летні перыяд?

— Сёлета, скажам, прымалі ўдзел у нарыхтоўцы другаснай сыравіны (рыззя, макулатуры).

Ці толькі беспрацоўныя бяруць удзел у грамадска карысных работах?

 — Не толькі. З задавальненнем ез­дзяць на працу пенсіянеры, а таксама іншыя катэгорыі насельніцтва ў вольны  час.

— Мужчыны? Жанчыны? Якога ўзросту?

 — Акрамя тых, хто стаіць на ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, ездзяць, як правіла, жанчыны ва ўзросце ад трыццаці да пяцідзесяці гадоў, мужчыны пенсійнага ўзросту.

— Дзе зараз працуюць?

 — Не так даўно капалі, а зараз перабіраюць бульбу ў ААТ «Чарэйшчына» і ў ДСГУ «Лепельская сортавыпрабавальная станцыя».

Колькі чалавек ездзіць?

 — Ад трыццаці да сарака.

Як арганізаваны працоўны дзень?

 — Дастаўляюць на працу на двух аўтобусах. Працоўны дзень — восем гадзін. Назад, зноў жа, прывозяць нашы аўтобусы.

А дзе абедаюць? На сартастанцыі, ведаю, ёсць сталовая.

— Абед бяруць з сабою. Думаю, што ім так выгадней, бо едуць жа зарабіць і назапасіць бульбы, а не паабедаць у сталовай. Тым болей, што працуюць не пастаянна, а ўсяго некалькі дзён.

Колькі зараз беспрацоўных і колькі вакансій у раёне?

— На ўліку ва ўпраўленні знахо­дзяцца дзвесце пяцьдзясят шэсць чалавек, з іх сто шэсцьдзясят тры беспрацоўныя, вакансій налічваецца сто чатыры.

 Гутарыў

 Уладзімір МІХНО.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.