“Ртутны дзень”

Дзень можа быць рыбны, посны, а вось 16 лютага ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях стаў ртутным – за дзень паступілі дзве заявы ад грамадзян па пытаннях правільнага абыходжання з прыборамі, якія ўтрымлівалі ртуць. Спачатку патэлефанавала жанчына з вуліцы ІІ Савецкая, сказала, што выпадкова разбіла тэрмометр. Бачную ртуць сабрала сама, змясціла яе ў шкляную банку, аднак непакоілася, ці правільна зрабіла. Тым больш, што дошкі на падлозе ляжаць няшчыльна, паміж імі шчыліны, куды мог закаціцца бліскучы шарык.

Прыбыў нарад выратавальікаў, правёў дэмеркурызацыю памяшкання. У святле ліхтарыка выявілі яшчэ адзін маленькі шарык ртуці, які закаціўся за плінтус.

У другім выпадку патэлефанавала жыхарка вуліцы Валадарскага, у яе трэснуў градуснік, але, на шчасце, ртуць не вылілася. Жанчына пыталася, куды можна здаць яго для бяспечнай утылізацыі.

Успомнілася, што па аналагічных пытаннях звярталіся не так даўно. У прыватнасці, 29 студзеня тэлефанаваў жыхар вуліцы імя Карла Маркса, 30 снежня разбілі градуснік у Стаях.

Між тым, ртуць – гэта вельмі агрэсіўнае атрутнае рэчыва, якое пры трапленні ў арганізм выклікае найцяжэйшыя захворванні – рак лёгкіх, печані.

Хочацца напомніць аб некаторых мерах перасцярогі. Калі разбіўся прыбор, які ўтрымлівае ртуць, то найперш трэба ізаляваць памяшканне, вывесці з яго ўсіх, хто не ўдзельнічае ў зборы і выдаленні ртуці. Шарыкі можна сабраць гумовай грушай, піпеткай, можна з дапамогай пэндзліка змесці на аркуш паперы і змясціць у слоік, напалову напоўнены вадой. Яна асядзе на дне, а слой вады не дапусціць выпарэння. Пасудзіну закрыць шчыльнай крышкай. Пры рабоце абавязкова выкарыстоўваць гумавыя або латэксныя пальчаткі, або іншыя, зробленыя з воданепранікальнага матэрыялу, напрыклад, тыя, што выкарыстоўваюцца ў наборах для фарбавання валасоў.

Для збору кропляў ртуці з мяккай мэблі можна выкарыстоўваць скотч. Палоскі наклейваюць на ўчасткі, дзе адбыўся разліў, а потым адрываюць, ртуць прыклейваецца. Палоскі потым таксама складаюць у слоік з вадой.

Пасля збору ртуці трэба вымыць, а потым праветрыць памяшканне. Для гэтага выкарыстоўваць мыльна-содавы раствор, хлорыстыя рэчывы (напрыклад, “Белізна”), або раствор марганцоўкі. Вопратку, у якой праводзіліся работы, таксама трэба прамыць.

Ртуць і зламаныя прыборы, дзе ўтрымліваецца гэтае рэчыва, трэба здаць на спецыялізаваныя пункты, у нашым раёне іх прыёмам займаюцца КУВП ЖКГ “Лепель” і КУВП “Бароўка”. У крайнім выпадку можна звяртацца ў аварыйна-выратавальную часць па нумары 101.

Каб засцерагчыся ў далейшым, варта выклікаць спецыялістаў з раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, каб тыя правялі замеры на наяўнасць пароў ртуці ў памяшканні.

Аляксандр САДОЎСКІ,

інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС,

старшы лейтэнант унутранай службы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.