“Юшка дружбы” на лепельскай Бобрыцы

IMG_0920 Памятаеце, у Якуба Коласа: “Дзень быў святы, яшчэ ад рання блінцы пякліся на сняданне”. У Вялікім Поўсвіжы ж было якраз наадварот, адвячоркам у суботу запалілі ў печы, балазе вясна сёлета такая, што ў печы палі хоць сабе і да лета. Напяклі не толькі блінцоў, але і рознага іншага смачненькага, намазалі бутэрброды, запасліся каўбаскаю і г.д. Закіпяцілі чайнікі, заправілі тэрмасы – усё як належыць. Бо заўтра, у нядзельку, дзень будзе цяжкі, калорый, ведалі, пагубляюць шмат. Трэба будзе добра падсілкавацца. А тым часам у Старым Лядне лавілі рыбу. Налавіць трэба было шмат, каб хапіла на юшку і сабе, і гасцям.

Вы скажаце, хто гэта ў госці са сваімі тэрмасамі едзе! Дык не з бутэлькаю ж. Не той дзень і не тая кампанія. У адной тусоўцы дарослыя з дзецьмі збяруцца. Ды і не ў госці едуць з Поўсвіжа ў Лядна, а як бы на таварыскую сустрэчу, на спаборніцтвы. Гэткім арыгінальным чынам актывісты культуры абодвух аграгарадкоў вырашылі па-сямейнаму адзначыць дзень сям’і.

Паўсвяжане заказалі “Газэль” і раніцай выхаднога дня рушылі ў дарогу. Лідзія Ганчар, загадчыца Поўсвіжскага СДК, з задавальненнем кажа, што з паездкамі ў іх зараз ніякіх праблем. Транспарт у аддзеле культуры можна заўсёды заказаць за грошы, выручаныя на платных паслугах, а вадзіцелі, хоць сабе і ў непрацоўны для іх дзень, заўсёды ідуць насустрач. Вось і гэтым разам не толькі не падвёў Аляксандр Канавалік, а яшчэ і падахвоціўся быць іх асабістым фатографам.

У дарогу рушылі Наталля Тухта з сынам-дзевяцікласнікам Кірылам, Людміла Пузанава з сынамі Юрам і Лёшам, вучнямі восьмага і другога класаў, Таццяна Міхно з сынам Ільёй, які вучыцца ў гімназіі. Што аб’ядноўвае гэтых людзей? Калі казаць пра дарослых, то ўсе яны людзі творчыя, мясцовыя актывісты культуры, удзельнікі вакальнай групы “Вяселіца”. Дзеці ж таксама, як кажуць, ля культурных падмосткаў круцяцца, часта ўдзельнічаюць і ў розных сцэнічных імпрэзах. Правесці выхадны разам – чаму б і не! А ўзначаліла дэлегацыю Лідзія Ганчар, якая зараз зноў кіруе Поўсвіжскім СДК.

Месца выбралі здатнае. Гэта дзякуючы лядненцам, якія самі тут ужо не ўпершыню выязджаюць на Бобрыцу “на юшку”. Мясцовы настаўнік фізкультуры пастаянна ладзіць тут з дзецьмі розныя спартыўна-забаўляльныя спаборніцтвы – конкурсы, спартландыі, старты. Цікавая мясцінка! Возера, лес. З горкі спускаешся і ты як быццам бы ў лагу. Ні ветры сюды не далятаюць, ні буры, толькі сонца. Сонца гэтым нядзельным днём аказалася дастаткова, каб і госці, і гаспадары, разгарачаныя ў пыле спаборніцтваў, нават паскідвалі цёплую вопратку, якую прыпаслі, зважаючы на капрызы вясны, ды засталіся па-спартыўнаму — у майках.

Падзяліліся на каманды па адзінаццаць чалавек кожная. Сямейных калектываў не хапіла, з абодвух бакоў дапоўнілі “салянкаю” ў выглядзе “зборнай сям’і”. І – “скрыжавалі клінкі”  лядненскія з паўсвяжскімі, што толькі ні рабілі! І бегалі, і скакалі, спаборнічалі і на спрыт, і на кемлівасць, і на гумар. Ужо і стаміліся, а ўсё роўна было цікава, толькі крышачку крыўдна, калі тая ці іншая каманда раптам адставала ці не спраўлялася. Асабліва перажывалі дзеці. Спаборнічалі Лядна і Поўсвіж, а перамагла… дружба. Дружба перамагла з лікам сем-сем, па-іншаму і быць не магло, бо прайграваць нікому не хацелася, а добры настрой быў самым галоўным чыннікам гэтай сустрэчы.

А потым наварылі юшкі, якую гаспадарліва арганізавала загадчыца Старалядненскага СДК Ганна Белаглазава. Юшка – толькі сімвал, як кажуць, брэнд таварыскага стала ў гонар першай іх сустрэчы на Бобрыцы з нагодны сямейнага свята. Насамрэч жа на тым імправізаваным стале чаго толькі не было! А “залацінкаю” застолля стала… сала, якое і дзеці і дарослыя ахвотна смажылі на вогнішчы. Ну і, вядома ж, малінавая гарбата з’явілася фірмовым ласункам. Нават дожджык, які часта тымі днямі рабіў набегі на зямлю, на гэты раз затрымаўся, можа, сам залюбаваўся такім прыгожым культурным пікніком. Замарасіў толькі тады, калі ўжо госці садзіліся ў “Газэль”…

Абыякавых не засталося. Спадабалася ўсім, таму дамовіліся сустракацца надалей… штомесяц.

Між тым, традыцыі адзначаць дзень сям’і ўзніклі ў аграгарадках не сёння. У Поўсвіжы, напрыклад, летась ладзілі “круіз” на сцэне сем’і Пшонка, Масяутавых, Аўсянікаў і Валочнікаў. Былі і конкурсы на кемлівасць, і кулінарны з музычным паядынкі. Здымалі на відэа. Шкада толькі, што не ўсе сем’і аднолькава ахвотна адгукаюцца на покліч работнікаў культуры. Дарэчы, часцей пасіўнічаюць таты. І дарэмна. Здорава адпачыць разам усёй сям’ёю і весела, каб запомнілася.

Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.