Сябры «Лепельскага краю»

527 Хачу распавесці пра яшчэ двух сяброў нашай газеты, дакладней, дзвюх яе сябровак. Сёстры Галіна і Эма жывуць у Лепелі і чытаюць «Лепельскі край» удзвюх. Галіна Канстанцінаўна — сталая жыхарка нашага горада і прыхільніца раёнкі. Кажа, што выпісвае яе ўсё жыццё. Сястру ж яе Эму цяжка назваць мясцовым жыхаром, бо жыве бабуля як бы ў дзвюх дзяржавах, а псіхалагічна дык і ў двух вымярэннях. Зімою яна ў Беларусі, у Лепелі, а летам — ва Украіне, у Луганску, у дачкі.

Абедзвюх сясцёр застаў на кватэры ў Галіны. Зайшла гаворка і пра Украіну, пра вайну.

— Паедзеце? — спытаўся я.

— Вядома! — падхапіла Эма. — Вось толькі лета дачакаюся і зноў паеду.

— А як жа неціхоты?

— Як Оля кажа, на кожную хату гарматы не знойдзецца і кулі не хопіць.

Дачка ў Луганску працуе інжынерам на тэлебачанні, мае ўласны дом і літаральна купаецца ў раскошы паўднёвага саду і агароду.  І памідоркі ў яе, і вінаградзік, і чаго толькі няма!

— Не хоча Оля назад у Лепель вяртацца?

— Не, — махае рукою Эма, — там, у Луганску, у яе і праца добрая, і хата, прыкіпела. Ды і мне там камфортна. Зімою мне хораша ў Лепелі, тут цяплей у кватэры, а ўлетку там рай. Адно кепска, цягнікі напрамую хадзіць перасталі, з перасадкамі дабірацца трэба.

У Галіны — свой лёс. На адным тыдні пахавала яна напачатку сына адзінага, а пасля і мужа. Алег памёр малады, у сорак шэсць гадоў. Аркадзь, які ў гэты час ужо ляжаў паралізаваны інсультам, таксама не вытрымаў смерці сына. Трэба думаць, як ірвалася, засцігнутае ўраганам трагедыі, сэрца маці…

Аднак Галіна вытрымала. Яна надзвычай загартаваны чалавек. Сорак гадоў працавала медсястрою ў псіхбальніцы.

— І гэта ж не цяперашняя псіхбальніца, дзе ўсё там блішчыць і адладжана, — расказвае Галіна Канстанцінаўна, — а тая, у пяцідзясятых гадах, дзе хворыя, было, спалі на падлозе.

Самае цікавае, што я ведаю абодвух іх дзяцей — і  дачку Эмы, і сына Галіны. Вольга Пыталева і Алег Корасцін — мае аднакласнікі, разам СШ №3 заканчвалі. З Алегам дык і парты побач стаялі. Але я не ведаў, што іду пісаць менавіта пра маці майго аднакласні­ка. І тым болей не думаў, што сустрэну тут яшчэ і маці сваёй аднакласніцы. Больш таго, нават не здагадваўся, што Алег і Вольга — стрыечныя брат і сястра. Бываюць жа сюрпрызы лёсу!

Галіна і Эма, вядома, носяць розныя прозвішчы. Галіна Канстанцінаўна — Корасціна. Мужам вельмі ганарыцца і надта па ім смуткуе. Столькі гадоў разам пражылі. Аркадзь працаваў у друкарні, а затым — інструктарам у райкаме партыі. Паступіў на заафак у Віцебскі ветэрынарны інстытут, па заканчэнні якога працаваў на розных пасадах у сельскай гаспадарцы.

Эма Канстанцінаўна цяпер Шумчанка. Замужам была двойчы, абодва разы няўдала — такі лёс. Вучылася ў чыгуначным тэхнікуме. Упершыню ва Украіну трапіла па размеркаванні. Пасля тэхнікума накіравалі на дзіцячую чыгунку ў Кіраваград. Там выйшла замуж. Муж вучыўся ў Адэсе. Затым пераехалі ў Саранск. Аднак не заладзілася. Пасля разводу з маленькай дачушкаю вярнулася на радзіму. У Лепелі вырасла дачка, і тая неў­забаве апынулася ва Украіне.

— Оля як бы паўтарыла мой лёс, — кажа Эма.

Сёстры абсалютна розныя характарамі. Валявая і катэгарычная ў меркаваннях Галі­на літаральна падпарадкоўвае сваім валюнтарызмам. І нават успаміны ў іх розныя, хоць успамінаюць жа пра адно. Пра сваю родную вёску Цярэшкі, дзе нарадзіліся ў сям’і калгаснага брыгадзіра, а пасля і старшыні калгаса. Пра школу даваенную ў вёсцы, куды малымі бегалі кіно глядзець. А пра вайну! Вёска была партызанская, за тое і паплацілася. Жыхароў пагналі ў Лепель у турму, хаты падпалілі. Калі б не дзядзька Сцяпан, які праз знаёмых выцягнуў іх сям’ю з турмы, невядома, як яно б усё склалася. Пасля бацька хаваўся ад немцаў, баючыся, што зноў арыштуюць. Урэшце вывез сям’ю ў акупаваны Лепель. У горад праехалі без перашкодаў. Жылі сабе ціха: спачатку — у бабулі, пасля — у бацькавага знаёмага. Бой за вызваленне Лепеля сёстры перачакалі ў канаве ля Забаення, куды іх вывез бацька. Адразу па вызваленні горада бацьку забралі на фронт. Дайшоў да Кёнігсберга.

Пасля вайны сям’я вярнулася ў Цярэшкі. Дзяцей паболела — нарадзіліся Алег і Косця. Хапіла і голаду, і лапцей. Сяк-так павывучыліся сёстры і падаліся на свой хлеб. Кожная — са сваім чамаданчыкам, пра якія зараз і прыгадваюць у ахвоту ды наперабой. Эма з пахвальнай граматай упершыню села на цягнік і паехала паступаць у тэхнікум. Чамадан быў збіты з дошак, цяжкі. Па дарозе адарвалася ручка. Сядзіць і плача. Падышлі двое прыгожых хлопцаў у вайсковай форме, суцешылі, камень знайшлі, прыбілі тую злашчасную ручку. Дзяўчына павесялела, схапіла чамадан і пабегла. Паступіла на чыгуначніка.

Галіна ехала ў Оршу ў медвучылішча таксама цягніком з гэткім жа самым чамаданам драўляным, куды маці паклала карункавыя ручнік бялюткі, прасцінку, агуркоў з салам запіхнула. А напалохалі, сказалі, што ў цягніках адны бандыты. Едзе, вачыма стрыжэ, баіцца, чамадан да грудзей прыціскае, а сала з агуркамі ўсё расплываецца па даматканых карунках…

Такія вось успаміны, светлыя юначыя, у дзвюх бабулек, дзвюх сясцёр Спірыдовічаў. Адной — восемдзесят, другой — на два гады меней. Жывуць сёстры, пагнаўшыся кожная за сваім лёсам, хоць і ў розных вымярэннях, а часам нават і ў розных краінах. Аднак жывуць адным і тым жа — мінулым. Яно іх аб’ядноўвае…

 Уладзімір МІХНО.

 На здымку: сёстры Галіна і Эма Спірыдовічы.

 Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.