12 сентября — День работника органов предварительного следствия

12 верасня 2011 года быў падпісаны Указ №409 “Аб утварэнні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь”. 1 студзеня 2012 года новая следчая структура прыступіла да працы. З гэтага ж дня пачынае дзейнасць і Лепельскі раённы аддзел Следчага камітэта (РАСК), які аб’яднаў былых следчых пракуратуры і міліцыі.

Крадзяжы, грабяжы, нанясенні цялесных пашкоджанняў рознай ступені цяжкасці — вось асноўныя супрацьпраўныя дзеянні, з якімі найчасцей даводзіцца сустракацца следчым раённага аддзела Следчага камітэта. А як жа забойствы і іншыя цяжкія злачынствы? — магчыма, запытаюцца чытачы.

— Вельмі добра, што падобныя злачынствы на Лепельшчыне ўчыняюцца даволі рэдка. І будзе цудоўна, калі яны не будуць узнікаць зусім, — кажа начальнік Лепельскага РАСК падпалкоўнік юстыцыі Сяргей Булай. — І з гэтай высновай пагадзяцца ўсе супрацоўнікі аддзела.

Між тым, у апошія гады пералік, так бы мовіць, традыцыйных злачынстваў стаў папаўняцца правапарушэннямі з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі. Кожны месяц узбуджаюцца крымінальныя справы па фактах махлярства, выманьвання грошай. Прычым, калі 3-5 гадоў таму сумы былі адносна невялікія, ад 10 да 50 рублёў, то цяпер патрабаванні махляроў значна павялічыліся — урон вылічваецца ў тысячах рублёў.

Праца следчага, як правіла, пачынаецца энергічна: выезд на месца злачынства, фіксацыя слядоў, апытанне відавочцаў здарэння і ўдзельнікаў. Затым пачынаюцца доўгія тыдні і месяцы карпатівай працы: напісанне пратаколаў, правядзенне допытаў падазроных, абвінавачаных, сведкаў, прызначэнне экспертыз, а таксама адпраўленне запытаў у адпаведныя структуры і арганізацыі. Завяршаецца працэс фарміраваннем крымінальнай справы і накіраваннем яе ў пракуратуру.

У адрозненне ад кінафільмаў, дзе следчыя часцей страляюць, бяруць ручку ці сядаюць за камп’ютар, у рэальным жыцці ўсё па-іншаму.

— Сяргей Вітальевіч, якія асабістыя якасці найбольш характэрныя для следчага?

— Найперш — вытрымка, удумлівасць, здольнасць аналізаваць і параўноўваць. У нашай працы не трэба адразу рабіць высновы. Вядома, большасць правапарушэнняў відавочныя, таму адразу зразумела, хто мае дачыненне да злачынства, а хто — сведка. Аднак сустракаюцца і такія выпадкі, дзе не ўсё адназначна.

— Дарэчы, якія найбольш рэзанансныя злачынствы былі расследаваны работнікамі раённага аддзела міліцыі ў апошні час?

— Можна ўзгадаць падпал крамы “Капеечка” каля аўтавакзала. Даказана, што гэта зрабіў мясцовы жыхар, які злоўжываў спіртным. Дарэчы, і ў час учынення злачынства ён знаходзіўся ў нецвярозым стане. У выніку супрацьпраўнага дзеяння нанесены толькі матэрыяльны ўрон. Паколькі ў час пажару ў краме нікога не было, ніхто не толькі не загінуў, але і не пацярпеў.

У цяперашні час расследуецца забойства. Абставіны злачынства наступныя. У вёсцы Новае Лядна жылі муж з жонкай і сын жанчыны ад першага шлюба, ужо дарослы. Пад час распіцця спіртнога адбыўся сямейны скандал, які ператварыўся ў бойку. У адпаведны момант малады чалавек схапіў нож і нанёс удар айчыму. Той асеў. Пакуль не ўстаноўлена, чаму ўдзельнікі інцыдэнта адразу не выклікалі хуткую дапамогу. Ракавы ўдар быў нанесены ўвечары, а раніцай мужчыну знайшлі мёртвым. Міліцыю выклікала жанчына. Малады чалавек не хаваўся, не рабіў спробы ўцёкаў і адразу пачаў супрацоўнічаць са следствам.

На вялікі жаль, падобныя выпадкі адбываюцца нярэдка. Вопытныя аператыўнікі і следчыя сцвярджаюць, што пад час сямейных скандалаў, п’яных боек могуць быць нанесены такія раненні і калецтвы, што іншым людзям да такога не дадумацца. Нават цяжка ўявіць, як работнікі аддзела маюць такую вытрымку.

Старшы следчы маёр юстыцыі Дзмітрый Каралевіч — адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння РАСК, пачынаў службу следчым яшчэ ў міліцыі. За выслугу ён удастоены медалёў “За бездакорную службу” III і II ступеняў. Нядаўна Дзмітрыю Канстанцінавічу за высокія дасягненні ў службе быў уручаны каштоўны падарунак ад старшыні Следчага камітэта — наручны гадзіннік.

За высокія дасягненні Падзякай ад старшыні Следчага камітэта адзначана старшы следчы маёр юстыцыі Наталля Смажэўская. На рахунку жанчыны — дзясяткі і сотні расследаваных і накіраваных у суд крымінальных спраў.

У завяршэнні сустрэчы начальнік РАСК Сяргей Булай сказаў:

— Напярэдадні свята ад усёй душы жадаю ўсім сваім супрацоўнікам моцнага задроўя, дабрабыту ў сем’ях і самае галоўнае — каб крымінагеннае становішча было спрыяльным, каб цяжкія злачынствы здараліся рэдка, а яшчэ лепш — каб зусім зніклі з нашых крымінальных зводак.

Васіль МАТЫРКА.

На здымках: калектыў раённага аддзела Следчага камітэта; адна з лепшых супрацоўніц аддзела — старшы следчы Наталля Смажэўская.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.