Мая дачка збіраецца паступаць ва ўніверсітэт

Мая дачка збіраецца паступаць ва ўніверсітэт. Школьныя экзамены здала, а цяпер вось цэнтралізаванае тэставанне наперадзе. Ведаю, ваша газета кожны год пра гэта піша. Будзьце ласкавыя, дайце такую інфармацыю для абітурыентаў і найперш для бацькоў сёлета.
З павагай Вера К.

Рэдакцыя звязалася з абласной камісіяй па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2016 годзе і папрасіла даслаць адпаведную інфармацыю, а зараз публікуем атрыманы ліст.
Распараджэннем старшыні дзяржаўнай камісіі зацверджаны склад Віцебскай абласной камісіі па кантролі з васьмі чалавек. Узначальвае абласную камісію Вадзім Уладзіміравіч Заранкін, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці. У нашай вобласці арганізавана чатыры пункты тэставання на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа.
Рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэставанні праходзіла з 2 мая па 1 чэрвеня. У чатырох пунктах зарэгістравалася 29345 удзельнікаў.
Сёлета тэставанне праводзіцца з 13 па 27 чэрвеня (па беларускай, рускай і замежных (англійскай, нямецкай, іспанскай, французскай, кітайскай) мовах, матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі найноўшага часу, грамадазнаўстве, геаграфіі) у адпаведнасці з графікам. Пачатак па ўсіх прадметах — 11.00. Рэгістрацыя для ўдзелу ў тэставанні ў рэзервовы дзень (пры наяўнасці ўважлівай прычыны няяўкі) — з 28 чэрвеня па 1 ліпеня ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Пункт правядзення цэнтралізаванага тэставання ў рэзервовы дзень (5 ліпеня) — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Для кантролю за цэнтралiзаваным тэставаннем Камітэтам дзяржаўнага кантролю вобласці і Віцебскім аблвыканкамам створаны адпаведныя камісіі па кантролі на месцах. Акрамя задзейнічаных на пастаяннай аснове супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю непасрэдна ў кожнай аўдыторыі пры правядзенні тэставання дадаткова прыцягнута больш за 400 чалавек. Гэта прадстаўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, работнікі ўстаноў адукацыі і прадстаўнікі ГА «БРСМ».
Абласная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2016 годзе заклікана забяспечыць абітурыентам роўныя магчымасці для паступлення ў дзяржаўныя вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі, абарону іх законных правоў і інтарэсаў, своечасова і якасна разглядаць звароты па пытаннях тэставання і прыёму ва ўстановы адукацыі, прымаць прадугледжаныя заканадаўствам меры па выяўленых фактах парушэнняў, а таксама ўносіць прапановы па ўдасканаленні асобных палажэнняў нарматыўна-прававых актаў.
Звароты грамадзян па спрэчных і праблемных пытаннях цэнтралізаванага тэставання прымаюцца па кантактных тэлефонах гарачых ліній у рабочыя дні з 9.00 да 18.00 гадзін: у Камітэце дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці —(0212) 42-61-93, 42-61-82; у Полацкім міжраённым камітэце дзяржаўнага кантролю — (0214) 42-41-46; у Аршанскім міжраённым камітэце дзяржаўнага кантролю — (0216) 21-09-16.
Наш кар.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.