Міліцэйская хроніка

Пакатаўся і пакінуў у хмызняку

У міліцыю з інтэрвалам у два дні звярнуліся дзве жанчыны з вельмі падобнымі заявамі: з пад’ездаў укралі веласіпеды. У першым выпадку аб’ектам зламысніка стаў беларускі “Бусел”, які гаспадыня ацаніла ў 50 рублёў, у другім — імпартны “Кронус”, ацэнены ўжо ў 150 рублёў. Міліцыянеры высветлілі, што да абодвух выпадкаў мае прамое дачыненне вучань сярэдняй школы №3, 2004 года нараджэння. Першы веласіпед ён узяў, пакатаўся на ім, а калі надакучыла, кінуў у кустах.
Другім веласіпедам завалодаў аналагічным чынам. Накатаўшыся, пакінуў яго на вуліцы. Натуральна, што безгаспадарчая тэхніка не засталася без увагі, невядомыя людзі забралі яе, веласіпеды зніклі бясследна. Узбуджана крымінальная справа.

Зноў веласіпеды

Тры гады ровар “Кельт” радаваў сваю гаспадыню, вазіў яе на працу, у краму за пакупкамі. Яна берагла яго, як магла, на ноч не пакідала на вуліцы, пакідала ў пад’ездзе. Аднак знайшоўся злодзей, які ўкраў тэхніку. Урон — 202 рублі.
У другім выпадку крадзеж адбыўся з двара дома. Гаспадар а палове чацвёртай гадзіны дня бачыў свайго “Бусла” ля дома, а ўжо праз гадзіну не знайшоў яго, звярнуўся ў міліцыю. Зламыснік нанёс урон у 120 рублёў. Па абодвух выпадках вядзецца следства.

Залатое кальцо салдата

Салдат праходзіць тэрміновую службу ў Заслонаве. Пры нявысветленых абставінах у яго прапала залатое кальцо коштам у 334 рублі.

Вадзіцель быў п’яны, і машына чужая

Амаль апоўначы на вуліцы Валадарскага супрацоўнікі АДАІ спынілі машыну AUDI. Аказалася, што вадзіцель за рулём быў у стане алкагольнага ап’янення. Потым высветлілася, што і машына яму не належыць.
Далейшае разбіральніцтва паказала наступную карціну. Сустрэліся тры маладыя мужчыны: адзін — вясковец з Пышна, другі — лепяльчанін, а трэці — жыхар Віцебска. Вырашылі адзначыць сустрэчу. Узялі спіртнога, выпівалі ў кватэры лепяльчаніна. Каля 23 гадзін вясковец цішком выцягнуў з кішэні курткі віцябчаніна ключы ад яго машыны і паехаў пакатацца. На шчасце, далёка не ад’ехаў.
Раённым аддзелам следчага камітэта супраць жыхара вёскі Пышна, 1998 года нараджэння, узбуджана крымінальная справа, па якой прадугледжана пакаранне да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Злілі дызпаліва

Уначы невядомы злачынца з ваеннай тэхнікі, якая знаходзіцца на доўгатэрміновым захоўванні, зліў 360 літраў дызельнага паліва. Каштуе яно 779 рублёў 87 капеек. Узбуджана крымінальная справа, з месца злачынства забраны восем каністраў і шланг.

Няўдалая спроба

Мінчанін мае дачны дом у Дрымаўшчыне. Як заўсёды, ён пакінуў на ноч сваю машыну “Пежо-308” ля дома, дзверы не замыкаў. Раніцай выявіў: уначы ў ёй пашураваў нейкі зламыснік і пашкодіў замок запальвання. Відаць, спрабаваў запусціць матор.
Спробу ўгону ўчыніў жыхар вёскі Дрымаўшчына, 1993 года нараджэння. Запусціць матор не змог, таму цішком пакінуў салон “Пежо”.

Бойка з суседам

У РАУС з бальніцы паведамілі, што да іх брыгадай хуткай дапамогі дастаўлены пацыент з колата-рэзанымі ранамі ў стане алкагольнага ап’янення. Мужчыну шпіталізавалі ў рэанімацыю. Раны былі нанесены ў ходзе сваркі суседам, зброяй стаў кухонны нож. Вядзецца следства.

Небяспечны рэцыдыў

Вайсковец, як заўсёды, прыехаў на службу на мапедзе “Ямаха”, пакінуў яго на паркоўцы ля КПП. А потым тэхніка знікла. Аказалася, што мапед узяў “пакатацца” 15-гадовы жыхар Заслонава, навучэнец дзяржпрафліцэя. Да гэтага меў судзімасць за крадзеж, стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Небяспечны рэцыдыў!

Украдзены інструмент

Раніцай лепяльчанка 1955 года нараджэння была ў шоку: ноччу, пакуль яна спала, злодзей вырваў дзвярны прабой, залез у кладоўку і забраў зварачны апарат коштам 300 рублёў.

Злачынны госць

У лепяльчаніна, рабочага ПМК-75, гасцяваў знаёмы. Мужчыны пагутарылі, абмеркавалі свае справы, развіталіся. Пасля гаспадар выявіў, што зніклі сто долараў ЗША. Міліцыянеры затрымалі падазронага, украдзенае вернута. Аказалася, што непрацуючы лепяльчанін 1998 года нараджэння да гэтага меў непрыемнасці з законам, быў ужо судзімы за крадзеж.

Бытавая хімія

Лепяльчанка, індывідуальны прадпрымальнік, свой гараж выкарыстоўвала ў якасці склада, захоўвала там бытавую хімію. Увечары, як заўсёды, замкнула на замок, а раніцай убачыла, што ў яго пранік злодзей, падабраўшы ключ. Вынесена прадметаў бытавой хіміі на 2031 рубель. Узбуджана крымінальная справа.

Алег ГЛУШЧАНКА, першы намеснік начальніка РАУС, падпалкоўнік міліцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.