У палескай глухмені

Па традыцыі чарговы водпуск узяў у пачатку года, каб пабыць на суседняй Украіне. Ехаў не наўздагад. Маршрут загадзя прабіў па інтэрнэце. Так што мэта паездкі і кірунак у мяне былі канкрэтныя.
Раней ездзіў на Украіну пасажырскімі цягнікамі. Апошнім часам кошт праезду на іх падскочыў да некалькіх соцень рублёў. Таму вырашыў праэксперыментаваць дабірацца ў суседнюю краіну, як гаворыцца, на перакладных.
Заехаў за дзень. Але ва ўкраінскае Забалоцце дызель адыходзіў толькі раніцай. Купляю білет і дзіву даюся — усяго тры з паловай тысячы каштуе.


Лічыў бы, што лёгка заехаў ва Украіну, каб на Брэсцкім вакзале працавалі пакоі адпачынку. Аднак яны былі на рамонце. Давялося ноч гараваць у зале чакання. Добра, што хоць буфет працаваў кругласутачна, дык зазіраў у яго дарожны стрэс здымаць.
Раніцай не паспеў азірнуцца, як апынуўся на Валыні. Канчатковая станцыя называецца Забалоцце. Усе пасажыры выстраіліся ў доўгія чэргі да двух мытных пастоў — інакш у гарадскі пасёлак не выйдзеш. У сумку нават не зазірнулі, не спыталі мэту прыезду — проста паставілі штамп у пашпарце.
На выхадзе з мытні валютчыца мяняла беларускія рублі на грыўні. Спытаў курс, і з грудзей міжволі выскачыў уздых горычы. У Лепелі накупляў грыўняў па 1140 рублёў за адну. А забалоцкая валютчыца за грыўню брала 900 беларускіх рублёў.
Пахадзіў па гарадку. Дзіўным здавалася, што ў Брэсце снег ляжаў, а тут, праз некалькі дзясяткаў кіламетраў, яго і ў паміне не было.
На першым дызелі паехаў на вузлавую станцыю Ковель. Па велічыні горад раўняецца нашаму Полацку. У мой маршрут ён уваходзіў, хоць мэтай паездкі не з’яўляўся. Аднак вырашыў там заначаваць ды азнаёміцца з віраваннем жыцця ў суседняй краіне. Начлег у пакоях адпачынку каштаваў 55 грыўняў (62700 рублёў за месца ў двухмесным нумары). Спачатку не хацелі афармляць — ручнікоў няма, а без іх забараняецца. Угаварыў.
У Ковелі, як і ўсюды на Украіне, дзівіўся мноству аптэк. На кожным кроку трапляюцца. Адна насупраць другой, праз вуліцу, размешчаны — нідзе такога не бачыў.
* * *
Раніцай дызелем выехаў у райцэнтр Маневічы — 16 тысяч насельніцтва. Гарадскі пасёлак размясціўся на баравой паляне. З усіх бакоў ад краю праезных частак вуліц пачынаецца светлы ўтульны лес. Кантору Чарэмскага прыроднага запаведніка знайшоў на ўскраіне. Выконваючаму абавязкі дырэктара Віктару Раманюку назваўся беларускім журналістам. Сваё з’яўленне патлумачыў цікавасцю да ўкраінскай прыроды і стану аховы яе, назіранні змяшчаю ў інтэрнэт. Дырэктар зацікавіўся маімі захапленнем і намерам, даў нумар свайго мабільніка, сказаў пасяляцца ў гатэль, а ў восем гадзін раніцы прышле па мяне машыну, бо запаведнік ад Маневічаў знаходзіцца за тры дзясяткі кіламетраў.
Гатэль прыватны. За месца ў двухмесным нумары заплаціў 100 грыўняў (114000 рублёў).
Раніцай патэлефанаваў дырэктар — па мяне едзе белая “Ніва”. Вадзіцель Саша кіруецца ў Чарэмскі запаведнік. Суправаджае мяне навуковы супрацоўнік Ларыса Шаўчук. На хаду распавядае аб прыродаахоўнай установе, хоць я гэта ведаю з інтэрнэта, а хачу ўсё пабачыць на свае вочы.
Толькі цяпер я даведаўся розніцу паміж біясферным запаведнікам і прыродным. Калі ў двух словах, то ў біясферным дазваляецца гаспадарчая дзейнасць, умяшанне чалавека ў жыццё прыроды, нават лесанарыхтоўка. У прыродных запаведніках гэта ўсё забараняецца. Запаведны комплекс павінен жыць сам па сабе. Дрэвы ад старасці падаюць і ляжаць, пакуль не згніюць. На запаведнай тэрыторыі няма населеных пунктаў, ліній электраперадач, дарог з цвёрдым пакрыццём. Толькі ледзь прыкметныя лясныя дарогі крымскім серпанцінам звіваюцца між сосен. Саша — кіроўца-ас. Невядома, якім чынам паспявае ўхіляцца ад сосен, што на кожным кроку кідаюцца на “Ніву”.
Першы супынак ля мемарыялу на месцы партызанскага атрада. Комплекс малых архітэктурных збудаванняў узвялі да стварэння запаведніка. Зямлянкі, студня старанна рэстаўрыруюцца. Камандзіра атрада Грука НКУСаўцы расстралялі ў 1947-м.
Заехалі на тупіковае ўзвышша Дзюна. Далей — бяскрайняе Чарэмскае балота з далёкімі, падобнымі на Дзюну астравамі. На грабяні — 15-метровая аглядная вышка. Ларыса прапанавала мне залезці. Пабаяўся.
Спусціліся да балота. Яно багністае, з вокнамі-пасткамі. Між чэзлымі хваінамі ўдалячынь сцелецца кладка-гэбля з двух-трох хлыстоў. Па ёй леснікі ходзяць да Чарэмскага возера. Знайшоў кол ды падаўся на кладку. Ларыса пачала прасіць вярнуцца, бо магу пакаўзнуцца, і дрыгва назаўсёды праглыне мяне. Ля бервяна ўставіў у мох кол. Ён увайшоў у твань і дна не намацаў. Ларыса пачала з берага казаць, што багна зацягнула ў сябе неймаверную колькасць людзей, кароў, звяроў, машын, нават танкі ляжаць у балотных нетрах.
— Мы экскурсіі сюды не пускаем, бо турысты пачынаюць гойсаць па мяккім моху, не разумеючы небяспеку, — палохае мяне Ларыса. — Вярніцеся!
Ранішні замаразак пацягнуў грэблю коўзкай шэранню, якая так і старалася скінуць з сябе падэшвы. На радасць Ларысе вярнуўся.
Доўга яшчэ ездзілі па запаведніку. Нарэшце спыніліся ля леснічоўкі. Ларыса прапанавала пагрэцца ля вялікага вогнішча. Па тым, як замітусіліся леснікі, зразумеў, што зараз паклічуць нас у леснічоўку. Не памыліўся. За смачным абедам з чаркай і скваркай шмат цікавага пачуў ад леснікоў Івана, двух Сяргееў, Толіка.
На начлег пасяліла мяне Ларыса ў двухмесны нумар інтэрната прафліцэя лясной гаспадаркі за 30 грыўняў (34200 рублёў).
* * *
Раніцай з пошты патэлефанаваў у Ровенскі прыродны запаведнік. Трубку ўзяў сам дырэктар Васіль Бачук. Назваўся так, як і ў Чарэмскім запаведніку. Кіраўнік сказаў, каб патэлефанаваў яму на мабільнік, як прыеду ў Сарны — машыну падасць.
Маневічы — у Валынскай вобласці, Сарны — у Ровенскай. Ва Украіне, мабыць, кожная вобласць мае свой запаведнік. На вакзале набіраю нумар дырэктара. Кажа, што там стаіць аўтобус на Рэпку, у ім едзе намеснік дырэктара па навуцы Палескага філіяла Украінскага навукова-даследчага інстытута лясной гаспадаркі і лесамеліярацыі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Аляксандр Арлоў. Ён ведае, дзе злезці за Сарнамі, а там ужо будзе стаяць машына. За тры кіламетры дарогі паспяваю пасябраваць з навукоўцам.
Знаёмства з запаведнікам дырэктар прапаноўвае пачаць з абеду. Мы не пярэчым. Пасля навуковец ідзе па сваіх справах, а мяне Васіль Бачук здае навуковаму аддзелу. Яго супрацоўнікі распавядаюць пра запаведнік, паказваюць музей прыроды. Вечарам нам арганізоўваюць вячэру і селяць у гатэль пры канторы кожнага ў двухмесны нумар. Бясплатна.
Раніцай Аляксандр ад’язджае ў Жытомір, а мяне мікрааўтобус УАЗ вязе ў Ровенскі запаведнік, які знаходзіцца за 35 кіламетраў ад канторы. Яшчэ вадзіцель Васіль Дэбелы вязе ляснічага Карасінскага лясніцтва Аляксандра Янцэвіча, старшага майстра лесу Аляксандра Ворана, вядучага інжынера лесу Ігара Бачука, навуковага супрацоўніка Міхайла Франчука. Спачатку думаў, што ў кожнага з іх свае справы, але потым зразумеў, што гэта мой эскорт.
— Навошта вас столькі? — пытаю. — Хапіла б вадзіцеля і аднаго лесніка.
— Усялякае можа здарыцца, — загадкава адказвае Аляксандр Янцэвіч. — Двое могуць вас не ўратаваць. А вы ж іншаземец!
Па дарозе прыкоўвае ўвагу быццам месяцавы краявід — кратэры ў белым пяску. Тлумачаць, што тут знаходзіцца буйнейшае ў Еўропе радовішча бурштыну. Здабываюць яго браканьеры. Афіцыйна гэта не дазваляецца, але ў належнай меры і не забараняецца. Дзяржаўнае прадпрыемства “Керамін” ад здабычы каштоўнай скамянелай смалы адмовілася. Пытаюць у мяне, ці хачу я мінерал на памяць? Вядома хачу! Машына спыняецца. Выходзім. Браканьеры кідаюцца наўцёкі. З кратэраў застаюцца тырчаць металічныя трубы з падведзенымі шлангамі, па іх помпы падаюць ваду, яна на дзесяціметровай глыбіні размывае пясчаны грунт, суспензія і выносіць на паверхню кавалкі бурштыну.
— Стойце! — крычыць Аляксандр Воран. — Арыштоўваць вас не будзем. Дайце кавалак бурштыну беларусу.
Адзін браканьер нясмела падыходзіць і працягвае мне бурштын памерам з канчатковую фалангу ўказальнага пальца. Дзякую.
У запаведніку захаваліся рэшткі польскіх збудаванняў — шырокія каналы з дамбамі, насып з-пад вузкакалейкі, падарваны дот. Каля апошняга спыняемся. З таўшчэзных бетонных глыбаў тырчыць сталёвая арматура. Яе браканьеры адпілоўваюць на каванне нажоў. Сталь неймавернай цвердзі. Паспрабаваў. Прут з аловак таўшчынёй сагнуць не здолеў.
Пад’ехалі да Сомава возера. Насупраць леснічоўкі на некалькі дзясяткаў метраў ад берага цягнецца аглядны пірс. Думалі мяне па вадаёме павазіць на лодцы, а яна ў лёд умерзла. З пірса калом прабіваю ледзяны панцыр. Глыбіня з метр. Дно пясчанае. Плаваюць нейкія вадзяныя жучкі. У бінокль аглядаю супрацьлеглы бераг — нізкі, забалочаны, над лёдам калышацца чарот.
Едзем далей. Аляксандр Воран распавядае пра таямнічае месца, у якое не ідуць яго ганчакі. Ён іх і заганяе, і сам заходзіць ды кліча. Сабакі ж бегаюць вакол нябачнай рысы, а пераступіць баяцца. І браканьеры распавядалі пра такія ж паводзіны іх сабак на тым месцы. А самі там нічога таямнічага не знаходзяць.
Прашу адвезці мяне туды. Нехаця пагаджаюцца. Але за рысу аднаго адпускаць не хочуць. Ідзём разам. Нечакана перад самым нашым носам падае сухая сасна. Сядаем на яе адпачыць. Пахмурнае неба і гул ветру ў вершалінах дрэў наганяюць незразумелую таямнічую боязь. Толькі робім некалькі крокаў далей, як глуха падае на зямлю другая аджыўшая сваё хваіна. Містыка!
— Гэта не містыка, — кажа Аляксандр Янцэвіч. — Хтосьці не хоча пускаць нас у свае нетры. Пайшлі назад.
Пад’ехалі да балота. Яно тут не такое страшнае, як Чарэмскае. Дрыгвы няма. Людзі не топяцца. Можна ў рыбацкіх ботах на любы з астравоў спакойна зайсці. Знайшлі запоўненую журавінамі лагчыну, але пакаштаваць іх не ўдалося — пад мохам вада, не далезці.
Вярнуліся да Сомава возера. У леснічоўцы нас чакала застолле — прыгатавалі яшчэ два майстры лесу. Самаробны каньяк на 30 травах Аляксандра Ворана і ўкраінскія хатнія далікатэсы дадалі настрою.
Прыехалі ў Сарны, а там снег выпаў. Мяне адвезлі на вакзал. Да аўтобуса на Зарэчнае заставалася хвілінаў з сорак. Аляксандр Янцэвіч і Ігар Бачук павялі мяне ў кафэ. Потым у аўтобус пасадзілі. Сяброўская прыязнасць ці прафесійная пільнасць?
* * *
Прасіў мяне няштатны карэспандэнт “Лепельскага краю” Васіль Азаронак завітаць у вёску Наварэчыца Зарэчненскага раёна ды пашукаць сляды сястры яго бабулі, якая туды ўцякла ад савецкай улады з маёнтка Бачэйкава пана Цеханавецкага. Аб ёй Васіль пісаў у артыкуле “Сляды продкаў”, змешчаным у газеце за 14 снежня 2010 года. Аднак аўтобус з Зарэчнага ў Наварэчыцу хадзіў толькі позна ўвечары. Трэба было заставацца там начаваць, а ў вёсках гасцініц не бывае. Так што пераначаваў я ў двухмесным нумары зарэчненскага гатэля ды падаўся ў райцэнтр Дубровіцу. Там пасяліўся ў падобным гатэлі. Назаўтра выехаў да станцыі Гарынь, адтуль — да Лунінца. На суткі завітаў пагасцяваць у вёску Цна Лунінецкага раёна. Апошнюю ноч правёў у цягніку Брэст — Віцебск.
Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.