Дела охотничьи

timthumb — Нядаўна прайшла інфармацыя, што спыніла сваю дзейнасць лесапаляўнічая гаспадарка “Заранка”. А што цяпер будзе з арандаванымі ёю ляснымі ўгоддзямі? Хто надалей будзе клапаціцца пра тое, каб у лясах была жыўнасць, каб ішло аднаўленне запасаў жывёлы? Мне асабіста бачыцца, што было б правільна стварыць у раёне суполку Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР). На рахунку гэтай установы вельмі шмат добрых спраў. У прыватнасці, на слуху ў лепяльчан мерапрыемствы па зарыбленні нашых азёр, якія ажыццяўляюцца то Чашніцкай, то Ушацкай арганізацыямі. А дзе ж Лепельская. Ці магчыма стварыць у Лепельскім раёне суполку БТПР і перадаць ёй былыя ўгоддзі “Заранкі”?
З пытаннем аб парадку прадастаўлення лесапаляўнічых угоддзяў карэспандэнт звярнуўся да спецыяліста ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Веры Мацюш.
— Землі, угоддзі могуць быць прадастаўлены толькі юрыдычнай асобе: прадпрыемству або грамадскай арганізацыі, якія зарэгістраваны адпаведным чынам, маюць статут, пячатку, юрыдычны адрас. Ці вядзецца рэгістрацыя мясцовай суполкі БТПР, не ведаю, гэта справа саміх паляўнічых. Далей працэдура наступная.
Лесапаляўнічыя ўгоддзі выдзяляюцца толькі на ўмовах конкурсу або аўкцыёну. Прадметам таргоў становіцца арэндная плата, якую арганізацыя абавязваецца ўносіць штогадова. Напрыклад, “Заранка” апошнім часам уносіла па 90 мільёнаў рублёў на год. Сума арэнднай платы не фіксаваная, кожны год яна будзе індэксавацца.
Таргі праводзяцца аблвыканкамам, куды прэтэндэнтам трэба будзе звяртацца з пакетам дакументаў. Туды ў абавязковым парадку ўваходзяць копіі статутных дакументаў арганізацыі, а таксама заява аб прадастаўленні ўгоддзяў і біёлага-эканамічнае абгрунтаванне (БЭА). Апошні па сутнасці з’яўляецца бізнэс-планам па рацыянальным выкарыстанні прыродных багаццяў.
Пасля гэтага вывучаюцца прапановы прэтэндэнтаў і праводзяцца таргі або конкурс. Угоддзі прадастаўляюцца па іх выніках. Пасля гэтага з пераможцам заключаецца дагавор арэдны, і ён можа працаваць.
— Хтосьці, магчыма, мясцовая суполка БТПР, падаваў дакументы ў аблвыканкам?
— Наколькі мне вядома, на сёння ў аблвыканкам паступіў пакет дакументаў з заявай ад лесапаляўнічай арганізацыі “ЛябурХантФіш”. Пра лепельскіх паляўнічых і рыбаловаў інфармацыі пакуль што няма.
Па інфармацыю аб стварэнні мясцовай суполкі БТПР карэспандэнт звярнуўся да паляўнічага з больш як 20-гадовым стажам Валерыя Буевіча:
— Нядаўна паляўнічыя Лепельшчыны прыйшлі да цвёрдага пераканання, што ў раёне абавязкова патрэбна стварыць мясцовае аб’яднанне Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Напачатку мы правялі сход, на якім прысутнічалі больш за 200 чалавек. Прыйшлі б і ўдвая больш, але мы не паспелі ўсіх апавясціць. На сходзе мы прынялі рашэнне аб стварэнні мясцовай арганізацыі БТПР. Зараз заняліся афармленнем дакументаў. Акрамя гэтага, звярнуліся ў цэнтральны рэспубліканскі савет Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў за садзеяннем. Там нам абяцаюць дапамагчы найперш з правільным афармленнем дакументаў. Што атрымаецца – пакажа час.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.